Прафілактыцы правапарушэнняў – увага і індывідуальны падыход

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

На пасяджэнні райвыканкама разгледжана жыццёва важнае пытанне для ўсіх грамадзян – «Аб выкананні мерапрыемстваў Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне за 2015 год». Асноўным дакладчыкам па гэтым пытанні быў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Іван Мамайка.

Іван Андрэевіч адзначыў, што за 2015 год аддзелам унутраных спраў райвыканкама сумесна з іншымі структурамі рэалізаваны значны аб’ём арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў, прадугледжаных Комплекснай праграмай па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне на 2015 год, накіраваных на павышэнне абароны грамадзян і грамадства ад злачынных замахаў, замацаванне правапарадку і стабільнасці ў раёне.

За 2015 год у райаддзел унутраных спраў райвыканкама звярнуліся 6813 грамадзян, з іх 918 – з паведамленнямі аб злачынствах. За гэты перыяд павялічылася колькасць злачынстваў як па ўсіх лініях службаў, так і па лініі крымінальнага вышуку. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва павялічыўся на 28,1 і склаў 144,5 злачынства. Рост колькасці злачынстваў адбыўся за кошт росту злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку (на 87 злачынстваў), па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі (на чатыры злачынствы), у сферы высокіх тэхналогій (+11), па лініі іншых службаў (+18).

У студзені–снежні 2015 года ўзрасла колькасць крадзяжоў маёмасці ўсіх формаў уласнасці, у тым ліку ў грамадзян. На тэрыторыі раёна больш за тысячу домаўладанняў куплена жыхарамі горада Мінска і фактычна выкарыстоўваюцца як дачы ў вясенне-летні перыяд.

А некаторыя сацыяльна-эканамічныя фактары, прыбыццё з месцаў пазбаўлення волі грамадзян, якія не сталі на шлях выпраўлення, а таксама недастатковыя аператыўна-пошукавыя і прафілактычныя мерапрыемствы садзейнічалі росту злачыннасці. Усяго зарэгістравана 13 крадзяжоў маёмасці дзяржаўнай, камерцыйнай формаў уласнасці (устаноўлены падазроныя – пяць, ці 38,5%): два факты крадзяжу металаадходаў медзі і латуні (філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы), дызельнага паліва (ТАА «Орвест»), крадзеж камп’ютара і пяці медалёў «За працоўную доблесць» (ДУА «Рочавіцкая СШ»), бензапілы «Шціль» (Кульское лясніцтва). Асноўнымі прычынамі і ўмовамі, якія садзейнічалі крадзяжам, трэба лічыць п’янства сярод насельніцтва, незанятасць грамадска карыснай працай і адсюль пошук сродкаў для пакупкі спіртнога ці абмену на яго, абыякавыя адносіны да сваёй маёмасці і т. п. Павялічылася і колькасць крадзяжоў транспартных сродкаў (з шасці да дванаццаці ў 2015 г.), адбыўся рост крымінальна-каральных хуліганстваў. Большасць злачынстваў у грамадскіх месцах адбываецца ў г. Стоўбцы, вызначыўся і найбольш крымінальны раён – гэта дваровыя тэрыторыі шматпавярховага сектара вуліц Цэнтральнай, Свярдлова, Міру, Сацыялістычнай, Энгельса, Ленінскай. Нягледзячы на адзначаныя негатыўныя тэндэнцыі, аддзелам унутраных спраў устаноўлены падазроныя ў здзяйсненні (61,2%) зарэгістраваных злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку.

За 2015 год па лініі аддзела па барацьбе з крымінальнымі злачынствамі распачата 31 крымінальная справа, па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі – 28 спраў, па лініі ДАІ распачаты справы адносна 11 202 правапарушэнняў. За мінулы год супрацоўнікамі РАУС праведзена 119 рэйдавых мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне асоб, якія вырабляюць і рэалізуюць алкагольныя напоі.

З мэтай прафілактыкі п’янства і алкагалізму сярод насельніцтва ў справаздачным перыядзе на ўлік да ўрача-нарколага пастаўлена 101 асоба, што злоўжывае спіртным. Усяго на дыспансерным уліку ў наркалагічным кабінеце УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» стаяць 690 чалавек, на лячэнне ва ўмовах ЛПП накіраваны 53 асобы. Супрацоўнікамі РАУС выяўлены 2916 адміністрацыйных правапарушэнняў, прыцягнуты да адказнасці 1191 чалавек за ўжыванне алкагольных і слабаалкагольных напіткаў у грамадскім месцы, з іх на рабочым месцы – 90, за дробнае хуліганства – 328. Непакоіць сітуацыя з ужываннем алкаголю ў ААТ «Агранёманскі» (13 чалавек), СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Рочавічы», ААТ «Вішнявецкі-агра» (па 7 чалавек).

У 2015 годзе аддзелам унутраных спраў ва ўзаемадзеянні з пракуратурай раёна, структурнымі падраздзяленнямі райвыканкама і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і ведамствамі праведзены значны аб’ём работы па выкананні Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у раёне на 2015 год. Вынікі прааналізаваны. Разам з тым, яшчэ патрэбна значна ўзмацніць работу добраахвотных дружын, вартавой аховы, устанавіць «трывожную» сігналізацыю ў некаторых установах раёна, пракласці пешаходныя дарожкі па вуліцы 17 Верасня, А. Кашавога, Сянкевіча ў Стоўбцах, абсталяваць святлафорамі перакрыжаванні вуліц Цэнтральная – Ленінская і Ленінская – Свярдлова ў горадзе Стоўбцы, абсталяваць сістэмамі відэаназірання шэраг аб’ектаў раёна і горада.

У цэлым работа праваахоўных органаў раёна, структурных падраздзяленняў райвыканкама і раённых арганізацый дазволіла забяспечыць стабільнасць, парадак і бяспеку грамадзян у рэгіёне.

Пракурор Стаўбцоўскага раёна Сяргей Грыцук прадоўжыў пачатую размову па прафілактыцы правапарушэнняў. Сяргей Валер’евіч прапанаваў дэталёва разгледзець прычыны невыканання мерапрыемстваў, прадугледжаных Комплексным планам, і даць прынцыповую ацэнку дзеянням адказных за тое ці іншае мерапрыемства, а таксама засяродзіў увагу ўсіх суб’ектаў прафілактыкі на пытаннях індывідуальнай работы як з грамадзянамі, так і з юрыдычнымі асобамі.

Раённы выканаўчы камітэт зацвердзіў даручэнні для арганізацый, устаноў раёна па прафілактыцы правапарушэнняў у рэгіёне.

Падрыхтавала Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *