У хлебаробаў работа спорыцца

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Раннія яравыя збожжавыя ў ААТ «Рубяжэвічы» пасеяны сёлета на 700 гектарах. Выканалі хлебаробы гэтую работу своечасова і ўклаліся ў аптымальныя тэрміны. Вызначыўся механізатар Пётр Гурын, які працуе на энерганасычаным трактары «Беларус-3022» у счэпе з камбінаваным пасяўным агрэгатам. Пётр Фёдаравіч – вопытны сеяльшчык з дваццацігадовым стажам, і менавіта яму кіраўніцтва давярае выкананне гэтай тэхналагічнай аперацыі, бо ведае, што механізатар не падвядзе – пасее якасна. Штодзень руплівы працаўнік высяваў насенне на плошчы да 50 гектараў. Дапамагаў яму ў гэтай справе механізатар Сяргей Кажамяка – таксама майстар-сеяльшчык. Варта зазначыць, што Пётр Гурын пасеяў мінулай восенню і азімыя збожжавыя. Расліны добра перазімавалі. Пасля падкормкі яны ўзяліся ў рост і цяпер радуюць вока. Зазелянелі на мінулым тыдні роўнымі радамі і ўсходы яравых ранняга тэрміну высявання. Дбайны руплівец не толькі сее, а і ў залежнасці ад пары года выконвае нямала іншых палявых работ. Пастаянна заняты на нарыхтоўцы кармоў, чапляе прэс-падборшчык. Пётр Фёдаравіч сказаў падчас размовы, што работу не выбірае – робіць любую даручаную. Варта адзначыць, што ўсе механізатары ў гаспадарцы ўмеюць выконваць розныя тэхналагічныя аперацыі.

Працаваў падчас пасяўной на трактары і яго родны брат Фёдар Гурын, які быў заняты на закрыцці вільгаці. Зараз спецыяліст выконвае ў гаспадарцы абавязкі галоўнага інжынера. На жніве садзіцца на камбайн і паказвае прыклад у рабоце.

– Акрамя вытворчай неабходнасці гэта дазваляе мне ацаніць умовы працы механізатараў, упэўніцца, ці можна справіцца з даведзенай дзённай нормай выпрацоўкі, – сказаў Фёдар Фёдаравіч і дадаў: – Механізатары і рамонтнікі сёлета малайцы, адрамантавалі трактары і сельгастэхніку надзейна, і яна не падвяла. Мы адсеяліся практычна без паломак.

Вызначыліся на пасяўной механізатары Алег Шышка і Сяргей Чарнец, якія ўносілі мінеральныя ўгнаенні. На падрыхтоўцы глебы парупіўся Аляксей Гусарэвіч. Вадзіцелі Уладзімір Маргаўнічы і Юрый Казлоўскі шчыравалі на падвозцы насення. На пратручванні насення завіхаліся Віктар Калодзінскі і загадчыца склада Валянціна Літвінская.

Летась рябяжэвіцкія хлебаробы атрымалі з кожнага гектара па 42,3 цэнтнера збожжа і мелі самую высокую ў раёне прыбаўку на круг – 10,3 цэнтнера. Намалацілі 9090 тон. Па выхадзе збожжа на бала-гектар занялі прызавое месца. І сёлета стараюцца, каб паказчык не зменшыўся.

Разам з дырэктарам таварыства Андрэем Атрушкевічам праехалі па палях. На дзень наведвання за вёскай Ціханава Слабада механізатары сеялі цукровыя буракі. На падрыхтоўцы глебы былі задзейнічаны два трактары, на якіх завіхаліся Іосіф Пока і Сяргей Анціпін. Работнікі стараліся не затрымліваць сеяльшчыкаў.

– Аперацыя адказная, бо пад гэтую прапашную культуру поле неабходна як след выраўняць і ўшчыльніць, – падкрэслівае кіраўнік. – Работай механізатараў задаволены.

Шчыравалі на сяўбе вопытныя Сяргей Лабун і Аляксандр Высоцкі. У абодвух стаж работы ў прафесіі механізатара складае больш за два дзесяцігоддзі. Старанныя, адказныя работнікі.

Як і летась, яны працавалі ў дзве змены: адзін з шасці раніцы да пятнаццаці гадзін, другі – з пятнаццаці гадзін да дваццаці адной гадзіны.

– Галоўнае  – якасна і прамалінейна пасеяць, – сказалі механізатары, – каб камбайнеру восенню было зручна ўбіраць і ўспамінаў ён нас добрым словам.

Сёлета плошча пад салодкімі каранямі у параўнанні з мінулагодняй павялічана ў таварыстве на 50 гектараў і склала 350 гектараў. 

– Гэта максімальны клін, які можам адвесці пад цукровыя буракі, – сказаў галоўны аграном Мікалай Лянцэвіч. – Пастараліся належным чынам заправіць глебу арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. У асноўным уносілі АФК (комплексныя азотна-фосфарна-калійныя). Плануем атрымаць ураджайнасць у межах 400 цэнтнераў з гектара. Летась у сувязі з засушлівым надвор’ем гэтай лічбы, на жаль, не дасягнулі. Застаецца спадзявацца на сёлетнюю прыхільнасць нябеснай канцылярыі.

Мікалай Іванавіч расказвае, што высявалі насенне замежных селекцый, якое пастаўляе Гарадзейскі цукровы камбінат. З мноства прапанаваных сартоў выбралі сем, у іх ліку «бравісіма», «гулівер» і «волга». Улічылі тэрміны паспявання, устойлівасць да хвароб, цукрыстаць і ўраджайнасць. Галоўны спецыяліст даводзіць, што вільгаці сёлета ў глебе дастаткова, а вось надвор’е халаднаватае, што адаб’ецца на тэрмінах усходжасці насення.

На пачатку тыдня сяўбу цукровых буракоў у гаспадарцы завяршылі і ўжо прыступілі да сяўбы «каралевы палёў» – кукурузы.

НА ЗДЫМКАХ: перадавы механізатар Сяргей Кажамяка; галоўны аграном Мікалай Лянцэвіч (злева) гутарыць з механізатарамі Сяргеем Анціпіным і Іосіфам Покам; руплівыя працаўнікі – браты Пётр і Фёдар Гурыны; вопытныя сеяльшчыкі Сяргей Лабун і Аляксандр Высоцкі.

Надзея БАТАЛКА,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *