ГАСПАДАРЫ І ГАСПАДЫНЬКІ ЗАВІХАЮЦЦА Ў САДКУ
У Шашкоўскім дзіцячым садзе вялікая ўвага надаецца развіццю здольнасцяў дзяцей. Вось так, як Арцём Малахаў і Ілона Лысая, яны кухараць, вось так, як Арына Кулакоўская, – вучацца быць гаспадынькамі, што спатрэбіцца ім у далейшым жыцці.
СУСТРАКАЕМ ПАСХУ
Светлая выстава дзіцячых работ, прысвечаная вялікаму хрысціянскаму святу – Уваскрэсенню Гасподняму – адкрыта ў гэтыя дні ў дзіцячых яслях-садзе № 7 г. Стоўбцы.
Выхавацелі спецыяльнай групы Алена Калошыч, Таццяна Кухарчык і групы «Ромашка» Раіса Шынгель і Наталля Каменка арганізавалі сем’і падрыхтаваць выставу малюнкаў. Дзеці разам з бацькамі малявалі Пасху ў сваёй душы. Атрымалася выдатная выстава работ, якая сагравае ўсіх і дапамагае захаваць у душы светлы мірны настрой.
Ля выставы затрымліваюцца ўсе. Як нямнога патрэбна, каб падарыць радасць.
КОНКУРС СУВЕНІРНЫХ РАБОТ «ГЕРБ РОДНАГА ГОРАДА»
ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» аб’яўляе аб правядзенні творчага конкурсу сувенірных работ «Герб роднага горада». Мэта конкурсу: захаванне і развіццё нацыянальных і самабытных традыцый, захаванне гістарычнай пераемнасці пачуццяў падрастаючага пакалення.
Удзельнікамі конкурсу могуць быць дзеці і моладзь ва ўзросце да 31 года ўключна. На конкурс прымаюцца работы, выкананыя ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (бісерапляценне, вышыўка крыжыкам і гладдзю, лепка, пляценне, вязанне, шыццё, роспіс па шкле, кераміка, дэкупаж, арыгамі, мазаіка, фларыстыка, разьба па дрэве, світ-дызайн, квілінг, саломапляценне, ткацтва і іншыя віды). Работа павінна ўяўляць сабой сувенір, выкананы па матывах выявы Герба горада Стоўбцы і Стаўбцоўскага раёна, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 20.11.2006 № 691, але не з’яўляцца яго дакладнай копіяй. Памер работ не павінен перавышаць 10х15 см.
Прадстаўляюцца работы з 16 па 25 мая 2016 года ў ДУА «СЦТДіМ» (г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 81), а 27 мая – урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў.
Пераможцы вызначаюцца ў кожнай узроставай групе: 1-е месца – 2 000 000 руб., 2-е месца – 1 500 000 руб., 3-е месца – 1 000 000 руб.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на сайт росток.бел (раздзел «Кантакты») ці ў ДУА «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі» (тэл. 5-15-00, 2-52-90).
Жадаем вам поспехаў!