На палях раёна

Нумары Сельская гаспадарка

ВЫЗНАЧЫЛІСЯ НА СЯЎБЕ

Па добрай традыцыі, што склалася ў раёне, механізатары, якія дасягнулі на веснавой сяўбе найвышэйшых паказчыкаў, узнагароджваюцца падзячнымі пісьмамі і падарункамі. З прыемнай місіяй – павіншаваць перадавікоў з працоўнай перамогай – на мінулым тыдні выехалі ў гаспадаркі раёна першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. Найбольш перадавікоў з  ААТ «Агранёманскі» – сямёра. На хімпраполцы збожжавых вызначыўся вопытны Аляксей Пальчык. Казімір Дамброўскі стаў лепшым на перадпасяўной апрацоўцы глебы. Збожжавых і зернебабовых больш пасеяў Дзмітрый Сагайдакевіч, цукровых буракоў – Аляксандр Пухоўскі. Іосіф Шыкуць  вылучыўся на ўнясенні тукаў, Альфрэд Чарнец – на ворыве глебы, Аляксандр Калошыч – на чызеляванні глебы. Усе яны з ААТ «Дзераўное».

Мікалай Тарасевіч з ААТ «Каганец» парупіўся на культывацыі глебы, а Антон Какошын з ААТ «Рубяжэвічы» – на пагрузцы арганікі.

Сярод маладых механізатараў першынствавалі: Аляксандр Гярлоўскі – на сяўбе збожжавых і зернебабовых, Віктар Семянько – на ўнясенні мінеральных угнаенняў, Сяргей Палуян – на чызеляванні глебы (ААТ «Агранёманскі»), на ворыве глебы – Аляксей Русецкі (ААТ «Шашкі»), на культывацыі глебы – Андрэй Пажога  (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»), на перадпасяўной апрацоўцы глебы Віталій Тарабэш  (ААТ «Жацерава»), на ўнясенні арганікі – Максім Гушчэня (ААТ «Вялікі Двор»).

На здымку: віншаванне з працоўнай перамогай атрымлівае малады механізатар ААТ «Жацерава» Віталій Тарабэш.

 

ІНФАРМАЦЫЯ НА 2 МАЯ

Пад яравую сяўбу падрыхтавана 21 033 гектары глебы, што складае 84,2 працэнта.

Яравыя культуры пасеяны на плошчы 19 619 гектараў – 78,5 працэнта да плана. У ААТ «Каганец» сяўба практычна завершана.

Ільнаводчыя гаспадаркі справіліся з сяўбой ільну.

Завершана сяўба цукровых буракоў.

Кукуруза пасеяна на 2829 гектарах – 36,9 працэнта.

У ААТ «Вішнявецкі-агра» поўнасцю пасаджана бульба. Усяго пад гэтай культурай у раёне будзе занята 780 гектараў, з якіх 600 гектараў пасадзіць СГФ «Сула».

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» пасеяна  94 гектары гарчыцы і 59 гектараў цыбулі.

Хімпраполка азімых збожжавых культур праведзена на 8357 гектарах, азімага рапсу – на 1172 гектарах. Прыступілі да хімпраполкі цукровых буракоў буракаводы ААТ «Рубяжэвічы», дзе гэтая работа праведзена на пятай частцы пасяўных плошчаў. Пачалі апрацоўваць спецыяльнымі прэпаратамі пасевы яравых збожжавых і зернебабовых ААТ «Агранёманскі», «Дзераўное» і «Рочавічы».

 

КАШТОЎНАЯ КУЛЬТУРА

На сельгаспрадпрыемствах раёна азімая свірэпіца (плошчы пад ёю ў параўнанні з мінулагоднім намнога павялічаны) займае сёлета 835 гектараў. Пасеялі гэтую кармавую культуру адзінаццаць гаспадарак. На мінулым тыдні пачалася ўборка свірэпіцы на корм жывёле. Ураджайнасць зялёнай масы па раёне складае звыш ста цэнтнераў  з гектара, а самая высокая ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Шашкі» – 118 і 117 цэнтнераў. Дарэчы, у вішняўчан і самая вялікая ўборачная плошча – 110 гектараў. Варта адзначыць, што свірэпіца не толькі каштоўная высокабялковая кармавая культура, а і добры санітар палёў – яна знішчае пустазелле злакавых культур і з’яўляецца выдатным  папярэднікам пад усе сельскагаспадарчыя культуры. Такім чынам, з аднаго поля за год здымаюцца два ўраджаі. Такія сельгаставарыствы, як «Агранёманскі», «Жацерава», «Радзіма Якуба Коласа» і «Шашкі» маюць сёлета намер вырасціць уласнае насенне свірэпіцы.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *