Для дзяцей

Адукацыя Нумары

РАБI ДАБРО!

Валанцёры з 9 «А» класа СШ № 3 на чале з настаўніцай Аленай Мікалаеўнай Буднік  чарговы раз наведалі Дом дзіцяці №1 горада Мінска. У ім знаходзяцца дзеці, якія аказаліся ў складаных жыццёвых умовах – без бацькоўскай апекі. Мы прывезлі малышам шмат падарункаў і вельмі дзякуем усім, хто дапамог іх сабраць.

Шчыра прызнацца, я вельмі хвалявалася перад паездкай. Ведаючы свой характар, сваю ўражлівасць, баялася, што не вытрымаю і расплачуся, сутыкнуўшыся з чужой бядой. Але ўсё выйшла насуперак маім чаканням. Нам паказалі цудоўных дзяцей. Калі яны паелі, выхавацелі пасадзілі на каляскі пяцёра дзяцей і адправілі нас разам з імі на прагулку. Я пайшла на прагулку з маленькай дзяўчынкай  Ксюшай. Калі я дакранулася пальцам да далонькі Ксюшы, дзiцятка раптам усміхнулася і з сілай сціснула мой палец сваімі маленькімі пальчыкамі.  Я пачала фантазіраваць, забаўляць малую, што даставіла Ксюшы шмат радасці і весялосці, яна смяялася.

Вучні А. М. Буднік праявілі сябе як выдатныя валанцёры, людзі з добрай і чулай душой. Сама Алена Мікалаеўна праводзіла час з малымі, кожны яе жэст, погляд быў праявай вялікай і светлай любові да дзяцей.

Мы не можам змяніць увесь свет, зрабіць яго шчаслівым, але мы можам зрабіць шчаслівым кагосьці побач. І справы міласэрнасці не менш карысныя тым, хто іх ажыццяўляе, а не толькі для адрасатаў дабра.

Кацярына ІГНАТОВІЧ

 

НОВЫ ЧАС – НОВЫЯ ПРАФЕСІІ

У Дзераўнянскай сярэдняй школе прайшоў тыдзень прафарыентацыі.

Адкрыла яго намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А. А. Сянько, якая акцэнтавала ўвагу на тым, як важна знайсці сябе ў моры прафесій.

Былі праведзены цікавая гульня-віктарына «Калейдаскоп прафесій», конкурс малюнкаў «Я мару стаць …» з  навучэнцамі пачатковых класаў. Змястоўную гутарку правяла бібліятэкар школы В. Г. Даўгапол ля кніжнай паліцы «Сто дарог, адна твая». Разам з педагогам сацыяльным А. У. Кушнер на працягу тыдня праводзілі кансультацыі «Новы час – новыя прафесіі». З навучэнцамі і бацькамі 9-х, 11-х класаў праведзены кансультацыі «Профільнае навучанне ў школе», вывучаліся прафесійныя інтарэсы ў навучэнцаў 9-х класаў, сачылі за размяшчэннем інфармацыі на сайце ўстановы адукацыі «Дні адчыненых дзвярэй у ССНУ, ВНУ».

Закрыццё тыдня прафарыентацыі адбылося палілогам «Разумны выбар, правільнае рашэнне».

Наталля ВІЛЬНЯВЕЦ,педагог-псіхолагДзераўнянскай сярэдняй школы

 

ШЫКУЮЦЦА ЛЕТНІКІ

Раённы выканаўчы камітэт заслухаў пытанне падрыхтоўкі да аздараўленчага перыяду дзяцей падчас летніх канікул. Гэтая тэма стала прадметам нашай размовы з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людмілай Стонька.

–       Людміла Мар’янаўна, навучальны год падыходзіць да завяршэння. Для вучняў выпускных класаў на першым плане – здача экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, а астатнім навучэнцам можна ўжо планаваць свае летнія канікулы. Што вы можаце ім прапанаваць?

–       Пытанні летняга адпачынку, аздараўлення, занятасці дзяцей і моладзі – прыярытэтныя ў рабоце дзяржаўных органаў, на рэалізацыю іх накіроўваецца значны аб’ём дзяржаўных сродкаў. Аздараўленчая кампанія ў бягучым годзе будзе праходзіць з 1 чэрвеня па 30 жніўня. Ставіцца задача арганізаваць аздараўленне і працоўную занятасць непаўналетніх розных узроставых груп. Прыярытэты застаюцца нязменнымі: умацаванне здароўя дзяцей, сацыяльная абарона і падтрымка найбольш неабароненых катэгорый дзяцей з малазабяспечаных, шматдзетных сем’яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У аздараўленчых лагерах раёна будуць аздароўлены 1800 дзяцей: 1050 – у дзённых, 750 – у кругласутачных. Летняе аздараўленне мае ярка выражаную сацыяльную накіраванасць. У кругласутачных лагерах адпачнуць 45 дзяцей-сірот. Для іх, а таксама  20 дзяцей-інвалідаў, 50 дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, падлеткаў, якія стаяць на розных формах уліку, у раённым бюджэце прадугледжаны 78,8 мільёна рублёў на даплату да поўнага кошту пуцёвак. Будуць працаваць кругласутачныя лагеры: «Нёман» – аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, імя Я. М. Чайкі – ВРУП «Мінаблгаз», «Церамок» – ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод». Распачнуць работу 22 лагеры дзённага прабывання для 1050 дзяцей, восем профільных лагераў для 160 дзяцей.

–       Як рыхтуецца да сезона ведамасны аздараўленчы лагер аддзела адукацыі, спорту і турызму «Нёман»?

–       На падрыхтоўку лагера «Нёман» да летняга сезона затрачана 23 мільёны рублёў пазабюджэтных сродкаў. Выкананы работы па рамонце і пафарбоўцы агароджванняў, касметычны рамонт жылых пакояў, санітарных вузлоў, заменены электрасвяцільнікі, часткова заменены дзверы, адрамантавана мэбля. Штогод прадстаўніцтвам Мінскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва выдзяляюцца фінансавыя сродкі для падрыхтоўкі стацыянарных аздараўленчых лагераў да летняй кампаніі. У бягучым годзе 28 мільёнаў рублёў будзе накіравана для замены плітачнага пакрыцця падлогі ў агароднінным цэху і цэху халодных закусак харчблока.  З мясцовага бюджэту будуць выкарыстаны сродкі для набыцця наматрацнікаў і ложкаў. Да 1 мая будзе завершана работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі лагера, праведзены рамонт і пафарбоўка вулічнага гульнявога і спартыўнага абсталявання, выраўноўванне плітачнага пакрыцця пешаходных сцяжынак.

–       Ці вызначаны ўжо кошт пуцёвак?

–       Сярэдні кошт пуцёўкі ў стацыянарны аздараўленчы лагер «Нёман» складае ад 2,5 да 2,7 мільёна рублёў. Памер датацыі на патанненне пуцёўкі тэрмінам не менш за 18 дзён складае 1 600 000 рублёў, у лагер з дзённым прабываннем – 660 тысяч рублёў, у лагеры працы і адпачынку з дзённым прабываннем – 740 тысяч рублёў, з кругласутачным прабываннем – 680 тысяч рублёў, у профільныя лагеры з тэрмінам прабывання не менш за 9 дзён – 680 тысяч рублёў. Бацькоўская плата за пуцёўку ўстанаўліваецца ў памеры не менш за 10 працэнтаў ад яе поўнага кошту.

–       Як будзе вырашана кадравае пытанне на аздараўленчы перыяд?

–       Кіраўнікамі аздараўленчых лагераў назначаюцца намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце ці педагогі, якія маюць вопыт работы ў аздараўленчых лагерах. Сфарміраваны банк даных педагогаў, якія жадаюць працаваць у розных тыпах аздараўленчых лагераў, арганізавана іх навучанне. Да работы ў лагеры «Нёман» будуць прыцягнуты студэнты педагагічных ВНУ для праходжання практыкі.  Перад педагогамі пастаўлена задача ўмацавання фізічнага і эмацыянальна-псіхалагічнага здароўя дзяцей, развіцця іх інтэлектуальных здольнасцяў і творчага патэнцыялу.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *