Залог будучага – здаровая моладзь

Адукацыя Нумары

У мінулую суботу ўсе раёны Мінскай вобласці сталі ўдзельнікамі ІХ абласнога бацькоўскага сходу, які прайшоў па тэме «Здаровая сям’я – аснова грамадства і дзяржавы».

Раённы сход у нашым раёне меў мэтай прадэманстраваць, як у важнай справе выхавання здаровага маладога пакалення ўзаемадзейнічаюць сям’я, школа і грамадскасць. Сход прайшоў з удзелам свяшчэннаслужыцеляў, грамадскіх арганізацый, як «Белая Русь», супрацоўнікаў цэнтральнай раённай бальніцы,  РАУС, аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Белтэлекама, устаноў пазашкольнай адукацыі і іншых структур.

Адметнасцю сёлетняга раённага бацькоўскага сходу стала форма яго правядзення. Адначасова ва ўстановах адукацыі распачалі работу дзевяць інтэрактыўных тэматычных пляцовак. Яны працавалі ў СШ № 2 (дзве), СШ № 3, гімназіі № 1, Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, аздараўленчым лагеры «Нёман», дашкольным Цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга», фізкультурна-аздараўленчым комплексе, Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Работа кожнай тэматычнай пляцоўкі ўяўляла сабою цэласную праграму, якая паўнацэнна і шырока раскрыла дзейнасць школ па зададзенай тэме і ў поўнай меры садзейнічала папулярызацыі здаровай сям’і. Актыўнымі ўдзельнікамі сходу сталі лепшыя сем’і, якія дзяліліся вопытам выхавання дзяцей, сваімі традыцыямі, выказвалі ўласныя падыходы да сямейнага выхавання. Была шырока прадстаўлена сумесная творчасць дзяцей і бацькоў, на ўсіх пляцоўках працавалі мастацкія выставы. На кожнай з тэматычных пляцовак было што паглядзець, аб чым расказаць і чаму павучыцца. Аўтар гэтых радкоў наведала тэматычную пляцоўку дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга». Дашкольная ўстанова сустракала ўдзельнікаў бацькоўскага сходу прыгожымі выставамі работ сумеснай мастацкай творчасці дзяцей і бацькоў у розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выставай літаратуры па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Старшая медыцынская сястра Таццяна Калішук запрасіла бацькоў прадэгуставаць вітамінныя напіткі на травах і ягадах. Педагагічным калектывам пад кіраўніцтвам загадчыцы дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці Людмілы Логвін быў падрыхтаваны відэафільм «Шчаслівая сям’я».

Тэма пляцоўкі – «Традыцыі сям’і – фактар фарміравання здароўя дзіцяці» – была поўна і ярка раскрыта ў прэзентацыі вопыту сямейнага выхавання. Сем’і Юліі і Дзмітрыя Кудрэвічаў, якія прадстаўлялі дашкольны Цэнтр развіцця дзіцяці «Радуга»,  Наталлі і Ігара Неміраўцоў (дзіцячыя яслі-сад № 4), Максіма і Вольгі Чэмкаў (дзіцячыя яслі-сад № 7), праходзячы этапы конкурсу, сумелі ўлюбіць ў сябе ўдзельнікаў бацькоўскага сходу. Трывалую сувязь пакаленняў, якая так неабходна для выхавання здаровага малодшага пакалення, яны прадэманстравалі ў створаных генеалагічных дрэвах, у  сямейным гербе і ў сваім поглядзе на справу сямейнага выхавання. Ярка праследжвалася ў кожнай з гэтых сем’яў, што галоўнай школай выхавання з’яўляюццца ўзаемаадносіны мамы і таты. У кожнай сям’і – свая адметная гісторыя, свае традыцыі, каштоўнасці, захапленні. Калі знаёмішся з такімі прыгожымі моцнымі маладымі сем’ямі, з’яўляецца ўпэўненасць у нашым заўтрашнім дні: клапоцячыся аб правільным выхаванні сваіх дзяцей, яны ўкладваюць сваю лепту ў будучае краіны.

Пасля работы тэматычных пляцовак удзельнікі раённага бацькоўскага сходу сабраліся ў актавай зале СШ № 3 для падвядзення вынікаў работы. Удзельнікаў сходу сустракала выставачная пляцоўка з продажам прадуктаў «Здаровае харчаванне» філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната, літаратурная панарама дзіцячай раённай бібліятэкі, выстава тэхнікі і спецсродкаў аддзела па надзвычайных сітуацыях. Выставы падрыхтавалі таксама Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Дераўнянская СШ, Залужскі ВПК д/с–СШ. Куток медыцынскага работніка з магчымасцю змераць ціск, рост, вагу, праверыць зрок ажыццявіла цэнтральная раённая бальніца. Аталезскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа прадставіў выступленне агітбрыгады.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і трурызму райвыканкама Людміла Стонька агучыла задачы сёлетняга раённага сходу, з удзячнасцю адзначыла актыўнасць, цікавыя формы работы педагогаў, вучняў і бацькоў. У рабоце сходу прынялі ўдзел і выступілі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Юрый Ларычэў і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Цікава было паслухаць уражанні бацькоў, якія падзяліліся з прысутнымі сваімі думкамі пасля ўдзелу ў рабоце тэматычных пляцовак. Канцэртнымі нумарамі парадавалі прысутных вучаніца Шашкоўскай СШ Вікторыя Прыбытка, вучаніца СШ № 2 Руслана Харута і ансамбль танца «Светлячок», вучаніца Старасвержанскай СШ Надзея Рыцько.

Прыемным момантам бацькоўскага сходу было ўручэнне падзячных пісьмаў сем’ям за поспехі ў выхаванні дзяцей. Такую ўзнагароду Мінскага аблвыканкама атрымалі Аляксандр і Таццяна Дразды, Раман і Тэрэза Паўлюці, Валерый і Святлана Шышло, Аляксандр і Наталля Губанавы, Іван і Людміла Рамейкі, Мікалай і Ларыса Камёнкі, Дзмітрый і Наталля Лапко, Андрэй і Вольга Арлоўскія. Падзячнымі пісьмамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ўзнагароджаны Канстанцін і Жанна Санкевічы, Сяргей і Таццяна Мураўевы, Міхаіл і Таццяна Сасноўскія, Дзмітрый і Юлія Кудрэвічы, Іван і Святлана Рылко, Сяргей і Галіна Аўлахавы, Дзяніс і Наталля Лапко. Узнагарода, якая мае вялікую вагу, – самае лепшае, што бацькі могуць даць сваім дзецям, – гэта добрае выхаванне.

Сход завяршыўся прыняццем зводу правілаў здаровай сям’і, які ўвабраў у сябе аспекты здароўя маладога пакалення праз прызму іх выхавання ў сям’і і школе.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: выставу мастацкіх работ разглядваюць загадчыца дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга» Людміла Логвін (справа) і сям’я Кудрэвічаў; начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька (справа) уручае падзячнае пісьмо сям’і Сяргея і Таццяны Мураўевых.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *