У «Паштовай краіне» жыве «Прамень»

Адукацыя Нумары

Вучань Шашкоўскай школы Захар Радзіон названы пераможцам абласнога конкурсу дзіцячага малюнка «Паштовая краіна», аб’яўленага ў гонар 20-годдзя Мінскага філіяла РУП «Белпошта».

Для падвядзення вынікаў конкурсу арганізатарамі былі вызначаны тры ўзроставыя катэгорыі. Сярод дзяцей ва ўзросце 10–13 гадоў лепшым прызнаны малюнак 10-гадовага Захара Радзіона, выхаванца народнай студыі «Раніца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік – Святлана Калкоўская). Стаўбцоўскі раён, дарэчы, названы сярод тых раёнаў, з якіх была даслана на конкурс найбольшая колькасць работ. Акрамя перамогі Захара Радзіона, спецыяльным прызам за творчы падыход адзначана работа дзевяцігадовай Маргарыты Буцько, выхаванкі студыі «Сузор’е» гэтай жа школы мастацтваў (кіраўнік – Ганна Мартыненка). І, напэўна, сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў з’яўляецца тое, што іх работы будуць экспаніравацца ў аддзяленнях паштовай сувязі.     

Чым адметны малюнак Захара Радзіона? Хлопчык выказаў сваё ўяўленне пра будні паштовых работнікаў, і яно кранае сваёй непасрэднасцю і, разам з тым, дасведчанасцю. Яго ўласны вобраз паштальёна адлюстраваны ў духу блізкай нам коласаўскай тэматыкі. Сваёй шырокай і лёгкай паходкай ён крочыць да людзей  і нясе ў руках, акурат перад сабою, раённую газету «Прамень». Нам, работнікам рэдакцыі, асабліва прыемна тое, што хлопчык усведамляе неаддзельнасць работы паштальёна ад дастаўкі «раёнкі», неабходнасць і важнасць яе ў жыцці кожнага жыхара Стаўбцоўшчыны.

Сёння раённая газета «Прамень» дастаўляецца амаль ў 5,5 тысячы дамоў жыхароў раёна. Гэта нашы падпісчыкі, сталыя і новыя чытачы, якія штоквартальна афармляюць падпіску ў паштальёна або ў аддзяленнях сувязі. Мы з радасцю вітаем кожнага з іх і тых нашых юных чытачоў, якія знаходзяць для сябе ў газеце штосьці цікавае, асаблівае, а магчыма, і заметку пра сябе, пра свой удзел у грамадскім жыцці раёна.

Новых ідэй і творчых поспехаў нашым юным чытачам!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *