З вопыту

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

ВАЙСКОВЕЦ У СЯМ’І – ГАНАРОВА

Па ініцыятыве метадычнай службы раённага Цэнтра культуры на базе Дзераўнянскага цэнтра культуры прайшоў семінар на тэму «Аматарскія аб’яднанні і іх уплыў на патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў».

На пасяджэнне былі запрошаны начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік, намеснік ваеннага камісара Аляксандр Кахновіч, старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая. На пасяджэнні прысутнічалі настаўнікі і навучэнцы Дзераўнянскай сярэдняй школы, работнікі ўстаноў культуры Стаўбцоўскага раёна.

Дырэктар Дзераўнянскага цэнтра культуры Галіна Янкоўская пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з вядзеннем дакументацыі і розных відаў справаздачы па клубных фарміраваннях. Затым усе былі запрошаны на адкрытае пасяджэнне клуба «Памяць сэрца». Тэма яго – «Дом, у якім чакаюць салдата». Клуб «Памяць сэрца» ў Дзераўнянскім цэнтры культуры быў створаны ў 1986 годзе.

Падлеткі знаёмяцца з гераічным мінулым землякоў, вывучаюць гісторыю вёскі, маральна рыхтуюцца да службы ва Уброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Разам з работнікамі культуры і настаўнікамі падлеткі сустракаліся з усімі ўдзельнікам вайны, якія пражывалі на тэрыторыі Дзераўнянскага сельсавета, былога Хатаўскога. Дзеці запісвалі ўспаміны – баявы шлях кожнага, збіралі звесткі аб падзеях, якія заслугоўваюць увагі. Члены клуба пастаянна вядуць перапіску з воінскімі часцямі, дзе служаць іх маладыя землякі.

Да мерапрыемства была прымеркавана кніжная выстава «Подзвіг. Героіка. Час», якую прадставіла бібліятэкар Дзераўнянскай сельскай бібліятэкі Вольга Францкевіч. Членамі клуба падрыхтаваны цікавы інфармацыйны матэрыял «Служаць Рэспубліцы Беларусь», «Як табе служыцца, з кім табе дружыцца». У госці былі запрошаны бацькі юнакоў, якія зараз стаяць на варце Узброеных сіл нашай Рэспублікі, сцерагуць мірныя рубяжы Айчыны.

Апладысментамі зала вітала Наталлю Дзямянка, Нэлі і Віктара Шушкевічаў, Софію Чэмка, Алу і Юрыя Гальцоў.

Са словамі шчырай падзякі мы звяртаемся да бацькоў. У Наталлі Міхайлаўны Дзямянка сын служыць у гранатамётным узводзе вайсковай часці г. Віцебска. Сын у яе добры, паслухмяны, працалюбівы. Свой ліст нам даслала камандаванне часці, дзе адзначаецца граматнасць, дысцыплінаванасць, адказнасць ваеннаслужачага. А нядаўна Аляксандр атрымаў кароткачасовы водпуск і наведаў сваю маці. Наталлі Міхайлаўне адрасуюцца словы падзякі за выхаванне сына і ў падарунак гучыць песня «Маміна сэрца» ў выкананні Таццяны Касцюкевіч і Кацярыны Карыцкай. Свой цудоўны настрой падарыў гледачам Лёша Чорны, які навучаецца ў першым класе  сярэдняй школы. Ён выканаў песню «Ідзе салдат па горадзе».

Далей размова ідзе пра сям’ю Шушкевічаў. Галоўнае іх багацце – дзеці. Старэйшы сын Аляксандр цяпер служыць у арміі. У водгуку аб Аляксандры, які атрымалі члены нашага клуба «Памяць сэрца» ад камандавання часці, адзначаецца, што юнак  з’яўляецца прыкладам выканання воінскага абавязку. Словы падзякі адрасуюцца бацькам Віктару Бярнардавічу, Нэлі Эдуардаўне і бабулі Софіі Аляксандраўне за выхаванне дастойнага сына і ўнука.

Сям’я Гальцоў: гаспадар – Юрый Станіслававіч і яго жонка Ала Міхайлаўна.

Асабістым прыстойным жыццём, уласным прыкладам яны маюць такую мірную, працавітую і ўдалую сям’ю. А выхавалі яны трох сыноў. Сярэдні сын Андрэй з’яўляецца членам клуба і бярэ прыклад са старэйшага брата Артура, які служыць у Арміі на пагранічнай заставе. Бацькі бачыць у дзецях трывалую апору. І водгук, які прыйшоў ад камандавання часці, дзе служыць іх сын Артур, сведчыць аб добрым выхаванні. Камандаванне часці заахвоціла яго водпускам. Апладысментамі зала сустракала вайскоўца-земляка. Вельмі цікава і змястоўна Артур расказваў пра сваю службу, адказваў на пытанні дапрызыўнікоў. Даў наказ будучым абаронцам – рыхтаваць сябе да службы фізічна і абавязкова добра вучыцца.

На ўспамін аб сустрэчы мы падарылі бацькам вайскоўцаў жывыя кветкі бальзаміны (агеньчык). Ад імя бацькоў Софія Чэмка дзякавала членам клуба і работнікам Цэнтра культуры за іх працу па патрыятычным выхаванні падлеткаў.

На сцэну падымаюцца члены клуба – будучыя абаронцы Аляксандр Чорны, Дзяніс Шаламоўскі, Андрэй Галец. Юнакі выканалі песні «Чакай мяне» і «Мы з табой абаронцы». Са словам-наказам да дапрызыўнікоў звярнуўся намеснік ваеннага камісара А. І. Кахновіч.

У госці мы запрасілі камандзіра аддзялення Стаўбцоўскага РАНС Аляксея Росліка, які нядаўна таксама выконваў свой воінскі абавязак. Аляксей з гонарам успамінаў службу ў арміі, заклікаў юнакоў з усёй адказнасцю адносіцца да сваіх абавязкаў.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя мелі магчымасць паспытаць салдацкай кашы.

Затым удзельнікаў семінара гасцінна прыняў клуб «Выток». Была прадстаўлена выстава прадметаў старадаўняга народнага побыту «Вандроўка ў мінулае».  Цікавасць выклікала абрадавая праграма «Светлае свята – Вялікдзень». У праграме было частаванне велікоднымі стравамі, гульні «Біткі», «Качанне яек», абрад «Валачобнікі».

Пасля адбылася сустрэча за круглым сталом. Адкрыла яе начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік. Яна падвяла вынікі работы семінара і дала станоўчую адзнаку рабоце Дзераўнянскага цэнтра культуры ў накірунку патрыятычнага выхавання падлеткаў. А. В. Суднік засяродзіла ўвагу клубных работнікаў на асноўных напрамках патрыятычнага выхавання, указала на асноўныя метады і формы работы.

Дырэктар установы культуры Галіна Янкоўская выказала ўдзячнасць метадычнай службе раёна за дапамогу ў падрыхтоўцы праведзеных мерапрыемстваў.

Галіна КАРАЗЕЙ,мастацкі кіраўнік Дзераўнянскага цэнтра культуры, кіраўнік клуба «Памяць сэрца»

 

МАЛАДОСЦЬ. ЗДАРОЎЕ. БУДУЧАЕ

На базе раённага Цэнтра культуры прайшла раённая акцыя – «Маладосць. Здароўе. Будучае», прысвечаная пытанням прафілактыкі безнагляднасці, правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, а таксама фарміравання ў іх здаровага ладу жыцця, прыцягнення да заняткаў фізічнай культурай і спортам.

У рамках гэтага мерапрыемства перад вучнямі восьмых і дзясятых класаў гарадскіх школ выступілі супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Іх інфармацыю дапоўнілі ўдзельнікі калектыву мастацкай самадзейнасці, салісты народнай эстраднай студыі «Арыенцір», а таксама прадстаўнікі клуба змешаных адзінаборстваў. Школьнікам была паказана здаровая альтэрнатыва – тое, што можа прыносіць сапраўдную радасць, даваць стымул жыць і развівацца. У прадэманстраваных відэафільмах і роліках падкрэслівалася значнасць для кожнага з нас свядомай адмовы ад шкодных звычак, здаровага ладу жыцця.      

У падрыхтоўцы акцыі ўзялі ўдзел аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх, райаддзел міліцыі. Правядзенне сумесных акцый – з прыцягненнем рэсурсаў і магчымасцяў розных службаў – становіцца на Стаўбцоўшчыне добрай традыцыяй і дае плён. Акцыі па гэтай злабадзённай тэме будуць працягвацца.       

Паліна КАМЯК,метадыст ДУ «Стаўбцоўскі раённы Цэнтр культуры»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *