ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Максім Каваленка, Валянціна Бараноўская, Дар’я Саковіч, Даніла Бянькоўскі і Софія Літвін.
Зямны шлях закончыўся для 19-ці жыхароў раёна.
У пажарнай часці тыдзень прайшоў без надзвычайных здарэнняў.
Міліцыяй зарэгістравана 151 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 15 крымінальных спраў, у 11-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. Грамадзянін, які не намерваўся выконваць свае абавязацельствы згодна з заключаным з ПГУП «Триотив» дагаворам набыцця тавару ў крэдыт, завалодаў газавым катлом «Феролі». З 22 па 30 красавіка на тэрыторыі раёна праводзяцца мерапрыемствы ў рамках прафілактычнай акцыі «Дом без насілля». Не заставайцеся абыякавымі да праблемы, ад якой могуць цярпець дзеці, жанчыны, састарэлыя (тэлефон гарачай лініі РАУС – 5-01-67, 5-19-15; агульнанацыянальнай – 8-801-100-8-801, з 08.00 да 20.00).
Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах да юрыдычнай асобы – аднаго з прадпрыемстваў горада, а таксама дзвюх службовых асоб – за транспарціроўку драўніны без суправаджальных дакументаў. Прадпрыемству пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь, службовым асобам – да 30 «базавых» кожнаму.
Пракуратурай раёна вывучаны звароты грамадзян і юрыдычных асоб у аддзелы ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Выяўлены факты іх неналежнага разгляду, нясвоечасовага паведамлення заяўніку аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці або накіравання для разгляду ў іншыя органы і т. п. Кіраўніцтву райвыканкама ўнесена прадстаўленне.
Раённым аддзелам Следчага камітэта распачата вытворчасць па факце суіцыду жыхара Скамарошак. У раёне з пачатку года гэта ўжо чацвёрты падобны выпадак: усе загінуўшыя – мужчыны, у тым ліку і пенсіённага ўзросту. Адзін з іх, які пакутаваў ад цяжкай хваробы, звёў рахункі з жыццём у грамадскім месцы – непадалёку ад прыпынку чыгуначнага транспарту.
ДАІ выявіла 249 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра нецвярозых вадзіцеляў і 16 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 34 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана дзевяць ДТЗ. На шчасце, абышлося без пацярпелых. З 15 па 29 красавіка ДАІ праводзіць прафілактычную акцыю «Мотарух – без парушэнняў!»
«Хуткая» выязджала да хворых 221 раз.
ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ