Вясновымі днямі

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

ЗАЗЕЛЯНЕЕ ШКОЛЬНЫ САД

Падзеяй для Дзераўнянскай сярэдняй школы стала пасадка саду на школьнай тэрыторыі. Старшакласнікі разам з настаўнікамі з вялікай радасцю, прыўзнятым настроем пад вясновы дожджык выканалі гэтую работу. Тэрыторыю Дзераўнянскай СШ, якая і так з’яўляецца ўзорам высокай культуры і адметнага дызайну, цяпер упрыгожаць і маладыя дрэўцы з пышным цветам і сакавітымі пладамі.

Высаджаны грэцкія арэхі, яблыні, слівы, грушы. 26 садовых дрэў ахвяраваў школе ляснічы Кляцішчанскага лясніцтва Аркадзь Панамароў, які мае свой уласны гадавальнік. Гэта падарунак Аркадзя Уладзіміравіча роднай школе. У гэтай навучальнай установе займаюцца і дзве яго дачкі – выдатніцы вучобы Юлія і Паліна.

Дырэктар навучальнай установы Марыя Шумчык, вучнёўскі і настаўніцкі калектывы выказваюць дабрачынцу вялікую ўдзячнасць. Аркадзь Панамароў лічыць, што даваць заўсёды больш прыемна, чым прымаць, і перадаў гэты дар роднай школе са шчодрасцю душы і сардэчнай радасцю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

І ЗАШУМЯЦЬ САСОНКІ

Вясна, як заўсёды, дыктуе свае карэктывы ў паўсядзённае жыццё. Вось і наша Шашкоўская школа высадзілася з працоўным дэсантам на тэрыторыі Старынскага лясніцтва.

Увесь педагагічны калектыў, тэхнічны персанал і вучні старэйшых класаў арганізавалі суботнік і прынялі ўдзел у пасадцы саджанцаў. Нашай школай было пасаджана пяць гектараў новага лесу.

Саджанцы праз некалькі гадоў зашумяць прыгожым маладняком, а нашчадкі сягонняшніх вучняў будуць любавацца велічным лесам і спажываць яго шчодрыя дары.

Наталля КАБЫЛІНСКАЯ, 11 клас



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *