Стаўбцоўшчына запрашае

Нумары Паездкі, экскурсіі Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

З ВІДАМНА КУПАЛЫ СТАРАДАЎНЯГА ХРАМА

На нашай зямлі ёсць мясціны, якія захоўваюць памяць даўніны ў рэштках падмуркаў, сцен. Калі надараецца быць ля гэтых сведкаў былой велічнасці і прыгажосці, ад якіх ідзе заварожваючы подых мінулых стагоддзяў, заўсёды ўзнікае шкадаванне, што старадаўнія будынкі не адрэстаўрыраваны, не вернуты да жыцця ў новым амплуа.

Таму з прыемнасцю ўспрымаюцца праекты, у выніку рэалізацыі якіх вяртаюцца да жыцця аб’екты даўніны. Многія з нас памятаюць закінуты млын на рэчцы ў Новым Свержані. Цяпер гэта – прэзентабельны куточак агратурызму. Гаспадыняй сядзібы «Мельница» з’яўляецца Ала Гальперына. Сама яна родам з Новага Свержаня. Яе бацькоўскі дом знаходзіцца непадалёк ад былога млына. Інжынер па спецыяльнасці, мінчанка, Ала Гальперына доўга выношвала ідэю ператварыць руіны ў цікавы дызайнерскі праект. Мясцовыя ўлады адобрылі гэты бізнес-план,  што дало штуршок сям’і Гальперыных для рэалізацыі задумы. У абсталяванне сядзібы ўкладзены фінансавыя сродкі, сілы, добры густ. Ала Генадзьеўна расказвае, наколькі педантычна і патрабавальна яны з мужам ставіліся да выбару матэрыялаў і рэчаў для інтэр’ера. Прыемная ў зносінах, гаспадыня сядзібы жартуе: добра, што на шляху ім тады не напаткаўся ЗАГС – маглі б разысціся. У працэсе індывідуальнага выбару, часам, спрэчак справа даведзена да канца. Той, хто спраўляў урачыстасці ў кафэ гэтай сядзібы ці адпачываў з прыпынкам у гасцінічных нумарах, адзначыць, што ўсё тут выканана з тонкім густам, з любоўю, з адказнасцю за захаванне статусу старадаўняга месца. Турыстаў вельмі ўражвае від з вокнаў: купалы старадаўняга Свята-Успенскага праваслаўнага храма і россып звону ў пэўных прамежках часу са званіцы Петрапаўлаўскага каталіцкага касцёла – гэта непаўторна. Турысты застаюцца ўдзячныя за якасны адпачынак у гэтым гістарычным месцы, за гасціннасць. Да паслуг турыстаў – кафэ на першым паверсе, восем спальных пакояў і гасціныя на другім і трэцім паверхах.

Гаспадары ўкладваюць старанні і ў добраўпарадкаванне тэрыторыі сядзібы, захаванне чысціні і прыгажосці рэчкі, якая цячэ ўздоўж сцен аградзядзібы  «Мельница». Усё мінулае лета добраўпарадкоўвалася рэчка, на якой стаяў вадзяны млын ХІХ стагоддзя. Устроена і ўмацавана вадзяное кола. Патрацілі нямала сродкаў на ачыстку рэчкі, укладку берага каменнем. Пабудавалі купель, па жаданні турысты могуць акунуцца ў яе і ў летні, і ў зімовы час. Плануецца рэалізаваць і іншыя планы, якімі падзяліліся з журналістамі Леанід і Ала Гальперыны.

У мінулым годзе аграсядзіба «Мельница» аказала паслуг па прыёме турыстаў на 133 мільёны рублёў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

У АДЭСУ ЦІ Ў БЕЛАРУСКУЮ ГЛЫБІНКУ?

Хітом сёлетняга сезона адпачынку прэтэндуе стаць Украіна з яе адэска-чарнаморскімі пляжамі ды адноўленымі турамі выхаднога дня, а ў турысцкай Беларусі цэнтрам прыцягнення могуць стаць аграсядзібы.  

Падобныя сцвярджэнні дырэктара філіяла «Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій» унітарнага прадпрыемства «Гасцінічны комплекс «Арбіта» Леаніды Высоцкай зусім не галаслоўныя. Грунтуюцца яны на тых прапановах і попыце, якія былі акрэслены падчас прэстыжнай вясенняй выстаўкі «Адпачынак-2016». Выстаўка праходзіла ў Мінску з 6 па 9 красавіка з удзелам буйных тураператараў. Сярод іх – і «Беларустурыст», які прадставіў на агляд увесь дыяпазон экскурсійных маршрутаў па Беларусі, а таксама магутны патэнцыял турбазаў, санаторыяў і гасцініц, што знаходзяцца ва ўласнасці прафсаюзаў.  Усе гэтыя ўстановы захоўваюць свой ранейшы бонус для членаў прафсаюза, замежных гасцей у выглядзе скідак.

Адметнасцю выстаўкі стала тое, што ўпершыню на ёй так шырока былі прадстаўлены аграсядзібы з розных рэгіёнаў рэспублікі. У іх ліку быў і стаўбцоўскі брэнд – «Панскі маёнтак «Сула». Тут увачавідкі разгарнуліся фрагменты дзівосных святаў з каларытам і смакам сваёй мясцовасці, якія здольны прыцягнуць турыстаў.   

– Сёння час няпросты ў эканамічным плане, аднак летні адпачынак, якога чакаеш цэлы год, ніхто не адмяняў. Што новага, цікавага вы нагледзелі на сёлетняй выстаўцы, каб прапанаваць жыхарам Стаўбцоўшчыны, прафсаюзным камітэтам прадпрыемстваў і арганізацый раёна? – цікавімся ў Леаніды Высоцкай.   

 – Сёння ў выбары турысцкага прадукту сапраўды няма межаў, і мы гатовы задаволіць любую з прапаноў, – звяртае ўвагу мая субяседніца. – З улікам існуючых рэалій мы выбіралі на выстаўцы тыя варыянты, дзе аптымальна спалучаюцца якасць і цана, дзе ёсць упэўненасць у партнёрах і, у рэшце рэшт, ва ўдалым правядзенні адпачынку. Відавочна, што на першы план выходзіць Украіна. Найперш, гэта Затока (Адэская вобласць) і Скадоўск (Херсонская вобласць), а таксама вядомыя санаторыі Моршына і Трускавец. Расце цікавасць да адпачынку на моры ў Сочы (Лазараўскае). Калі будуць паступаць заяўкі, будзем арганізоўваць адпачынак у Балгарыі, Харватыі, Чарнагорыі і т.п. Спадзяюся, што «на ўра» пойдуць туры выхаднога дня – у Санкт-Пецярбург, Смаленск, Петразаводск (Карэлія), Кіеў, Львоў, Ужгарад і Мукачава, Адэсу… Можам прапанаваць эксклюзіўныя паездкі, як, напрыклад, «Лавандавы тур » у Венгрыю або тур у Чэхію на сярэдневяковае свята пяціпялёсткавай ружы. У нас у Беларусі актыўна развіваецца так званы «событийный» турызм – гэта запрашэнне на такія вядомыя фестывалі, як «Александрыя збірае сяброў» і «Славянскі базар у Віцебску» – у ліпені, у жніўні – «Мотальскія прысмакі», «Млын» (Дудуткі), «Жураўлі і журавіны» (Міёры).              

– Туры выхаднога дня папулярныя яшчэ з савецкага часу. Чым яны адрозніваюцца ад тых, савецкіх?  

– Сёння да іх абсалютна іншы падыход. Напрыклад, Адэса запрашае падчас майскіх святаў на «Адэскія замалёўкі». Гэта абсалютна новы фармат, сучасны погляд на горад, славуты сваёй першай у Расійскай імперыі кінастудыяй, самым прыгожым у Еўропе будынкам Акадэмічага опернага тэатра, музеем «Каньячны завод Шустава», дзе прадугледжана і дэгустацыя гэтага напітку. Безумоўна, Адэсу нельга ўявіць без мора. А пасля аглядавай экскурсіі прапануецца паўдзельнічаць у фальклорна-этнічным шоу з фуршэтам «У гасцях у Абрама Зіймера». А ён, паверце, мастак частаваць адэскай рыбкай і ікрой паміж гульнявымі прадстаўленнямі, інтэрактыўнай гульнёй «Угадай адэскую мелодыю», расказам аб гісторыі новай Адэсы і кантрабанды на Малой Арнаўцкай, майстар-класам, падчас якога навучаць танчыць іх фірменны «сем сорак». Ёсць і іншы варыянт правядзення выхаднога дня – паломніцкі тур да святой Матроны Маскоўскай, які ўключае наведванне Троіца-Сергіевай лаўры і Пакроўскага жаночага манастыра (Масква) з мошчамі гэтай святой. Адпраўленне груп адбываецца з Мінска двойчы на месяц.

– Якія туры запатрабаваны прафсаюзнымі камітэтамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна?

– Вось гэта мы і высветлім дакладна падчас рэгіянальнага кірмашу. Яго правядзенне  запланавана напрыканцы красавіка ў Стоўбцах, на базе нашага бюро (вуліца Ленінская, 95/314, будынак ФАКа). Да ўдзелу запрошаны старшыні раённых аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікоў галіновых райкамаў прафсаюзаў. З прафсаюзнымі камітэтамі нас звязвае цеснае супрацоўніцтва. Будзем прапаноўваць на кірмашы ў першую чаргу прадукт для летняга сезона і, спадзяемся, заключым нямала дагавораў. Цэны – даступныя, для членаў прафсаюза прадугледжаны скідкі ў памеры 25 працэнтаў на пражыванне ў прафсаюзных гасцініцах і на турбазах. Скідкі і спецтарыфы дзейнічаюць і для моладзі. Увогуле падыход да кожнага кліента носіць індывідуальны характар.

– Вашым партнёрам з’яўляецца турбаза «Высокі бераг». Якія яе прапановы наконт летняга адпачынку?

– Што датычыць знакамітай турысцкай паляны, то яна ўжо забраніравана да канца сезона для правядзення турзлётаў, спаборніцтваў, карпаратыўных сустрэч і т. п. Аднак заўсёды ёсць магчымасць для адпачынку і пражывання ў камфартабельных нумарах сярод маляўнічай прыроды, на беразе Нёмана.    

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *