Служба «101»

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

БАНАРЫ Ў НОВЫМ СВЕРЖАНІ

На цэнтральнай вуліцы Новага Свержаня, праз якую пралягае і аўтадарога рэспубліканскага значэння,  выратавальнікі ўстанавілі тэматычныя банары.

Два квадратныя плакаты замацаваны на відным месцы – на адным са шматпавярховых жылых дамоў – і нагадваюць удзельнікам дарожнага руху, а таксама мясцовым жыхарам пра правілы пажарнай бяспекі, у прыватнасці, пра неабходнасць адмовы ад курэння. Яны змяшчаюць і тэлефоны дапамогі, якая заўсёды побач: 101 і 112. Банар «Цана аднаго імгнення» – аб папярэджанні дзіцячай гібелі на пажарах – устаноўлены ў Наваколасаве. 

Практыка прыцягнення да пажарна-прафілактычнай работы сродкаў знешняй рэкламы не новая для райцэнтра. У Стоўбцах ужо ўстаноўлена дзевяць банараў і білбордаў (на вуліцах Ленінскай, Магістральнай і Цэнтральнай), усе яны набыты за сродкі раённага выканаўчага камітэта. Акрамя таго, як падкрэслівае інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей, супрацьпажарнай «рэкламай» аснашчана 13 аўтобусаў аўтапарка і іншых арганізацый раёна: райспажыўтаварыства, ДЭУ № 62, Мясапрадукт, торфабрыкетны завод, ПМК-233.         

 

І З МОТАПОМПАМІ, І З ЛІСТОЎКАМІ

У кожным лясніцтве і непасрэдна ў Стаўбцоўскім лясгасе створаны мабільныя групы для тушэння лясных пажараў, адпрацаваны пытанні ўзаемадзеяння з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях.

– Да пажаранебяспечнага перыяду ў нас створаны чатыры пажарна-хімічныя станцыі і шэсць пунктаў супрацьпажарнага інвентару, укамплектаваных усім неабходным згодна з патрабаваннямі пажарнай бяспекі, – адзначае інжынер аховы і абароны лесу Віталь Расол.

На даны момант лясгас трымае на лінейцы гатоўнасці пяць пажарных машын і пяць бочак РЖТ, тры пажарныя модулі. Падрыхтавана  пяць дыскавых барон, 20 мотапомпаў, чатыры апараты-паветрадуўкі і інш. Сёлета было закуплена 10 ранцавых апырсквальнікаў, 300 метраў пагонных пажарных рукавоў і т. п. Плануецца набыць яшчэ адну гразевую мотапомпу, прыстасаваную для тушэння пажараў на балоцістай мясцовасці.

Паўсюдна вакол лясных масіваў вядзецца ўстройства і догляд мінпалос. Сёлета ўжо зроблена 209 і 245 км адпаведна, а трэба зрабіць яшчэ больш.  Акрамя таго, плануецца ўстанавіць на ўездзе ў лясныя масівы 50 металічных шлагбаўмаў (замест драўляных), ажыццявіць рамонт 10 месцаў масавага адпачынку і працягнуць рамонтныя работы на дарогах супрацьпажарнага прызначэння.

Не менш важны ўчастак работы ў плане папярэджання лясных пажараў – на інфармацыйным полі. «Менавіта работа з насельніцтвам мае актуальнасць, патрабуе максімум увагі і сучасных падыходаў», – падкрэслівае Віталь Расол. Па гэтай тэме арганізоўваўся семінар-вучоба на базе Пухавіцкага лясгаса, і яго ўдзельнікам ён быў таксама.

Стаўбцоўскі лясгас падрыхтаваў тысячу лістовак з заклікам захоўваць пры наведванні лясоў меры пажарнай бяспекі, тэрмінова званіць па тэл. 101 у выпадку выяўлення загарання. Нагадана ў іх і пра адміністрацыйную адказнасць. Лістоўкі былі распаўсюджаны ў сельскіх населеных пунктах раёна праз паштальёнаў. У бліжэйшы час мяркуецца падрыхтаваць яшчэ адну партыю лістовак. Для выяўлення парушальнікаў у месцах масавага адпачынку на тэрыторыі раёна ўстаноўлены, дарэчы, чатыры відэакамеры. Дзякуючы ім летась па факце выкідвання смецця ў раёне Тонава быў аштрафаваны грамадзянін. Сумы штрафаў даходзяць да 4 200 000 рублёў.       

Лясных пажараў у гэтым годзе не зафіксавана, аднак было загаранне чароту каля гарадскога возера, гарэла сухая трава каля Задвор’я, што стварала пагрозу лясному масіву.  

 

І МАЛЫМ ТРЭБА ВЕДАЦЬ

Асабістым саставам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях вывучаны месцы размяшчэння ясельных груп у ДУА «Дзіцячы сад № 6 г. Стоўбцы» і ДУА «Дзіцячы сад № 7 г. Стоўбцы», а таксама тэхнічныя характарыстыкі будынкаў і пад’езды да іх, арганізацыя супрацьпажарнага водазабеспячэння. 

Як зазначыла інспектар Таццяна Тарасевіч, на базе гэтых дзіцячых дашкольных устаноў прайшлі тактыка-спецыяльныя заняткі, у ходзе якіх выратавальнікі пачарпнулі неабходную для сябе інфармацыю, а малышам падарылі мноства цікавых уражанняў. Усе яны захацелі бліжэй разгледзець   баявое адзенне выратавальнікаў, пажарна-тэхнічнае ўзбраенне, дакрануцца да іх рукамі, каб «хоць на мінутку» пераўвасобіцца ў героя-выратавальніка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *