На палях раёна

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

(інфармацыяна 25 красавіка)

Яравыя культуры ў гаспадарках раёна пасеяны на 16 373 гектарах, што складае 65,5 працэнта. Вышэйшыя тэмпы ў ААТ «Шашкі», «Каганец» і «Агранёманскі».

Азімыя збожжавыя другі раз падкормлены на трэцяй частцы пасеяных плошчаў, азімы рапс – амаль на палове.

Сяўбу цукровых буракоў завяршылі ААТ «Каганец» і «Радзіма Якуба Коласа». Гэтая прапашная культура пасеяна на плошчы 2801 гектар – звыш 90 працэнтаў ад запланаванага.

Кукуруза пасеяна на 615 гектарах, а ўсяго пад «каралеву палёў» адведзена 7657 гектараў. У ААТ «Вялікі Двор» сеюць кукурузу на зерне.

У ААТ «Вішнявецкі-агра» пасаджана 25 гектараў бульбы.

Аднагадовыя культуры пасеяны на 1945 гектарах, што складае 66,2 працэнта. Выканалі планы ААТ «Вялікі Двор», «Агранёманскі», «Каганец», «Шашкі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр».

У ААТ «Агранёманскі» пасеяна 15 гектараў кармавых караняплодаў.

 

ЧАРНУШКАІ СЯВОК

Цыбуля ў раёне вырошчваецца толькі ў  ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», таму плошча пад гэтай культурай на сельгаспрадпрыемстве не змяншаецца. У пачатку красавіка пасадзілі 30 гектараў цыбулі-сяўку галандскага сорту «стурон». На пяцідзесяці гектарах размесціцца чарнушка польскай селекцыі, сяўба якой гэтымі днямі ў гаспадарцы завяршаецца. Сеялі цыбулю спецыяльнымі сеялкамі два Мікалаі – Лошкін і Кульша. Варта адзначыць, што летась атрымалі неблагую ўраджайнасць гэтай агародніннай культуры і практычна ўсю рэалізавалі. Дарэчы, восенню на размнажэнне пасадзілі восем гектараў часнаку высокаўраджайных украінскіх сартоў. Ужо праведзена яго хімпраполка.

 

ВЯДУЦЬ ХІМПРАПОЛКУ

Хімпраполка азімых збожжавых у ААТ «Агранёманскі» праведзена на большай палове плошчаў. Заняты на гэтай тэхналагічнай аперацыі механізатар Аляксей Пальчык, у распараджэнні якога  французскі самаходны апырсквальнік «Раптар». Аляксей  Канстанцінавіч – вопытны работнік, працуе ў таварыстве 35 гадоў. Ён штогод заняты на гэтай рабоце і выконвае яе якасна. Ім жа ўнесены прэпарат супраць пустазелля на стогектарнай плошчы, дзе пасеяны гарох у чыстым выглядзе. Дарэчы, на 10 гектарах сёлета высеялі новы сорт, а дакладней, гадавальнік размнажэння «міленіум».

 

ПАСЕЯЛІ «ЭКСПЛОЕР»

З мэтай сортаабнаўлення ў ААТ «Вішнявецкі-агра» сёлета пасеялі новы ранні сорт піваварнага ячменю інтэнсіўнага тыпу «эксплоер» французскай селекцыі. Набылі 10 тон насення ў ААТ «Белсолад» (г. Іванава), якое займаецца размнажэннем сучасных высокатэхналагічных сартоў. Вытворцы насення сцвярджаюць, што ячмень «эксплоер» аддзячвае высокім ураджаем і ўстойлівы да палягання. Агранамічная служба спадзяецца, што гэтая культура апраўдае закладзены ў ёй патэнцыял, бо пастараліся выканаць усе тэхналагічныя аперацыі і своечасова яе пасеяць.

 

АДНАГАДОВЫЯ СУМЕСІ

У ААТ «Каганец» сёлета пасеяна звыш 140 гектараў аднагадовых траў – бабова-злакавых сумесяў, што больш запланаванага.

– Разворваем участкі пад старымі травамі і пасеем на корм жывёле яшчэ каля 100 гектараў травасумесяў, – сказаў галоўны аграном Дзмітрый Вашкевіч. 

Высяваюцца ў таварыстве і шматгадовыя травы – 110 гектараў занялі пад канюшынай у чыстым выглядзе. У сумесях, пад пашы або на сянаж, пасеялі фестулоліум, аўсяніцу, купкоўку, канюшыну белую і чырвоную. Логіка гэтага рашэння зразумелая – больш будзе ўласнага збалансаванага корму, менш таварыства патраціцца на пакупку дабавак.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *