Жыць з чорнай быллю

Нумары Соцыум

Жыць з чорнай быллю, надзеяй на мір і на тое, што ліквідатарам прыйшла пара аб’яднацца ў грамадскую арганізацыю, – такі лейтматыў раённага мерапрыемства да 30-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі, арганізаванага раённым выканаўчым камітэтам.

26 красавіка ў раённым Цэнтры культуры пра сумную падзею нагадвала тэматычная выстаўка дзіцячых малюнкаў. Дзіцячыя ўяўленні – яркія, нераўнадушныя,  аднак вельмі сціплыя ў параўнанні з тым, што перажылі людзі, якія сабраліся ў зале. Атрымалася надзвычай хвалюючая сустрэча іх, аб’яднаных адным лёсам, з нешматслоўнымі балючымі ўспамінамі, шчымлівымі вершаванымі радкамі, удзячнасцю Стаўбцоўшчыне за тое, што прыняла перасяленцаў як сваіх… Нячаста здараецца бачыць, як сталыя жанчыны і мужчыны не могуць стрымаць слёз, не ў стане справіцца з нахлынуўшымі эмоцыямі… Усё гэта было, калі гучалі праўдзівыя расказы ліквідатараў з экрана (расказвалі Мікалай Савініч і Генадзь Калодзінскі) і непасрэдна са сцэны…  

Мы прывыклі думаць, што мера чалавечага жаху – вайна. Аднак Чарнобыль – страшней… Свайго праціўніка-ворага ты не бачыш у твар, у яго няма колеру і паху, ён – смяротна небяспечны, знішчае на зямлі ўсё жывое… Атамны рэактар дыхаў побач… Гэты нябачны праціўнік разам з недахопам інфармацыі пра яго пасеяў у душах людзей неверагодны страх.

Якім ён быў у тыя красавіцка-майскія дні 1986 года?.. Асэнсаваць гэта можна цяпер, калі прайшло некалькі дзесяцігоддзяў. Сапраўды, гэта была трагедыя нашага народа, усёй Беларусі (на яе долю выпала каля 70 працэнтаў радыяцыйных ападкаў, забруджанай аказалася амаль чвэрць усёй тэрыторыі). Такога ў нас яшчэ не было, каб зямлю хавалі ў зямлі. У адзін міг вялікая колькасць беларусаў і іх сем’яў страцілі дом, работу, блізкіх, малую радзіму… Усё! Малых дзяцей забіралі ад матуляў і везлі далей ад бяды, але ніхто не  ведаў – куды. Пры адсяленні з забруджаных тэрыторый дазвалялася браць з сабою толькі дакументы і грошы… 

Аднак гэтая бяда згуртавала наш народ, і вось ужо тры дзясяткі гадоў краіна змагаецца за адраджэнне тых земляў, за здароўе тых, хто дапамагаў ліквідоўваць наступствы тэхнагеннай катастрофы і хто цаною жыцця і здароўя імкнуўся не дапусціць яшчэ большай бяды. 

Нізкі паклон загінуўшым і ўдзячнасць, павагу жывым – за іх пачуццё доўгу, мужнасць і стрыманасць – перадала ліквідатарам аварыі і сем’ям перасяленцаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко (яна з’яўляецца і сакратаром раённай камісіі па ўстанаўленні статусу грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый). Сведкам тых падзей і той напружанай сацыяльна-псіхалагічнай абстаноўкі быў старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі, на той момант – начальнік райаддзела міліцыі. Ужо ў маі з ліку міліцыянераў былі адпраўлены на забруджаныя тэрыторыі першыя ліквідатары, а ў цэлым  праз зону забруджвання прайшло каля паловы асабовага саставу райаддзела міліцыі.

Адзін з іх, Анатоль Копач, узняўся на сцэну і палічыў сваім доўгам «памаўчаць» – ушанаваць мінутай маўчання памяць ліквідатараў, якіх ужо няма з намі… Зала падтрымала яго. Падтрымала і старшыню раённай арганізацыі КПБ Ніну Дубовік, якая сваё пранікнёнае выступленне-рэквіем завяршыла прапановай: «Прыйшоў час аб’яднацца чарнобыльцам, стварыць сваю арганізацыю».

Вядучыя прадаставілі слова Ганне Стасянок – адначасова ліквідатару (у 1986 годзе яна працавала ў Нараўлянскім раёне ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва, займалася праектаваннем магільнікаў) і прадстаўніку сям’і перасяленцаў. Народжаная на Прыпяці, яна выйшла на сцэну з кнігай пра Чарнобыль. Гэта для яе – дарагая рэліквія. На яе старонках жанчына знаходзіць тое, што сугучна ўласнай душы, што хочацца расказаць усім. «Мы – птицы одного гнезда, но нас по свету разбросало…». «А дети просятся домой, там кукла на окне осталась…».  Такія рэальныя вобразы малой радзімы не могуць не крануць за жывое, не выклікаць пачуцця суперажывання. 

Пасля Чарнобыльскай аварыі Стаўбцоўшчына дала прытулак сотням сем’яў перасяленцаў. У многіх тут нарадзіліся дзеці, унукі, і іх ніхто не дзеліць на сваіх-чужых і ўспрымае такімі ж жыхарамі раёна. Жыццё працягваецца… І дай Бог, каб наша краіна, увесь свет не ведалі войнаў і катастроф. Будзем берагчы мір!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: пасля сустрэчы ёсць аб чым пагутарыць (злева направа): Наталля Лапко, Іосіф Язвінскі, Анатоль Копач, Мікалай Савініч, Святлана Жыбуль; Ганна Стасянок – і ліквідатар, і перасяленец.

 

НЕ ЗАБЫЛІ СВАІХ «ЧАРНОБЫЛЬЦАЎ»

На ўліку ў пярвічнай арганізацыі ветэранаў міліцыі чацвёра членаў, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Сярод іх – Аляксандр Міхайлавіч Турко, Мікалай Генадзьевіч Хіла, Анатоль Іванавіч Копач, Франц Касперавіч Шалькевіч. Да іх напярэдадні 30-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС завіталі са сціплымі падарункамі старшыня пярвічкі Анатоль Антонавіч Драбовіч разам з казначэем Марыяй Казіміраўнай Хлапіцкай. Адбылася цёплая сустрэча былых калег, аздобленая россыпам успамінаў і ўзаемных роспытаў. Марыя Казіміраўна, памяць якой і сёння, як у сапраўднага «дакументаліста» з пашпартнага стала, вызначаецца дакладнасцю лічбаў і фактаў, прыгадвае:

– У 1986 годзе з саставу райаддзела міліцыі былі камандзіраваны ў раёны, пацярпелыя ад радыяцыйнага забруджвання, 17 чалавек. Ёсць тут сувязь  ці не, але шасцёра з іх потым рана пайшлі з жыцця, ва ўзросце 45-50 гадоў… Некаторых, як Аляксандра Міхайлавіча Турко, туды накіравалі праз год пасля аварыі. А ўвогуле ў райаддзеле ў свой час служылі 38 супрацоўнікаў, лёс якіх быў звязаны з Чарнобылем.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *