Перамога Вікторыі

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Жыць у вёсцы, дыхаць свежым паветрам, вучыцца ў гімназіі… Гэта не проста словы. Гэта рэальная жыццёвая сітуацыя. Вучаніца 11 класа гімназіі № 1 горада Стоўбцы Вікторыя Паўлюць – пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.  І не толькі таму, што жыве ў вёсцы Мархачоўшчына ў беларускамоўным асяроддзі, а яшчэ і таму, што яе бацькі своечасова заўважылі імкненне дачушкі да ведаў, здольнасці да вучобы, настаўнікі развілі іх, надалі ўпэўненасці ў сваіх сілах.  Калі яе, шасцігадовую дзяўчынку, бацька Раман Іванавіч Паўлюць прывёз у гімназію, то яна ўжо чытала, спрабавала пісаць. Бацьку стараліся пераканаць у тым, што далёка дзіцяці будзе дабірацца да месца вучобы, дзяўчынка будзе стамляцца. Але ён быў упэўнены, што Віка справіцца. «Я кожны дзень на работу езджу і яе буду вазіць. Мы бачым, што яна хоча вучыцца», – запэўніў ён.  Так Віка стала навучэнкай пачатковых класаў гімназіі, а потым з поспехам здала экзамены ў пяты клас нашай установы адукацыі.

Падтрымка дружнай сям’і, клопаты маці Тэрэзы Мечыславаўны не заставаліся па-за ўвагай дзяўчынкі. У трэцім класе Віка пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Лідзіі Леанідаўны Яўсейчык упершыню выступіла з даследчай работай «Традыцыі беларусаў у маёй сям’і».  Годам пазней на раённым конкурсе «Я – даследчык» яна прадставіла цікавы матэрыял, у якім даследавала сямейную фінансавую сітуацыю і прапанавала варыянты вырашэння праблемы недахопу грошай у нашых сем’ях на прыкладзе сваёй сям’і. Работа вучаніцы была адзначана дыпломам першай ступені. У шостым класе Віка зацікавілася гідранімікай Стаўбцоўшчыны.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Яніны Іванаўны Дрозд Вікторыя пачала вывучаць родную мову на паглыбленым узроўні. У 2014 і 2015 гадах яна прывозіла з рэспубліканскіх алімпіяд па гэтым прадмеце дыпломы трэцяй ступені. І вось нарэшце – перамога! Нездарма яна – Вікторыя! Цяпер ВНУ захочуць мець яе ў ліку сваіх студэнтаў.

Не толькі Віка Паўлюць, але і іншыя таленавітыя дзеці з прылеглых вёсак вучацца ў гімназіі. Тут ёсць умовы для развіцця іх талентаў. Так што не губляйце часу, паступайце вучыцца ў гімназію. І вас напаткае ваша «вікторыя».

Людміла НАЗАРАНКА, рэдактар гімназічнага часопіса «Паруса»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *