У аснове дзяржаўнай палітыкі – клопат аб чалавеку

Нумары

БЕЛАРУСЬ МОЖА І ПАВІННА АДЫГРЫВАЦЬ БОЛЬШ АКТЫЎНУЮ І ЗНАЧНУЮ РОЛЮ Ў СУСВЕТНАЙ ПАЛІТЫЦЫ. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

Прэзідэнт падкрэсліў, што не Беларусь ірвецца да таго, каб адыгрываць больш актыўную і значную ролю ў сусветнай палітыцы. «Ад нас гэтага патрабуюць ужо сусветныя дзяржавы, а па нейкіх пытаннях і просяць», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёння Беларусь – гэта апора бяспекі ў рэгіёне. У нас няма канфліктаў ні па рэлігійнай, ні па нацыянальнай прыкметах. Мы ніколі не стваралі і не ствараем праблем суседзям. І ніколі не будзем іх ствараць», – гарантаваў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што шматвектарнасць знешняй палітыкі як была, так і застаецца асноўным прынцыпам Беларусі.

«ДЫКТАТУРА ЯКАСЦІ» ПАВІННА СТАЦЬ ПАКАЗЧЫКАМ ПРАФЕСІЯНАЛІЗМУ Ў АРГАНІЗАЦЫІ ВЫТВОРЧАСЦІ, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

«Якасць прадукцыі – гэта важная ўмова канкурэнтаздольнасці. На кожным прадпрыемстве «дыктатура якасці» павінна стаць паказчыкам прафесіяналізму ў арганізацыі вытворчасці», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння аслаблена патрабавальнасць да кіраўніцтва прадпрыемстваў па ўкараненні сістэм кіравання якасцю. Галіновыя стандарты ніжэйшыя за лепшыя сусветныя практыкі. «Работу па пашырэнні перадавых методык у краіне павінен узначаліць Дзяржстандарт», – лічыць Прэзідэнт.

Таксама кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адной з новых кропак росту эканомікі, якія дадуць устойлівую дынаміку яе развіцця, павінна стаць «зялёная» індустрыя. «Размова ідзе аб новых бяспечных стандартах якасці выпускаемай прадукцыі. Гэта аснова дыверсіфікацыі нашага экспарту для выхаду на рынкі развітых краін і інвестыцыі ў будучыню», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

ГЭТЫ ГОД ПАВІНЕН СТАЦЬ ПЕРАЛОМНЫМ У ПЕРААДОЛЕННІ НЕГАТЫЎНЫХ ТЭНДЭНЦЫЙ У ЭКАНАМІЧНАЙ СФЕРЫ. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што штогадовае Пасланне не прэтэндуе на ролю доўгатэрміновай праграмы стратэгіі развіцця краіны. Размова аб гэтым пойдзе на маючым адбыцца пятым Усебеларускім народным сходзе. Сённяшняя размова, паводле слоў Прэзідэнта, будзе аб мэтах бліжэйшай перспектывы і канкрэтных задачах на гэты год. «Я надаю яму, як і вы, асаблівае значэнне па многіх прычынах. Але ў першую чаргу з-за таго, што з яго пачынаецца новы пяцігадовы этап развіцця. Ён павінен стаць пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў апошнія два-тры гады тэмпы развіцця ў эканоміцы запаволіліся. «І хоць асноўную ролю ў гэтым адыгралі знешнія фактары, тым не менш, трэба прызнаць і свае недапрацоўкі. Мы адстаём ад перадавых краін па ўзроўні прадукцыйнасці працы, затратах энергіі, матэрыялаў і ў канчатковым выніку па канкурэнтаздольнасці тавараў і паслуг. Пагрозам нашай эканамічнай бяспецы мы павінны проціпаставіць арганізаванасць і ініцыятыву, мабілізацыю ўсіх рэсурсаў і ўменне эфектыўна гаспадарыць. Аб гэтым мы гаварылі не раз», – нагадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што 2016 год стане сур’ёзным экзаменам для ўсіх галін улады і кіраўніцкіх структур, ён пакажа, хто на што здольны ў пераадоленні цяжкасцяў.

Сярод іншых асаблівасцяў года Прэзідэнт назваў правядзенне важнага палітычнага мерапрыемства – парламенцкіх выбараў. «Важнасць гэтай палітычнай кампаніі для краіны несумненна. Яна будзе экзаменам палітычнай культуры нашага грамадства. І спадзявацца на тое, што ў нас людзі да гэтага гатовы, палітычна культурныя, – нельга. Людзей і грамадства да гэтага трэба рыхтаваць», – сказаў Прэзідэнт.

ДЗЯРЖАВА І Ў ДАЛЕЙШЫМ БУДЗЕ КЛАПАЦІЦЦА АБ ІНВАЛІДАХ, ВЕТЭРАНАХ ВАЙНЫ. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Яшчэ адзін акцэнт, на якім павінны быць сканцэнтраваны намаганні ўрада, – аказанне сацыяльнай падтрымкі людзям з абмежаванымі магчымасцямі», – паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

«Мы заўсёды з асаблівай увагай ставіліся да патрэб і патрэбнасцяў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і іншых войнаў. Мы раней, чым іншыя дзяржавы Усходняй Еўропы і СНД вырашылі іх праблемы, у тым ліку самыя цяжкія – жыллёвыя, памятаючы аб іх бяспрыкладнай мужнасці і стойкасці. Усе гэтыя гады мы праводзілі і будзем праводзіць меры па паляпшэнні якасці жыцця гэтых людзей», – падкрэсліў беларускі лідар.

НОВАЕ ЖЫЦЦЁ Ў ПРАБЛЕМНЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ НЕАБХОДНА ЎДЫХНУЦЬ ЗА КОШТ ІНВЕСТЫЦЫЙ І НОВЫХ ТЭХНАЛОГІЙ. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Асноўнай стратэгіяй развіцця і асновай дзяржаўных прадпрыемстваў павінны стаць эфектыўнасць і прыбытковасць. Кожнае праблемнае прадпрыемства неабходна разгледзець зыходзячы з перспектыў яго дзейнасці. Але закрыццё прадпрыемстваў – гэта не перспектыва, размова ідзе аб ліквідацыі неэфектыўнай дзейнасці, а не прадпрыемстваў і калектываў. Гэта значыць аб тым, каб удыхнуць у іх новае жыццё за кошт інвестыцый, новых тэхналогій, новых сістэм кіравання, новых вытворчасцяў», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі нейкае прадпрыемства і будзе закрыта, то на яго месцы абавязкова павінна з’явіцца новае прадпрыемства. «Каб людзі кожную раніцу мелі магчымасць пайсці на работу, сумленна ўкласці сваю працу, атрымаць зарплату і пракарміць сваю сям’ю. Вось адзінае патрабаванне», – падкрэсліў Прэзідэнт.

«У ПАЛІКЛІНІКАХ НЕ ПАВІННА БЫЦЬ ЧЭРГАЎ, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Трэба завяршыць інфарматызацыю рабочых месцаў урачоў для ўкаранення тэхналогіі электроннага рэцэпта і пераходу на электронныя карткі пацыента».

У забеспячэнні дабрабыту ўсіх слаёў насельніцтва асаблівую ролю адыгрывае дынамічнае развіццё аховы здароўя. Гэта сфера з’яўляецца прыярытэтам беларускай дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.

У сусветным рэйтынгу па доступе да медыцынскіх паслуг Беларусь займае першае месца, а па спрыяльных умовах для мацярынства знаходзіцца на 25-м месцы сярод амаль 200 краін. За апошнія гады ў Беларусі мадэрнізаваны ўсе звёны сістэмы аховы здароўя – ад фельчарска-акушэрскіх пунктаў да абласных бальніц і сучасных медыцынскіх цэнтраў. Высокатэхналагічныя аперацыі праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.

«Разам з тым у медыцынскай сферы трэба зрабіць яшчэ вельмі шмат, – лічыць беларускі лідар. – У 2016 годзе трэба ўзмацніць прафілактыку захворванняў, паколькі хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць. У насельніцтва неабходна сфарміраваць навыкі культуры здароўя, пачынаючы з ладу жыцця, правільнага харчавання, адмовы ад курэння і алкаголю».

НЯМА БОЛЬШ ВЫСОКАЙ КАШТОЎНАСЦІ, ЧЫМ МІР І БЯСПЕКА, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Калі на галаву сыплюцца бомбы, калі ў грамадстве разлад, калі адзін на аднаго пайшлі з кулямётамі і гранатамі, калі чалавек не можа жыць на сваёй зямлі, – аб чым можа ісці размова? Аб дэмаграфічных нажніцах? Хто будзе ў гэты час нараджаць?» – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта па гэтай прычыне, як лічыць кіраўнік дзяржавы, неабходна заўсёды падкрэсліваць, што мір, бяспека, абараназдольнасць – гэта вельмі важна. Прэзідэнт заклікаў гаварыць аб гэтым, не саромеючыся крытыкаў.

«Усё астатняе мы знойдзем, купім. Гэта другараднае», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ні ў якое параўнанне з «бяспекай і мірам на гэтым кавалку зямлі, дзе жывуць беларусы», гэта не ідзе.

«Ад таго, наколькі эфектыўна мы зможам адстаяць свой суверэнітэт, не дапусціць пранікнення да нас хаосу і насілля звонку, пазбегнуць памылак суседзяў, залежыць будучыня нашай Беларусі. Мы проста абавязаны зберагчы галоўны здабытак – мір, стабільнасць, міжнацыянальную, міжканфесійную згоду, адкрытасць да супрацоўніцтва», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

НА КОЖНАЕ СКАРОЧАНАЕ МЕСЦА ПАВІННА БЫЦЬ СТВОРАНА НОВАЕ, БОЛЬШ ПРАДУКЦЫЙНАЕ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

«Для зніжэння затрат на вытворчасць не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў. Гэта азначае, што на кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае. Задача няпростая. Патрэбны высокатэхналагічныя інвестыцыі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Я ўжо гаварыў, калі раптам на МАЗе, БелАЗе, МТЗ або іншых прадпрыемствах адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць работнікаў, то гэтых людзей кіраўнікі разам з мясцовымі органамі ўлады павінны працаўладкаваць на новым рабочым месцы, а не выкідваць на вуліцу. Я гэта гавару не першы раз, але патрабаванне за гэта ў бягучым годзе будзе строгае. У гэтых пытаннях ураду, губернатарам, усёй вертыкалі ўлады неабходна працаваць на апярэджанне», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што задача штогод ствараць 50 тысяч новых рабочых месцаў з’яўляецца мінімальным патрабаваннем. «Падкрэсліваю, усяго толькі 50 тыс., нават не 100 тыс. і не мільён, як нам прапануюць. Каб стварыць мільён рабочых месцаў, трэба мець мільярды долараў. Гэта, па-першае. Па-другое, трэба мець высокакваліфікаваных работнікаў, па-трэцяе, рабочыя месцы не патрэбны ўчарашняга дня, патрэбны рабочыя месцы заўтрашняга дня. А гэта значыць, што нам трэба стварыць за год або пяць гадоў, як прапануецца, новую эканоміку Беларусі, каб на гэтыя прадпрыемствы працаўладкаваць мільён чалавек», – растлумачыў ён.

«Памятайце – рабочыя месцы ствараюцца не для справаздач, а для людзей. І яшчэ адзін аспект праблемы. Пакуль ствараюцца новыя рабочыя месцы, неабходна забяспечыць умовы і для самазанятасці людзей. Сёння сітуацыя на рынку працы даволі зменлівая, і нам трэба хутка на гэта рэагаваць», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да старшынь аблвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мясцовыя органы ўлады павінны сканцэнтраваць намаганні на стварэнні неабходнай інфраструктуры для новых рабочых месцаў у малым бізнесе і ўмоў для яго росту. «Вы, губернатары, адказваеце за тое, каб малы бізнес развіваўся ў сярэдні і буйны. Калі вам хто-небудзь або што-небудзь перашкаджае, уносьце канкрэтныя прапановы», – канстатаваў Прэзідэнт.

«ТРЭБА ПРАДОЎЖЫЦЬ КУРС НА АМАЛАДЖЭННЕ, стварэнне эфектыўнага рэзерву, нарошчванне патэнцыялу кадраў. Важна іх максімальна хуткае прафесіянальнае станаўленне ў якасці сучасных антыкрызісных кіраўнікоў, здольных надаць новы імпульс у развіцці той ці іншай сферы дзейнасці», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, паводле слоў Прэзідэнта, на падрыхтоўку кадраў неабходна мабілізаваць усе існуючыя рэсурсы: адукацыйны, навуковы, адміністрацыйны. І асабліва – інтэлектуальны.

БЕЛАРУСЬ ПАВІННА БЫЦЬ ГАТОВА ПРОЦІСТАЯЦЬ МІЖНАРОДНАМУ ТЭРАРЫЗМУ, жорстка і прынцыпова спыняць любыя яго праяўленні, узаемадзейнічаючы з іншымі дзяржавамі і ствараючы ўласную сістэму забеспячэння бяспекі, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«У апошнія гады сур’ёзна змянілася абстаноўка ў свеце. Імкліва множыцца колькасць рэгіянальных канфліктаў, якія правакуюць маштабныя міграцыйныя крызісы. Узнікаюць цэлыя тэрарыстычныя квазідзяржавы, якія нясуць пагрозу для ўсёй сусветнай супольнасці. Нават паспяховая Еўропа сёння не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Хваля тэрарызму літаральна захліснула многія краіны. Крывавыя падзеі ў Парыжы, Бруселі ўзрушылі ўвесь свет. Пагроза захоўваецца для іншых дзяржаў, аб чым нельга забываць», – таксама сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Канструктыўны ўдзел у забеспячэнні бяспекі прымае ўсё беларускае грамадства, дэманструючы з’яднанасць перад тварам новых пагроз і разуменне прымаемых сілавымі структурамі мер», – таксама адзначыў Прэзідэнт.

У ПАВЫШЭННІ ПЕНСІЙНАГА ЎЗРОСТУ НЯМА НІЯКАЙ НАДЗВЫЧАЙШЧЫНЫ. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

«У гэтым годзе асаблівы грамадскі рэзананс атрымалі пытанні ўдасканалення нашай пенсійнай сістэмы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Прымаючы рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту і пенсійнай рэформе, давайце прызнаем, што мы цягнемся ў хвасце падзей. Гэта даўно ўжо трэба было вырашыць. Таму тут ніякай надзвычайшчыны. І людзі спакойна гэта прынялі».

Тым не менш, дадаў Прэзідэнт, абмяркоўваліся розныя варыянты вырашэння гэтай праблемы. Найбольш рацыянальным прызнана паступовае павелічэнне ўзросту выхаду на пенсію.

«Нас таксама крытыкавалі (асабліва расіяне гэтым грашаць): маўляў, Лукашэнка спужаўся, трэба было на 5 гадоў (павысіць пенсійны ўзрост.Заўвага БелТА), а ён падняў усяго на 3 гады. Адказваю на гэтае пытанне: у даным выпадку ўсё роўна – на 5 гадоў або на 3 гады, розніцы няма з пункту гледжання фінансавай напаўняльнасці бюджэту і з пункту гледжання ўзроставага ўзроўню нашага насельніцтва, – лічыць беларускі лідар. – Мы зрабілі гэты першы крок. Ён будзе доўжыцца 6-7 гадоў, а далей, як я гаварыў, мы разам з вамі вернемся да гэтага пытання, калі ў гэтым будзе неабходнасць».

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні дэпутатаў па выніках Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, заявіў, што ў другім паўгоддзі пастараемся павысіць працоўныя пенсіі.

«Нядаўна мне назвалі адну лічбу: за пяцігодку рэальныя даходы насельніцтва больш як на трэць у нас выраслі – 35 працэнтаў», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цэны ў Беларусі растуць і, адпаведна, рэальныя даходы пенсіянераў зніжаюцца. «Мы пастараемся ў другім паўгоддзі абавязкова павысіць пенсіі», – сказаў ён.

«Галоўны пасыл – мы не маем намеру змяншаць памеры пенсій, таксама як і павялічваць падаткі на прадпрыемствы і сацыяльныя выплаты саміх працуючых у пенсійны фонд», – адзначыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, удасканаленне пенсійнай сістэмы – гэта не толькі павышэнне пенсійнага ўзросту. Што датычыць прынцыпаў развіцця пенсійнай сістэмы, Прэзідэнт адзначыў: «Захоўваючы яе цяперашнюю салідарную аснову, размеркавальную, у далейшым мы будзем больш актыўна развіваць і іншыя формы, уключаючы накапляльную. Дарэчы, яна сёння рэалізуецца. І мы, гледзячы на Расію, Украіну, пераканаліся, што мы зрабілі абсалютна правільна, не нагнятаючы накапляльную сістэму».

«Мы далі права людзям – выбірайце. Калі вы хочаце накапляльную сістэму, разам з прадпрыемствамі накоплівайце. Але мы захавалі аснову, каб людзі з голаду не паўміралі і кавалак хлеба мелі. Мы захавалі гэтую дрэнную ў двукоссі салідарную сістэму», – падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб тым, што будзе далей, Прэзідэнт растлумачыў: «Складуцца нармальныя ўмовы – мы будзем паводзіць сябе больш актыўна. Але людзі паступова прывыкнуць да гэтага. І тут ломка абсалютна недапушчальна чыста псіхалагічна».

«Будзем рухацца наперад з улікам рэальных працэсаў у эканоміцы і ў грамадскіх настроях, каб не дапусціць страт з-за інфляцыі або іншых негатыўных тэндэнцый», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА ДАРУЧЫЎ ВЫПРАЦАВАЦЬ У БЕЛАРУСІ НОВЫЯ КРЫТЭРЫІ АПЛАТЫ ПРАЦЫ РАБОТНІКАЎ.

«Трэба забяспечыць – і гэта самае галоўнае – гарантаванае дзяржавай прадастаўленне першага рабочага месца выпускнікам устаноў адукацыі. Малады спецыяліст – будучае любога прадпрыемства, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Пры гэтым вельмі правільна сёння ставяць пытанні ў настаўніцкім асяроддзі і навуковых арганізацыях. Гэта ж ненармальна: такая разбежка (у зарплаце.Заўвага БелТА) паміж маладым спецыялістам, які прыйшоў у аўдыторыю, і выкладчыкам, які працуе 20 гадоў і атрымлівае за выслугу, стаж і яшчэ нейкія бонусы. А малады спецыяліст адстае ад яго ў заработнай плаце ў 5 разоў. Гэта нармальна? Не».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што зарплата павінна адпавядаць выкананай працы. «Вы хочаце сказаць, што моладзь сёння прыходзіць і працуе горш, чым тыя, хто па 20-30 гадоў стаіць ля станка? Маладыя людзі, прыходзячы на работу, выдаюць рэзультаты значна вышэйшыя, чым дарослыя кадры. Я не хачу сказаць, што яны дрэнныя. Мы няправільнымі карыстаемся крытэрыямі: малады – значыць, ты нічога не атрымліваеш; дарасцеш да старога – атрымаеш. Гэта няправільна. Трэба меркаваць па тым, як працуе чалавек, якая яго праца, што ён укладае ў сваю работу», – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ўжо даручыў ураду неадкладна заняцца прапрацоўкай новых крытэрыяў аплаты працы ў гэтай сферы.

БЕЛАРУСІ НЕ ТРЭБА БЯЗДУМНА КАПІРАВАЦЬ ЗАХОДНЮЮ СІСТЭМУ АДУКАЦЫІ, заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

«Выступаючы за паляпшэнне вышэйшай адукацыі, многія сёння з надзеяй глядзяць на нядаўняе ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс. Зразумела, важна, што мы ўліваемся ў нейкую агульнаадукацыйную еўрапейскую «раку». Зможам рэалізаваць цесныя кантакты з замежнымі ВНУ, праводзіць студэнцкія абмены, удзельнічаць у сумесных навуковых праектах. Але пры гэтым не трэба бяздумна капіраваць заходнюю сістэму адукацыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. У гэтай сістэме, паводле яго слоў, разам з плюсамі ёсць і мінусы, якія трэба адсейваць.

«Беларуская вышэйшая школа яшчэ з савецкіх часоў мае багаты вопыт арганізацыі вучэбнага працэсу, і мы не павінны страціць станоўчыя якасці, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Размова ідзе перш за ўсё аб сістэме патрыятычнага, маральна-этычнага і эстэтычнага выхавання, якая патрабуе ўсялякай падтрымкі і развіцця ў сучасных умовах».

«І тут мне бачыцца асаблівая роля нашай сістэмы адукацыі, якая павінна, па-першае, навучыць моладзь жыць у цяперашнім насычаным і вельмі інфармацыйным асяроддзі. Па-другое, выхоўваць духоўную асобу, прывіваць пачуццё грамадзянскай адказнасці чалавеку з маладых гадоў, каб кожны змог бачыць розніцу паміж дабром і злом і выбіраць менавіта той станоўчы бок любой з’явы», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар адзначыў, што персанальную адказнасць за выхаваўчую работу ў вучэбных калектывах нясуць кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Але ў больш шырокім кантэксце гэтыя пытанні пастаянна павінны знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі ідэалагічнага актыву краіны і такіх канструктыўных грамадскіх аб’яднанняў, як БРСМ, «Белая Русь», Саюз жанчын, ветэранскія аб’яднанні і, вядома ж, Федэрацыя прафсаюзаў, у якой яшчэ больш шырокія функцыі выхавання чалавека працы і абароны яго правоў.

«Аб задачах і перспектывах далейшага развіцця сістэмы адукацыі і выхавання моладзі мы больш падрабязна, як мною абяцана, і прадметна пагаворым на жнівеньскіх нарадах з педагогамі», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

У АСНОВЕ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАЛІТЫКІ ЛЯЖЫЦЬ КЛОПАТ АБ ЧАЛАВЕКУ І ПАВЫШЭННІ ДАБРАБЫТУ ЛЮДЗЕЙ, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

«У аснове дзяржаўнай палітыкі ляжыць клопат аб чалавеку, аб павышэнні дабрабыту і якасці жыцця людзей. Гэта наш галоўны прынцып і магістральны шлях развіцця», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ўсе сістэмныя рашэнні кіраўніцтвам краіны прыняты. «Намечаныя меры павінны садзейнічаць пераадоленню негатыўных тэндэнцый і аднавіць дынаміку сацыяльна-эканамічнага развіцця. Для гэтага патрэбна ініцыятыўная і зладжаная работа на агульны вынік як у цэнтры, так і на месцах», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *