Наша моладзь

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

ВАЛАНЦЁРЫ НАВОДЗЯЦЬ ПАРАДАК

Валанцёры раённай арганізацыі БРСМ дапамагаюць у добраўпарадкаванні нашых храмаў.

Адна з апошніх іх валанцёрскіх спраў – ачыстка і падрыхтоўка пад афарбоўку металічнай агароджы вакол касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах, а таксама ўборка смецця на прылеглай да касцёла тэрыторыі. Менавіта гэтую работу прапанаваў валанцёрам, а сярод іх былі вучні ўсіх трох гарадскіх школ, ксёндз Адам. Ён, дарэчы, і сам працаваў поруч з дзяўчатамі і хлопцамі і ахвотна гутарыў з моладдзю, весяліў яе жартамі, чым пацвердзіў сваю сучаснасць. Работы з агароджай касцёла многа, таму валанцёры мяркуюць прыйсці сюды яшчэ не раз. 

– Распачаўся раённы этап рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Адновім святыні Беларусі», – зазначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – У бягучым годзе наша дзейнасць у гэтым накірунку прыкметна пашырылася, таму што БРСМ заключыў пагадненне аб супрацоўніцтве літаральна з усімі канфесіямі, зарэгістраванымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Летась мы пачыналі гэтую дабрачынную акцыю з аказання дапамогі ў добраўпарадкаванні кафедральнага сабора святой праведнай Ганны, сёлета вырашылі прапанаваць яе касцёлу святога Казіміра.

 

ЗАПІШЫСЯ Ў СТУДАТРАД

У раённым камітэце БРСМ ідзе запіс у студэнцкія атрады, якія будуць дзейнічаць падчас летніх канікулаў.

– Першыя жадаючыя прыходзілі яшчэ ў сакавіку, – адзначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Заяўкі прымаюцца ад моладзі ва ўзросце 14 гадоў (у даным выпадку абавязковая ўмова для  працаўладкавання – пісьмовая згода аднаго з бацькоў) і старэйшых. 16-гадовыя дзяўчаты і юнакі маюць права на самастойнае рашэнне адносна ўступлення ў студатрад (тэлефон для даведак – 5-16-20).   

У летнім сезоне гатовы прапанаваць працаўладкаванне для школьнікаў Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства, а таксама ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ААТ «Вішнявецкі-агра». Работа будзе звязана з доглядам сельскагаспадарчых культур, зборам ураджаю ў садзе, прыёмкай збожжавых і т. п.

Мінулым летам на Стаўбцоўшчыне працавалі 10 сельскагаспадарчых атрадаў, чатыры педагагічныя і дзевяць сэрвісных. Усе яны атрымалі добрыя водгукі ад наймальнікаў. Задаволенымі засталіся і школьнікі, якія пажадалі зарабіць свой рубель. Педагагічныя атрады пад эгідай БРСМ дзейнічалі на базе аздараўленчага лагера «Нёман». Два з іх насілі імёны герояў вайны – У. З. Царука і генерал-лейтэнанта Пліева. Адзін з сельскагаспадарчых студатрадаў, пад іменем «Чыпаліна»,  працаваў на праполцы цыбулі ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Прадпрыемства выказала зацікаўленасць у дапамозе школьнікаў і падчас уборкі ўраджаю цыбулі.  

 

ЛІЧБАВАЯ ПЕРСПЕКТЫВА БРСМ

Паводле сацыялагічных даных, каля 87 працэнтаў жыхароў Беларусі хаця б раз у дзень карыстаюцца інтэрнэтам. Гэта не толькі сховішча інфармацыі, але і сродак камунікацыі, які фактычна мяняе стыль жыцця і дзейнасці.

У гэтым упэўнена першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, дзякуючы якой у апошнія гады дзейнасць раённай арганізацыі БРСМ шырока прадстаўлена ў розных сацыяльных сетках і групах і работа па асваенні інтэрнэт-прасторы набывае ўсё большы маштаб. Невыпадкова, што Анастасія аказалася сярод сотні лідараў маладзёжных інтэрнэт-супольнасцяў, пачынаючых блогераў, web-журналістаў БРСМ з усіх рэгіёнаў краіны, запрошаных да ўдзелу ў ІІІ Рэспубліканскім маладзёжным інтэрнэт-форуме. Форум быў прымеркаваны да Міжнароднага дня інтэрнэту, праходзіў пад эгідай грамадскага аб’яднання «БРСМ», пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Міністэрства інфармацыі, а таксама РУП «Белтэлекам».

– Маладзёжны інтэрнэт-форум пачаў сваю работу з майстар-класаў, арганізаваных на базе Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь (тэлеканал  «Беларусь 24»), ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Беларускае тэлеграфнае агенцтва», Беларускага партала TUT.BY, – падзялілася Анастасія Калодзінская.

Асноўныя мерапрыемствы форуму перамясціліся ў Міжнародны цэнтр камунікацыі РУП «Белтэлекам», дзе разам з урачыстым адкрыццём форуму была наладжана работа ў кластарах «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі» і «Мабільныя тэхналогіі». Фіналісты рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «100 ідэй для Беларусі» прадставілі актуальныя ІТ-распрацоўкі. Сярод іх – аўтары і стваральнікі інтэрактыўнай пазнавальнай гульні «На шляху да Перамогі!», электроннага вучэбна-дыдактычнага комплексу «Навейшая гісторыя Беларусі», мабільных дадаткаў SchoolAssistand і «Школьны эксперымент», маладзёжнага тэлебачання «СтудТВ» і інш., фарсайт-дыскусіі з вядомымі журналістамі, спецыялістамі інтэрнэт-маркетынгу.

На форуме была звернута ўвага на развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у рэспубліцы і пашырэнне доступу да іх не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, а і ў раённых гарадах. Так, у снежні 2015 года ў краіне быў паспяхова запушчаны першы этап развіцця 4G. Перспектывы  4G – гэта 1,5 тысячы базавых станцый у цэлым па краіне. Акрамя таго, у Беларусі развіваецца тэхналогія GPON. Да канца бягучага года ёю зможа карыстацца мільён абанентаў. Да 2020 года згодна з мэтавай праграмай развіцця лічбавай эканомікі плануецца выйсці на колькасць карыстальнікаў у 2,5 мільёна. Тэхналогія стане даступнай для жыльцоў усіх шматкватэрных дамоў. Сёння колькасць карыстальнікаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт набліжаецца да трох мільёнаў чалавек.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *