Пры прыёме экзамену аб’ектыўны інспектар – відэарэгістратар

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

МРЭА ДАІ – у ліку арганізацый, куды звяртаецца хаця б раз у жыцці практычна кожны з нас, каб зарэгістраваць транспарт, зняць яго з уліку, здаць экзамен на атрыманне вадзіцельскага пасведчання, адкрыць катэгорыю і т. п. Пры тым, што МРЭА абслугоўвае пяць раёнаў (Стаўбцоўскі, Клецкі, Нясвіжскі, Уздзенскі, Дзяржынскі) і ў зоне яго дзеяння знаходзіцца 15 вучэбных арганізацый па падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы вадзіцеляў, вялікіх чэргаў тут не назіраецца. Работа з наведвальнікамі вядзецца хутка, зладжана, у спакойнай і добразычлівай атмасферы. У фае працуе тэлевізар.

 Абавязкова на экран выводзіцца карцінка з відэакамеры, устаноўленай у класе, дзе ідзе здача тэарэтычнага экзамену, – звяртае ўвагу начальнік МРЭА ДАІ – намеснік начальніка ДАІ райаддзела міліцыі Аляксандр ВАЙТОВІЧ. – Назіраць за ім з памяшкання фае могуць блізкія тых, хто здае экзамен. Прынцып празрыстасці забяспечваецца і падчас экзамену па ваджэнні. Для гэтага ў аўтамабілі, на якім вядзецца яго прыём, устанаўліваецца відэарэгістратар з запісам гуку. Запіс захоўваецца на працягу 20 дзён.

– Часта ўзнікаюць спрэчныя сітуацыі?

– Нячаста. Укаранёная электронная сістэма і іншыя тэхнічныя навінкі дазваляюць максімальна пазбегнуць суб’ектыўнасці. І, немалаважна, прыём экзаменаў ускладзены на вопытных спецыялістаў, у першую чаргу на вядучых інжынераў-інспектараў Сяргея Шыркоўскага, Анатоля Паўловіча, Віталя Садоўскага. Тэарэтычны і практычны экзамены прымаюцца з аўторка па суботу ўключна  на базе МРЭА, у аграгарадку Заямнае, а таксама з выездам у вучэбныя арганізацыі пры ўмове экзаменавання груп, якія прайшлі навучанне і здаюць экзамен упершыню. «Паўторнікі» самі прыязджаюць да нас.

– На Стаўбцоўшчыне  канкурыруюць паміж сабою дзве арганізацыі, у тым ліку прыватная. Як уплывае гэта на якасць падрыхтоўкі вадзіцельскіх кадраў?

– Сярэдні працэнт здачы экзаменаў з першай спробы за мінулы год па ўсіх 15-ці вучэбных арганізацыях, якія мы абслугоўваем, вагаўся на ўзроўні 50–65 працэнтаў. Ён сведчыць пра тое, што курсантам аўташкол са слабой падрыхтоўкай прыходзіцца здаваць з другой, трэцяй спробы. Гэта патрабуе дадатковых сродкаў і часу. Дзейнічаюць абмежаванні: паміж першай і другой, другой і трэцяй спробамі здачы (гэта датычыць і ваджэння, і тэорыі) павінна прайсці шэсць дзён. На жаль, бываюць выпадкі, калі няздачай заканчваюцца і ўсе тры спробы. Тады бліжэйшы шанц – не раней чым праз 30 дзён. І яшчэ варта памятаць: калі на працягу шасці месяцаў чамусьці не паддаецца практычны экзамен, то і веданне тэорыі прыходзіцца пацвярджаць па-новаму. Усяго ў мінулым годзе было прынята 12 230 чалавека/экзаменаў.

– Аляксандр Расціслававіч, экзаменацыйная дзейнасць – гэта адзін з напрамкаў МРЭА. Не менш актуальны і другі – рэгістрацыйны.

– Так, і пра гэта красамоўна гаворыць аўтастаянка побач з МРЭА, якая ніколі не пустуе. А самы напружаны дзень – субота, асабліва з раніцы, таму што многім у свой выхадны дзень хочацца хутчэй вырашыць тую ці іншую «транспартную» праблему.

Скажу, што ў штаце МРЭА – 11 супрацоўнікаў, прычым двое з іх прыкамандзіраваны з упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама. Калектыў склаўся стабільны, мае здаровыя традыцыі, якія ідуць ад ветэранаў МРЭА С. А. Атрушкевіча і А. М. Бутанава (светлай памяці), І. А. Клімовіча, І. І. Клябанскага, С. І. Лысага, У. М. Кашпара, В. В. Будзіловіча.

За мінулы год МРЭА ажыццёўлена амаль 24 000 адміністрацыйных працэдур. Больш за 70 працэнтаў іх звязана з рэгістрацыяй транспарту, зняццем яго з уліку, унясеннем змяненняў у дакументы. Гэтая дзейнасць даручана вядучым інжынерам па транспарце Уладзіміру Супрановічу і Уладзіславу Шайнову, а таксама  інспектару па вышуку Уладзіміру Варанецкаму. Штомесяц гэтым інспектарам падчас агляду выяўляюцца аўтамабілі, якія знаходзяцца ў вышуку, з відазмененымі нумарнымі агрэгатамі… З улікам камп’ютарызацыі МРЭА вялікая адказнасць ускладзена на інжынера-праграміста Яўгена Сабалеўскага. Нельга ўявіць нашу дзейнасць без пашпартыстак Наталлі Раманоўскай, Таццяны Кандрацінай, Таццяны Паскал, якія аказваюць грамадзянам паслугі па афармленні дакументаў для ажыццяўлення рэгістрацыйна-экзаменацыйных працэдур.

– Якія сучасныя паслугі, што аказвае МРЭА, найбольш запатрабаваны?

– Нязменным попытам карыстаецца падбор рэгістрацыйнага знака. Ён выдаецца згодна з чаргой, аднак, калі ёсць жаданне і магчымасць заплаціць 2 100 000 рублёў, можна выбраць з наяўных у нас нумарных знакаў (гэтая інфармацыя  размяшчаецца на стэндзе) знак з аптымальнай для вас камбінацыяй лічбаў. У мінулым годзе паступіла 78 заявак на падбор рэгістрацыйнага знака, 20 – ужо ў бягучым годзе. Знаходзяцца жадаючыя і на такую далёка нятанную паслугу (коштам 12 600 000 рублёў), як выраб нумарнога знака.

Грамадзяне пры продажы аўтамабіля  нярэдка заключаюць дагавор на захоўванне свайго «старога» нумарнога знака, каб з ім зарэгістраваць і новы аўтамабіль (кошт за суткі – 25 000 рулёў). Такіх паслуг аказана МРЭА ў мінулым годзе больш чым на 10 мільярдаў рублёў. 

– Дзякуючы вашай актыўнай дзейнасці ў бюджэт накіроўваюцца вялікія сродкі. Нясціплае пытанне: што выдзяляецца вам для развіцця?

– Мы працуем у рэчышчы тых задач, якія акрэслены нашымі функцыянальнымі абавязкамі, патрабаваннямі сучаснага грамадства. Для эфектыўнай дзейнасці створаны неабходныя ўмовы на аснове сучасных тэхналогій: забяспечаны камп’ютарнай тэхнікай, сістэмай знешняга відэаназірання і т. п. У мінулым годзе ў кабінетах абноўлена мэбля. Будынак, праўда, ужо малаваты для нашых маштабаў. Хоць і тут ёсць з чым параўноўваць: яшчэ не так даўно, да 2000 года, МРЭА працавала ў вельмі сціслых умовах.

НА ЗДЫМКАХ: начальнік МРЭА ДАІ Аляксандр Вайтовіч і вядучы інжынер па транспарце Уладзімір Супрановіч; пашпартысткі Наталля Раманоўская і Таццяна Кандраціна; вядучы інжынер па транспарце Уладзіслаў Шайноў; інспектар па вышуку Уладзімір Варанецкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *