Велікодная пісанка

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Трэці раз Стаўбцоўшчына сабрала ўдзельнікаў рэгіянальнага свята-конкурсу беларускай пісанкі. Гэтае мастацкае свята традыцыйна праходзіць напярэдадні Вялікадня. У раённым Цэнтры культуры свае мастацкія работы – распісаныя ў розных відах мастацкай творчасці велікодныя яйкі – прадставілі 29 майстроў з нашага раёна і майстры з Уздзенскага, Слуцкага, Чэрвеньскага, Вілейскага раёнаў. Усяго ўдзел у конкурсе бралі каля 40 майстроў.

Стаўбцоўскі раён быў прадстаўлены ўмельцамі з Шашкоўскай, Дзераўнянскай дзіцячых школ мастацтваў, Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа, Старасвержанскай сярэдняй школы, СШ № 2 г. Стоўбцы і членамі народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» раённага Цэнтра культуры.

Умельцы прадэманстравалі розныя віды роспісу велікодных яек. Была прадстаўлена інкрустацыя саломкай, роспіс фарбамі і воскам, аздабленне бісерам, капанка, драпанка, шкрабанка, дэкупаж, тэхніка «пэйп-арт». Такія майстры, як Яўген Чуйко, Ульяна Казлоўская, Карына Коршун з нашага раёна прадставілі на суд журы і наведвальнікаў выставы арыгінальны аўтарскі варыянт роспісу. Вельмі прыемна было назіраць, што сярод удзельнікаў  конкурсу майстроў традыцыйнага для Беларусі мастацтва роспісу яек шмат дзяцей. Трэба аддаць тут належнае кіраўніку народнага клуба «Пралеска» Аліне Халявінскай, кіраўнікам гурткоў і студый пры школах мастацтваў і агульнаадукацыйных навучальных установах, якія прыкладваюць свае старанні  для адраджэння і развіцця народных рамёстваў, перадачы гэтага скарбу маладому пакаленню. Толькі так можна захаваць народныя промыслы.

Журы конкурсу ўзначаліла загадчыца традыцыйнага аддзела народнай творчасці Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова.

Гран-пры конкурсу быў прысуджаны майстрысе з Вілейскага раёна Святлане Лучнікоўскай, якая прадставіла на свята багатую дамашнюю калекцыю сваіх мастацкіх работ. Гэта роспіс яек воскам.

У розных намінацыях удзельнікі конкурсу атрымалі дыпломы І, ІІ, і ІІІ ступеняў. Гэтае свята дало майстрам унікальную магчымасць пазнаёміцца і павучыцца разнастайным тэхнікам роспісу яек, паглядзець, чаго дасягнулі ўмельцы ў гэтай творчасці.

Свята прайшло ў дружалюбнай, прыветлівай атмасферы. Арганізатарам конкурсу ўдалося заручыцца спонсарскай падтрымкай мясцовых арганізацый, дзякуючы чаму ўдзельнікі свята мелі магчымасць паабедаць за адным сталом, бліжэй пазнаёміцца. На памяць аб ІІІ рэгіянальным свяце-конкурсе беларускай пісанкі ў Стоўбцах удзельнікам застануцца прызы і дыпломы. У арганізацыі мерапрыемства акрамя работнікаў культуры паўдзельнічалі ААТ «Вялікі Двор», індывідуальны прадпрымальнік Святлана Жарнак, Скамарошскі мясакамбінат «Мясапрадукт», Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, райспажыўтаварыства, філіял Гарадзейскага цукровага камбіната.

Свята-конкурс падарыла ўсім светлы пасхальны настрой.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: юныя майстрыхі Ганна Яцэвіч і Вікторыя Рамановіч са Старасвержанскай СШ; вось такая прыгажосць; за роспісам – сястрычкі Марыя і Дар’я Калкоўскія; пастаянны ўдзельнік мастацкіх конкурсаў вучань СШ № 2 Мацвей Ганчаронак; кіраўнік гуртка Аталезскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа В. Я. Віцько са сваімі выхаванцамі Ульянай Казлоўскай і Карынай Коршун; калекцыя дзераўнянскіх умельцаў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *