Пра бяспеку краіны і ўласную

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ў працоўных калектывах Стаўбцоўшчыны прайшоў дзень інфармавання насельніцтва. Па актуальных пытаннях выступіў на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, а таксама ў раённым аддзеле ўнутраных спраў беларускі вучоны – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, член грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Мікалай Шчокін.  

Выступленне вучонага ў гэтых калектывах супала са знамянальнай падзеяй – штогадовым Пасланнем Прэзідэнта краіны да парламента і беларускага народа. У сувязі з гэтым, разважаючы над найбольш значнымі праблемамі нашай рэчаіснасці, Мікалай Сяргеевіч «прайшоў» шлях ад спадзяванняў і надзей простага чалавека да агульнадзяржаўных клопатаў, прыярытэтаў і перспектыў.

– Правядзенне збалансаванай эканамічнай палітыкі, пытанні ЖКГ, сацыяльнага забеспячэння, барацьбы з карупцыяй, гарантыі бяспекі хвалююць многіх людзей, – звяртае ўвагу Мікалай Шчокін. – Сапраўды, Беларусь варта развіваць за кошт унутраных крыніц, рэзерваў, пры гэтым усёй вертыкалі ўлады неабходна дэманстраваць інавацыйныя дзеянні, асэнсоўваць высокі ўзровень адказнасці перад краінай і людзьмі. Давер людзей да кіраўніка краіны з’яўляецца магутным стабілізуючым фактарам, і гэты давер органам улады неабходна апраўдаць. Выдзяленне дзяржаўных сродкаў – пад канкрэтныя праграмы, а расходы павінны адпавядаць даходам. Сёння запатрабаваны вынікі. Ідэалогія – душа дзяржавы. Наша краіна пастаянна знаходзіцца ў трэндзе сусветнай палітыкі, ініцыіруе мірныя праграмы і праекты, якія падтрымлівае сусветная супольнасць. У Беларусі дакладна вызначаны прыярытэты знешняй палітыкі. Будучае залежыць ад сталасці прынятых рашэнняў і ад нашага жадання працаваць на сваё заўтра.

Мікалай Шчокін, як член грамадскага савета пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, падрабязней спыніўся на пытаннях бяспекі. Каб гарантаваць яе, сваю работу (часта нябачную для звычайнага чалавека) выконвае ў тым ліку і міліцыя. Для чаго пры міністэрстве быў створаны грамадскі савет, у склад якога ўваходзяць аўтарытэтныя, вядомыя ў краіне людзі? Іх задача – дапамагчы наладзіць дыялог паміж грамадствам і органамі міліцыі. Менавіта ад членаў савета ідуць прапановы, якія служаць удасканаленню заканадаўства (варта прыгадаць нядаўняе абмеркаванне прапаноў па лібералізацыі адміністрацыйнага заканадаўства) і, адпаведна, фарміраванню больш поўнага даверу грамадзян да міліцыі.

У сходзе бралі ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння УУС Мінаблвыканкама Кірыл Дубовік. Да прысутных звярнуўся начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка, які, у прыватнасці, акрэсліў тэму бяспекі састарэлых жыхароў раёна ў сувязі з аб’яўленай з 1-га ліпеня 2016 года дэнамінацыяй, правядзеннем акцыі «Сям’я без насілля» і т. п. Не лішне нагадаць, што ў першую чаргу кожны з нас сам павінен паклапаціцца аб уласнай бяспецы. У ходзе абмеркавання работнікі філіяла, у многіх з якіх ёсць дзеці, папрасілі змяшчаць у газеце больш інфармацыі адносна распаўсюджвання праз сетку інтэрнэту парнаграфічных і іншых забароненых матэрыялаў, пра тое, у якім выпадку за гэта наступае адказнасць. Пакуль гэтая тэма для многіх жыхароў раёна дастаткова новая і незнаёмая.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *