Прайшоў праз зону адчужэння…

Нумары Соцыум

Дамаўлялася аб сустрэчы з Анатолем Паўловічам – адзіным супрацоўнікам у калектыве райаддзела міліцыі, які мае статус пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А аказалася, Анатоль Паўловіч – адзіны з такім статусам дзеючы супрацоўнік праваахоўных органаў Мінскай вобласці…

Скажу шчыра, Анатоль Браніслававіч адразу робіць уражанне чалавека самадастатковага, з моцным унутраным стрыжнем. У свой час ён пачынаў у Дзяржынскім райаддзеле міліцыі ўчастковым інспектарам, быў старшым інспектарам групы кадраў. Потым атрымаў запрашэнне на службу ва ўпраўленне ўнутраных спраў Мінаблвыканкама, адкуль з пасады начальніка аддзялення ўпраўлення кадраў выйшаў у адстаўку. Без працы сваё жыццё не ўяўляе, таму ў сакавіку 2004 года ўладкаваўся ў Стаўбцоўскі райаддзел міліцыі на «неміліцэйскую» пасаду – вядучага інжынера-інспектара МРЭА ДАІ. Працуе Анатоль Браніслававіч пераважна з моладдзю – ажыццяўляе прыём экзаменаў на атрыманне вадзіцельскага пасведчання. Прызнаецца, што ў калектыве МРЭА пад кіраўніцтвам Аляксандра Вайтовіча яму вельмі камфортна. Больш таго, штогод даецца дадатковы двухтыднёвы адпачынак. «Раніцай з задавальненнем іду на работу. Сярод калег я не старэю…» – падводзіць Анатоль Браніслававіч пад сваю жыццёвую «палітыку».           

Пасля Чарнобыля мінула трыццаць гадоў… З ліку работнікаў міліцыі прыкладна ў такім узросце росквіту – 30 і крыху больш – і быў сфарміраваны першы зводны атрад УУС Мінаблвыканкама, камандзіраваны на ліквідацыю наступстваў радыяцыйнай аварыі. Некаторых з членаў атрада сёння, на жаль, ужо няма ў жывых… 10 мая 1986 года Анатоль Паўловіч, тады – сакратар камсамольскай арганізацыі праваахоўнага падраздзялення, аказаўся ў складзе першага зводнага атрада ў 30-кіламетровай зоне адчужэння Нараўлянскага раёна. Яго вахта працягвалася месяц, акурат да прыбыцця на змену другога зводнага атрада.

– Наша асноўная задача, – тлумачыць мой суразмоўца, – заключалася ў ахове грамадскага парадку ў зоне адчужэння, зберажэнні маёмасці грамадзян. Многія наспех кідалі нажытае, не забіралі з сабою нават дамашнюю жыўнасць. Людзі спадзяваліся вярнуцца да сваіх сядзібаў… Яны хацелі да іх вярнуцца… Зона адчужэння сустрэла нязвыклай бязлюднасцю, ды і сам райцэнтр Нароўля, дзе нас засялілі ў інтэрнат аднаго з вучылішчаў, прыціх у тыя смутныя паслячарнобыльскія дні. Дзе-нідзе ўбачыш рэдкага прахожага… У паветры «віселі» пытанні, але адказаў на іх не было. Некаторыя мясцовыя жыхары з’язджалі, некаторыя – вярталіся… Мы неслі сваё дзяжурства кругласутачна, па 12 гадзін, паглыбляцца даводзілася ў зону адчужэння на 25 і больш кіламетраў…

Не без гумару Анатоль Браніслававіч прыгадвае выпадак з бабуляй, якая прабіралася толькі ёй адной вядомымі сцежкамі ў свой хлеў, каб накарміць пакінутых свіней, а затым спакойна выходзіла на дарогу і аддавалася ў рукі міліцэйскага патруля – ведала, што той вывязе яе з забароненай тэрыторыі.

Каб кантраляваць сітуацыю, міліцыянеры наносілі з дапамогай грабляў перад брамкамі дамоў сваю пагранічную «паласу». Яшчэ яны закрывалі цэлафанам калодзежы ў дварах. Здараліся і вылазкі аматараў лёгкай нажывы з боку Украіны. Міліцыянеры затрымлівалі іх, вывозілі на КПП і перадавалі супрацоўнікам мясцовага райаддзела міліцыі. «Затрыманыя ніякага супраціўлення не аказвалі. Усе яны былі нападпітку, але нейкімі разгубленымі, прыгнечанымі…» – на хвіліну задумваецца Анатоль Браніслававіч.

У яго памяці заселі, як стрэмкі, назвы тых адселеных, пустых вёсак. Дзёрнавічы, Даўляды, Белыя Сарокі, хутар Хаткі, што за шэсць кіламетраў ад атамнай станцыі… З трыганаметрычнага пункта гэтага хутара быў добра відзён чацвёрты блок рэактара. Між іншым, на вяршыні гэтага пункта (прыкладна 25 метраў над зямлёю) фіксаваўся найменшы ў наваколлі радыяцыйны фон.

– Са мною падчас дзяжурства заўсёды быў дазіметр вайсковай разведкі ДП-5А, – адзначае Анатоль Паўловіч. – Ім я актыўна карыстаўся, бо дакладна ўсведамляў, што колькасць выпадзення радыяцыйных ападкаў у розных месцах можа істотна адрознівацца і – пры пэўных умовах – нават быць смяротна небяспечнай. Менавіта такі ўзровень зафіксаваў прыбор падчас аднаго з дзяжурстваў у Белых Сароках. Аб гэтым было даложана кіраўніцтву і, як вынік, вёску – прыгожую, як і ўсе тут мясціны, – зрабілі мёртвай. 

Для нясення дзяжурства ў зоне адчужэння членам зводнага атрада выдавалі агульнавайсковыя ахоўныя касцюмы. Прагумаваны састаў яго ратаваў ад уздзеяння нябачнай радыяцыі, аднак пасля 12-гадзіннага знаходжання ў ім пад спякотным майскім сонцам цела змяняла колер, станавілася нібыта не сваім. «Таго, хто ігнараваў патрабаванне насіць касцюм, ужо няма ў жывых…», – сумна зазначае ахоўнік чарнобыльскіх вёсак. Менавіта граматны і ўзважаны асабісты падыход, выкананне ўсіх рэкамендацый дапамаглі не толькі выканаць свой службовы доўг у зоне радыяцыйнага забруджвання, а і захаваць здароўе для далейшага паўнацэннага жыцця.

«Нядаўна праходзіў абследаванне ў шпіталі. Урачы не выявілі ніякіх захворванняў. Як так? За гэта я сярдую на дактароў», – ужо на развітанне дзеліцца Анатоль Паўловіч.

Такая заява пацярпелага ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС – чым не нагода павіншаваць яго, патрапляючы ягонаму сур’ёзна-іранічнаму тону размовы?! Набірае разбег раніца чарговага працоўнага дня, у майго суразмоўцы раз-пораз звоніць мабільны тэлефон, таму я не магу больш затрымліваць дзелавога чалавека. Ён апраўдваецца: «Чакаюць важныя справы». Гэтай яго фразай сказана, здаецца, усё.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *