Дзеля нашай бяспекі

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

МОТАРУХ – БЕЗ ПАРУШЭННЯЎ

З 15 па 29 красавіка аб’яўлена рэспубліканская прафілактычная акцыя – «Мотарух – без парушэнняў!» Падчас яе пройдзе і адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху, дэвіз якога сугучны з тэматыкай акцыі.   

Штогод з надыходам вясенне-летняга перыяду ўзрастае колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам вадзіцеляў матацыклаў, скутараў і іншых механічных двухколавых транспартных сродкаў. З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці зарэгістраваны тры такія ДТЗ, у тым ліку адна аварыя адбылася з удзелам непаўналетняга вадзіцеля. У гэтых аварыях чатыры чалавекі атрымалі траўмы.

Праверкі па фактах ДТЗ паказалі, што адным з асноўных фактараў, які аказвае ўплыў на цяжкасць наступстваў, з’яўляецца адсутнасць у матацыклістаў вадзіцельскага пасведчання. Акрамя таго, нельга не заўважаць з іх боку фактаў ліхацтва, знаходжання за рулём у стане алкагольнага ап’янення, ігнаравання патрабавання аб выкарыстанні моташлема. 

У ходзе акцыі і адзінага Дня бяспекі дарожнага руху супрацоўнікі ДАІ вядуць шырокую растлумачальную работу з паказам фота- і відэаматэрыялаў з месцаў ДТЗ. Сумесна з участковымі інспектарамі і інспектарамі інспекцыі па справах непаўналетніх, дружыннікамі арганізаваны рэйды па спыненні грубых парушэнняў правілаў дарожнага руху з боку вадзіцеляў матацыклаў, па выяўленні канструктыўна змененых і незарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку матацыклаў і мапедаў. Вядзецца адпрацоўка месцаў правядзення забаўляльных, спартыўных і іншых масавых мерапрыемстваў для моладзі, асабліва ў вячэрні і начны час.

Уладальнікам транспартных сродкаў даюцца тлумачэнні адносна парадку атрымання вадзіцельскага пасведчання катэгорыі АМ, А1 і А, пастаноўкі на ўлік і зняцця з яго матацыклаў, мапедаў, праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду, неабходнасці страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальніка транспартнага сродку. Агучваецца адміністрацыйная і крымінальная адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Так, за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення або  ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў або перадача кіравання асобе ў такім стане, а аднолькава і адмова ад праходжання праверкі (агляду) на  вызначэнне фізічнага стану вадзіцеля цягне штрафныя санкцыі ў памеры ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на тры гады. Ужыванне вадзіцелем алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, наркатычных і іншых сродкаў пасля падачы супрацоўнікам органаў унутраных спраў сігналу аб спыненні транспартнага сродку або пасля ўчынення ДТЗ, удзельнікам якога ён з’яўляецца, да праходжання праверкі (агляду) на вызначэнне яго фізічнага стану караецца штрафам ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання тэрмінам на тры гады. 

Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання гэтым сродкам, як і перадача кіравання такой асобе, караецца штрафам ад пяці да 20 базавых велічынь. За тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года, прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

СПАЙС ГУБІЦЬ АСОБУ

Праблемай з’яўляецца распаўсюджанне курыльных сумесяў, якія ўтрымліваюць у сваім саставе сінтэтычныя канабіноіды. Згодна з інфармацыяй, атрыманай з медыцынскіх інтэрнэт-сайтаў і навуковых выданняў, ужыванне спайсаў прыводзіць да розных непрыемных наступстваў.

У першую чаргу, гэта рэакцыі арганізма на прамое негатыўнае ўздзянне дыму на слізістыя. Той, хто курыць сумесі, пакутуе ад пастаяннага кашлю і ўзмоцненага слёзавыдзялення, мае хрыпаты голас. У яго часта развіваюцца хранічныя ларынгіты, фарынгіты і запаленне лёгкіх. Працяглае курэнне такіх сумесяў можа прывесці да развіцця раку поласці рота і гартані, глоткі і лёгкіх.

З боку цэнтральнай нервовай сістэмы, якая прывыкае да курэння спайсу, могуць праяўляцца разнастайныя рэакцыі: стан эйфарыі, неаргументаваная істэрыка або выбухі рогату, расстройства каардынацыі і арыентавання, візуальныя і слыхавыя галюцынацыі, абсалютная страта здольнасці кантраляваць сябе і свае паводзіны. Усе пералічаныя нервовыя рэакцыі ўжо адной сваёй наяўнасцю пагражаюць чалавечаму жыццю. Вядома вялікая колькасць выпадкаў, калі людзі, накурыўшыся, скачуць з апошняга паверха высотнага дома або купаюцца ў ледзяной вадзе. Пры рэгулярным ужыванні спайсу ўзнікаюць незваротныя парушэнні дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы, ад якіх можна памерці ці стаць інвалідам.

Нельга не сказаць пра моцную інтаксікацыю арганізма, якую выклікае пранікненне з дымам атрутных рэчываў. Праяўленне таксічных рэакцый – гэта ваніты, пачашчанае сэрцабіццё і высокія паказчыкі артэрыяльнага ціску, спазмы і сутаргі, страта прытомнасці і кома. Складанасць ва ўхіленні наступстваў курэння сумесяў заключаецца ў тым, што ў крыві пацыентаў пры аналізе адсутнічаюць наркатычныя злучэнні, што істотна абцяжарвае дыягностыку і прызначэнне граматнага лячэння.

Згодна з клінічнымі назіраннямі, доўгатэрміновае ўжыванне спайсаў аказвае негатыўны ўплыў на печань, палавую і сардэчна-сасудзістую сістэмы, можа справакаваць узнікненне ракавых захворванняў і псіхічных расстройстваў. Па сіле ўздзеяння сінтэтычныя канабіноіды, якія ёсць у курыльных сумесях, у пяць разоў перасягаюць тэтрагідраканабінол, які ўтрымліваецца ў звычайнай марыхуане і выклікае глыбокую незваротную шызафрэнію.

Яўген КУРЫЛА,старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *