Актуальна

Нумары Соцыум

БОЛЬ ЧАРНОБЫЛЯ

На Стаўбцоўшчыне зарэгістраваны 301 пацярпелы ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый. 52 з іх – гэта тыя, хто пражывае на забруджанай тэрыторыі, і 249 – перасяленцы з забруджаных раёнаў.

– Пасля абмену пасведчанняў, які праходзіў з 1 студзеня па 31 снежня 2012 года, усе гэтыя людзі надзелены агульным статусам – пацярпелых, – адзначае начальнік аддзела працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Тарарай. – Абмен завяршыўся тры гады таму, і той, хто па нейкіх прычынах прапусціў яго, цяпер павінен па-новаму пацвярджаць свой статус.

Сацыяльную абарону пацярпелым забяспечвае Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый». У раённым выканаўчым камітэцедзейнічае камісія па ўстанаўленні статуса грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый. Для атрымання статуса неабходна прадаставіць заяву, пашпарт, дзве фотакарткі памерам 3х4, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы (для ліквідатараў, інвалідаў, у якіх устаноўлена прычына інваліднасці). 

Да ліку забруджаных населеных пунктаў раёна (зона пражывання з перыядычным радыякантролем ад 1 да 5 кюры/км2) адносяцца на даны момант два – Цеснавая-1 і Заменка.          

 

ДОМ БЕЗ НАСІЛЛЯ

З 18 па 30 красавіка 2016 года на тэрыторыі Мінскай вобласці праходзіла рэспубліканская акцыя «Дом без насілля». Мэта акцыі – прыцягнуць шырокія слаі насельніцтва для аказання дапамогі і садзейнічання дзяржаўным органам у вырашэнні праблем насілля ў сям’і з прымяненнем да асоб асацыяльных паводзін мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў.

У 2015 годзе ў Мінскай вобласці ў сферы сямейна-бытавых адносін зарэгістраваны 53 цяжкія злачынствы, з пачатку 2016 года агульная колькасць бытавых злачынстваў ужо дасягнула 17. Большасць гэтых злачынстваў учынена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Ва ўсіх раёнах вобласці арганізавана работа бясплатных тэлефонных ліній для ахвяр сямейнага насілля. Акрамя таго, функцыянуе гарачая лінія рэспубліканскага значэння, тэл. 8-801-100-8-801 (ананімна, штодзённа з 08.00 да 20.00). Званок са стацыянарнага тэлефона бясплатны.

Аляксандр КІСЕЛЬ, начальнік УАПП УУС Мінскага аблвыканкама

 

СЕМ ВЕЛАСІПЕДАЎ «З’ЕХАЛІ» З МЕСЦА ЗДАРЭННЯ…

З пачатку года на тэрыторыі раёна зафіксавана сем крадзяжоў веласіпедаў. Праблема гэтая з адкрыццём «двухколавага» сезона набывае актуальнасць.

Чатырох веласіпедаў пазбавіліся стаўбчане з дамоў па вуліцах Міру і Цэнтральнай, якія пакінулі сваю тэхніку ў пад’ездзе, падвале ці на лесвічнай пляцоўцы. Тры веласіпеды былі ўкрадзены ў вяскоўцаў, прычым іх «ліквідавалі» ў гаспадароў разам з іншай маёмасцю. Асноўная прычына падобных злачынстваў – нядбайныя адносіны ўладальнікаў да сваёй маёмасці.

Не сакрэт, што рэчы, кінутыя без нагляду і дзе папала (грамадзянам і арганізацыям, згодна з «Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў», зацверджаных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, забаронена загрувашчванне калідораў, лесвічных маршаў і пляцовак, праходаў, запасных выхадаў і іншых дапаможных памяшканняў), рана ці позна абавязкова зацікавяць злодзея. Не варта пакідаць веласіпед у тамбуры ці пад’ездзе, бо «паляванне» ідзе як на дарагія, сучасныя мадэлі, так і на старыя, парадкам праржавелыя «колы». Калі трэба паехаць у магазін ці на пошту, веласіпед лепш за ўсё паставіць непасрэдна ў памяшканні або там, дзе ён будзе пад вашым пастаянным наглядам.

Калі веласіпед укралі, неабходна абавязкова звяртацца ў міліцыю. Часта грамадзяне не спяшаюцца набіраць нумар 102 або свайго ўчастковага, мяркуючы, што ўсё роўна злодзей не будзе знойдзены. Званіць неабходна ў любым выпадку, і чым раней, тым больш шанцаў знайсці злодзея. Апошні, як правіла, – нехта з мясцовых жыхароў. Акрамя таго, калі вам прапануюць купіць за бясцэнак веласіпед, паведаміце пра гэта ў міліцыю. Магчыма, ваш званок дапаможа злавіць злодзея што называецца за руку і, такім чынам, не даць расці колькасці пацярпелых. Уявіце, што на месцы пацярпелага  можа аказацца любы з нас.

Сяргей ПЕЧАНКО,супрацоўнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

З КАЛЕНДАРОМ ПРЫШЧЭПАК

Стаўбцоўскі раён з 24 па 30 красавіка прымаў удзел у 11-м Еўрапейскім тыдні імунізацыі.

Пры правядзенні кампаніі 2016 года акцэнт робіцца на неабходнасці імунізацыі на ўсіх этапах жыцця, у тым ліку падлеткам і дарослым людзям. З дапамогай прышчэпак можна папярэдзіць мноства захворванняў. Дзякуючы імунізацыі чалавецтва пазбавілася  ад такіх страшных захворванняў, як натуральная воспа, дыфтэрыя, поліяміэліт, ад якіх раней паміралі сотні людзей.

У Рэспубліцы Беларусь за апошнія 30 гадоў планавая імунізацыя ў рамках Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак з падтрыманнем узроўню ахопу вакцынацыяй 95–98 працэнтаў насельніцтва абумовіла адсутнасць з 2011 года выпадкаў слупняку і дыфтэрыі, зніжэнне захваральнасці на адзёр, краснуху, эпідэмічны паратыт, коклюш, вірусны гепатыт В, туберкулёз.

Мэтанакіраваная планавая вакцынацыя дзіцячага насельніцтва ад поліяміэліту дазволіла Беларусі з 2002 года сертыфікавацца ў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя як краіне, свободнай ад гэтай інфекцыі. Для падтрымання гэтага статусу ў нас штогод праводзіцца вакцынацыя бежанцаў і мігрантаў, якія ўязджаюць без звестак аб прафілактычных прышчэпках.

Імунізацыя, прадугледжаная ў рамках Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак, з’яўляецца даступнай для кожнага чалавека бясплатнай мерай прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. Дзеючы ў Рэспубліцы Беларусь Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак прадугледжвае правядзенне імунізацыі супраць 12-ці інфекцый. Удасканаленне гэтага календара працягваецца. Унесены змены ў 2016 годзе, у выніку чаго прафілактычныя прышчэпкі супраць туберкулёзу ва ўзросце сямі гадоў у далейшым праводзіцца не будуць. Таксама ў рамках праграмы ліквідацыі поліяміэліту была зменена схема вакцынацыі: замест шасці прафілактычных прышчэпак цяпер курс вакцынацыі складаецца з чатырох.

У перыяд правядзення Еўрапейскага тыдня імунізацыі ў раённай паліклініцы працавала гарачая лінія. Асаблівая ўвага надаецца рабоце з бацькамі, якія сістэматычна адмаўляюцца ад прышчэпак дзецям.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўскага раёна! Не падвяргайце ваша жыццё і жыццё вашага дзіцяці, блізкіх людзей небяспецы. Абараніце сябе ад цяжкіх інфекцый вакцынацыяй. Наведайце амбулаторыю, гарадскую паліклініку ў зручны для вас час. Пы пытаннях імунізацыі вам будзе забяспечана кансультацыя кваліфікаваных спецыялістаў.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

ВЯСНА ПАЧАЛАСЯ РАНА

Актыўныя веснавыя працэсы ў гэтым годзе пачаліся рана. Сярэднясутачная тэмпература паветра перайшла праз плюс 5 градусаў у бок павышэння 3 красавіка, што на 11 дзён раней за шматгадовую дату і на 10 дзён пазней мінулага года. У выніку вельмі цёплага надвор’я на назіральным участку з азімай пшаніцай і азімым рапсам 4 красавіка было адзначана аднаўленне вегетацыі.

Да 15 красавіка назіралася вельмі цёплае надвор’е. Сярэднясутачная тэмпература паветра адзначалася ад плюс 3-8 да 9-12 градусаў, што адпаведна на 1–4 і 5–11 градусаў вышэй сярэдніх шматгадовых значэнняў. Днём 11 і 12 красавіка ртутны слупок падымаўся да плюс 16-22 градусаў. Мінімальная тэмпература з вегетацыйнага перыяду ў  начныя і ранішнія часы вагалася ад нуля – плюс 4 да 6-11 градусаў цяпла. 3 красавіка назіраліся замаразкі да мінус 2 у паветры і на глебе.

За 15 дзён сярэдняя тэмпература паветра раўнялася плюс 9 градусаў, што на 5 градусаў вышэй сярэдніх кліматычных значэнняў і на 4 градусы цяплей, чым у той жа час мінулага года. Выпала 20 мм ападкаў, што складае 95 працэнтаў ад нормы.

У пачатку сельскагаспадарчай вясны патрэбна своечасова правесці належны догляд пасеваў. Неабходна не ўпусціць аптымальных тэрмінаў першай падкормкі азотнымі ўгнаеннямі. Падкормка пачалася з моманту ўстойлівага аднаўлення вегетацыі азімых культур. Падкормка азотам дазволіць сфарміраваць дадатковыя прадукцыйныя парасткі. Асаблівай увагі патрабуе азімы рапс, моцна зрэджаныя пасевы і тыя, што загінулі, прыйдзецца перасяваць. У азімых збожжавых працягваецца кушчэнне, вышыня раслін 12 см, ацэнка стану – добры і здавальняючы.

Па выніках інструментальнага вызначэння вільготнасці глебы, праведзенага 8 красавіка на пасевах азімай пшаніцы і азімага рапсу, у ворыўным слаі глебы ўтрымлівалася 17–24 мм, а ў паўметровым слаі – 65–67 мм прадукцыйнай вільгаці, што дастаткова для росту і развіцця раслін.

Для больш дэталёвага выяўлення стану азімых культур і шматгадовых траў пасля перазімоўкі, у перыяд з 11 па 13 красавіка, было праведзена наземнае маршрутнае абследаванне. Усяго па раёне абследавана 16 палёў з азімымі збожжавымі культурамі, з іх 10 палёў з азімай пшаніцай і 6 – з азімым трыцікале. Усе культуры на гэтых палях знаходзяца ў фазе кушчэння, стан пасеваў добры. Іншая сітуацыя з азімым рапсам, які знаходзіцца ў фазе ліставой разеткі. Пасевы на пяці палях у здавальняючым стане, на двух – у дрэнным. Гібель і зрэджанасць пасеваў ад вымярзання даходзіць да 60–80 працэнтаў. Са шматгадовымі травамі абследавана 12 палёў. Фаза – веснавое адрастанне, ацэнка стану траў добрая. Гібель азімых збожжавых пасеваў назіралася ў межах дапушчальнага – да 10 працэнтаў.

Марыя УСТАВІЧ, начальнік мэтэастанцыі «Стоўбцы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *