Рэспубліканскі суботнік – на Стаўбцоўшчыне

Добраўпарадкаванне Нумары

У дзень рэспубліканскага суботніка добрым прыкладам сталі многія працоўныя калектывы раёна, якія аказалі пасільную дапамогу ў добраўпарадкаванні парку і вуліц горада, музейных аб’ектаў.

Дружна, на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым, выйшаў на суботнік калектыў райвыканкама. У руках у многіх – рыдлёўкі, настрой ва ўсіх – працоўны. Дзякуючы старанням такой вялікай колькасці людзей у парку Дружбы народаў хутка была пасаджана барбарысавая алея. У будучым гэтая зялёная агароджа з 60-ці дэкаратыўных кустоў стане ўпрыгажэннем парку з боку вуліцы Танкістаў. Усмешкі на тварах працаўнікоў сведчаць пра тое, што работа ім за радасць. Якраз вызірнула і сонейка пасля зацяжных красавіцкіх дажджоў.

 – За суботнік плануем шмат чаго зрабіць, але не ўсё дазваляе надвор’е, – удакладняе паміж справай старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. – Работа па добраўпарадкаванні на гэтым не завершыцца – наперадзе ў нас яшчэ раённы суботнік.

У дзень суботніка парк Дружбы народаў з самай раніцы вызначаўся шматлюднасцю. Акрамя пасадкі барбарысавай алеі, ішла абрэзка сухіх галін, асвятленне крон ліпаў і клёнаў. У адным канцы шчыравалі работнікі раённых электрасетак, у другім – аб’яднання камунальных службаў. Энергетыкі задзейнічалі аўтавышку, трактар. Увіхалася брыгада пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Галавацкага. У кожнага члена гэтай брыгады – свае канкрэтныя абавязкі. Кіраваў аўтапад’ёмнікам машыніст Віктар Мазуркевіч, у люльцы-карзіне завіхаўся вальшчык лесу Дзмітрый Паплаўскі. За рулём трактара быў Аляксандр Шкут, а ўслед грузілі галіны Яўген Акінчыц і Юрый Люцко.

– Абразаем галіны наколькі дастае наша вышка. Яе вышыня – 18 метраў. Галлё вывозім на палігон – так дамовіліся з кіраўніцтвам АКС, – тлумачыць галоўны інжынер РЭСа Віктар Пракаповіч. – Работнікі раёна электрасетак заняты таксама на ўборцы замацаваных вуліц – Камсамольскай, Міцкевіча.

Ад энергетыкаў завітаем да камунальнікаў. Яны працуюць таксама з аўтавышкай, 22-метровай. Увіхаюцца машыніст Міхаіл Лявончык і двое вальшчыкаў лесу – Сяргей Гацура і Віталь Мусік. Для іх работа ў парку няновая – на абрэзку дрэў іх прыцягвалі і ў звычайныя рабочыя дні.

У парку, а таксама ў цэнтры горада камунальнікі (сярод іх пазнаем і работнікаў адміністрацыі прадпрыемства) займаліся пабелкай дрэў. Большасць іх ужо набыла беласнежны ўбор. «Ідзём ад плошчы Бессмяротнасці ўверх па вуліцы Сацыялістычнай, – патлумачылі работнікі з кісцямі. Яны часова прыпыніліся з-за адсутнасці вапнавага раствору: – Чакаем дазапраўкі».

Найбольшае ажыўленне назіраецца на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Ленінскай. Побач з атэлье раней была невялікая клумба, але цяпер яе значна пашырылі. Перанесены далей білборд з гербам нашага горада, падвезена зямля. На суботніку мужчыны старанна яе раўнялі. Для пасадкі падрыхтаваны саджанцы экзотаў. Па-гаспадарску трымае іх ландшафтны дызайнер АКС Наталля Грынюк. Здаецца, нядаўна мы бачылі яе ў парку – яна распараджалася, як лепш пасадзіць барбарысы, а вось ужо тут «чаруе» над кампазіцыяй з хваёвых кустоў. 

– Сёння ў горадзе шмат пасадак, – адрываючыся на некалькі мінут ад справы, гаворыць Наталля. – Работнікі філіяла маторнага завода высадзілі бярозавую алею па вуліцы Танкістаў (ад вуліцы Набярэжнай да моста праз раку Нёман). На вуліцы Цэнтральнай работнікі падатковай інспекцыі высадзілі дэкаратыўныя кусты. Пакуль дожджыкі ідуць, зямля вільготная, трэба ўсюды паспець, – падсумоўвае ландшафтны дызайнер.

Незвычайны рух назіраецца і побач з раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Работнікі аддзела яшчэ да суботніка пачалі наводзіць парадак. Абрэзалі дрэвы, а ў дзень суботніка ўсе гуртам выйшлі на ўборку тэрыторыі, пабелку дрэў і пафарбоўку бардзюраў. Садзілі саджанцы і кветкі. Уяўленне пра аб’ёмы работ дала начальнік аддзела Людміла Стонька:

– Сёння ў аздараўленчым лагеры «Нёман» працуюць калектывы ўсіх трох гарадскіх школ разам з супрацоўнікамі аддзела і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Гэта каля сотні чалавек. Выграбаюць лісце з тэрыторыі (пачалі гэта з аўторка), фарбуюць вулічнае абсталяванне і жылыя пакоі, санвузлы, харчблок… На 2-га чэрвеня намечаны заезд дзяцей у лагер, а да 25-га мая мы павінны поўнасцю падрыхтаваць яго да новага сезона. Усё робім сваімі сіламі.

Цікавую ініцыятыву прадэманстравалі нам работнікі прафсаюзнага камітэта філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Летась падчас суботніка яны прыбіралі тэрыторыю мемарыяла ў гонар расстраляных у гады вайны яўрэяў – мірных жыхароў Стоўбцаў, а сёлета прыйшлі на дапамогу музейнай сядзібе Якуба Коласа ў Акінчыцах. У іх распараджэнні – трактар, машына, пагрузчык. Пасля зімы трэба прыбраць смецце, спілаваць і вывезці ўсё лішняе. Праўда, перш чым закіпела работа, экскурсавод Юрый Міцкевіч правёў для памочнікаў экскурсію.

– Нам тут працаваць асабліва прыемна, – дзеліцца старшыня прафсаюзнага камітэта філіяла Сяргей Сікорскі. – У завода з музеем наладжана цесная сувязь. Нашых замежных партнёраў, якія бываюць на заводзе, заўсёды скіроўваем у музей. А яшчэ – некаторыя з нас жывуць у Акінчыцах. Хочацца, каб побач было чыста, прыгожа…

На музейнай сядзібе ў Альбуці выказалі жаданне папрацаваць у дзень суботніка  і работнікі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Яны прыехалі з Мінска (чым спаўна пацвердзілі рэспубліканскі статус суботніка), і, безумоўна, іх праца таксама была аздоблена экскурсіяй – ад старшага навуковага супрацоўніка Софіі Міцкевіч.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што рэспубліканскі суботнік прайшоў на Стаўбцоўшчыне не толькі карысна, а і цікава, з ініцыятывай, што асабліва радуе і дае спадзяванні на далейшы ўклад прадпрыемстваў і арганізацый у добраўпарадкаванне нашага горада.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

   З УДЗЕЛАМ МАЛАДЗЁЖНАГА САВЕТА

Маладзёжны савет раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, які ўзначальвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Яўгенія Слесарчык, стаў ініцыятарам папрацаваць падчас рэспубліканскага суботніка на добраўпарадкаванні зоны адпачынку прафсаюзнага турысцка-аздараўленчага комплексу «Высокі бераг» сэрвіснага даччынага ўнітарнага прадпрыемства «Гасцінічны комплекс «Арбіта».

У гэтым суботніку прынялі ўдзел прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ДБУ-29, аб’яднання камунальных службаў. Разам працавалі старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Галіна Шапецька, старшыня прафсаюзнага камітэта Стаўбцоўскага лясгаса Алена Супрун і іншыя працаўнікі лясной гаспадаркі. З надыходам вясны тэрыторыя турыстычнага комплексу чакала такой дбайнасці – неабходна было змесці мінулагодняе лісце, усё тое, што было нанесена ветрам пад кусты і дрэвы, падгрэбці. Ад уважлівага вока не схаваліся і іншыя месцы, дзе патрэбна было прыкласці рукі.

У выніку тэрыторыя базы адпачынку на беразе Нёмана прыведзена ў належны парадак для пачатку летняга сезона. Ужо ў чэрвені яна прыме выязны палатачны спартыўна-аздараўленчы і ваенна-патрыятычны лагер маладзёжнага аб’яднання «Спартыўны клуб каратэ-до «Эверэст» з Мінска, які будзе працаваць тут на працягу трох змен, і іншых беларускіх і замежных турыстаў.

Пр



Tagged

1 комментарий по теме “Рэспубліканскі суботнік – на Стаўбцоўшчыне

  1. Можно поинтересоваться — сколько субботников проводит Столбцовский райисполком — районный, республиканский, областной…… может и еще какой-нибудь придумают, Работайте, столбчане, все бесплатно11111

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *