Створаны добрыя пашы – прырастуць і надоі

Нумары Сельская гаспадарка

На мінулым тыдні на базе ААТ «Агранёманскі» праводзіўся семінар, на якім у якасці асноўнага разглядалася пытанне пераводу дойных статкаў на летняе пашавае ўтрыманне. Месца правядзення мерапрыемства было выбрана невыпадкова. Агранёманцы першымі вывелі дойны статак на пашу. Пры гэтым у гаспадарцы за апошні год перазалужаны пажыўнымі шматгадовымі травамі практычна ўсе адведзеныя для пасьбы жывёлы плошчы.

Як падкрэсліў у пачатку семінара старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, з прыходам дырэктара Уладзіміра Жукава паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне таварыства палепшыліся і вытворчасць малака паступова павялічваецца. Вядзецца ўзнаўленчая работа. Вывад адназначны: у любой справе галоўная роля належыць кіраўніку. Як арганізуе дырэктар працу сваіх падначаленых, такімі будуць і вынікі. Юрый Мікалаевіч акцэнтаваў увагу на тым, што генетычны патэнцыял дойнага статка раёна дазваляе атрымліваць у сярэднім ад кожнай каровы да дзесяці тысяч кілаграмаў малака. Пакуль што ён задзейнічаны толькі напалову. Але калі кожнаму кіраўніку і спецыялісту ўзяцца за работу па-сапраўднаму, разам працаваць на канчатковы вынік, то сямітысячны рубеж – лічба для раёна цалкам рэальная.

У перспектыве перавод статкаў на круглагадовае кармленне. Дзеля гэтага будуць сушыцца сена і закладвацца сянаж са шматгадовых траў, сілас з кукурузы. Аднак без пашы не абысціся. Патрэбны высокапрадукцыйныя шматкампанентныя пашы. Гэта дазволіць у летні пашавы перыяд павялічыць надоі. І ў плане прафілактыкі іх наяўнасць абавязковая – для прагулак жывёлы і аздараўлення кароў.

Сёння, і гэта нонсэнс, пашы ў некаторых гаспадарках не перазалужаліся па шэсць – дзесяць гадоў. Аб якіх паказчыках можна гаварыць?! У сувязі з гэтым пастаўлена задача: для перазалужэння самім трэба вырошчваць насенне перспектыўных  відаў, якія каштуюць даволі дорага. Гэта абыдзецца сельгаспрадпрыемствам намнога танней. Такая работа ўжо пачалася. У «Агранёманскім» летась пасеяна  на насенне 5,5 гектара люцэрны. Будуць вызначаны яшчэ як мінімум дзве гаспадаркі, якія таксама зоймуцца вытворчасцю насення. Акцэнт быў зроблены, у прыватнасці, на фестулоліум, які па пажыўнасці не саступае люцэрне. За два апошнія гады доля  шматгадовых траў у структуры пашы раёна павялічылася і складае 18 працэнтаў, а павінна быць 25 працэнтаў. Каб мець высокую прадукцыйнасць жывёлы, сельгаставарыствам неабходна імкнуцца да гэтай лічбы. Аднагадовыя травы вырошчваць менавіта на падкормку.

Удзельнікі семінара – дырэктары, галоўныя заатэхнікі і галоўныя ветурачы сельгаспрадпрыемстваў, галоўныя спецыялісты райсельгасхарча і адпаведных раённых службаў – пабывалі на пашах. Першай наведалі пашу, дзе пасвіўся дойны статак МТФ «Стары Свержань». Кожнаму заставалася толькі па-добраму пазайздросціць брыгадзіру фермы Таццяне Пальчык. Травастой на пашы, якая займае дваццаць восем гектараў, проста цудоўны. Пасеялі тут сем кампанентаў шматгадовых траў інтэнсіўнага тыпу. Насенне закупілі замежнай селекцыі. Таццяна Уладзіміраўна падзялілася вопытам вызначэння ўраджайнасці травы на пашы, расказала, па якім прынцыпе адбіваюцца клеткі. Тэхналогія пасьбы тут вытрымліваецца, статак пасвіцца франтальна. Для кароў у наяўнасці соль, мел, мінеральныя дабаўкі, падвозіцца сена. Прагон для жывёлы выгараджаны невялікімі слупкамі (дарэчы, так зроблена на ўсіх фермах). Пасля таго як кароў выгналі на гэтую пашу, прыбаўка малака на карову складае штодзень звыш трох кілаграмаў пры надоі 17,7 кілаграма. Поўнасцю ліквідаваны мінус. І ўвогуле па гаспадарцы  валавая вытворчасць малака ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам павялічылася і дасягнула 111 працэнтаў менавіта дзякуючы створаным пашам   (работа гэтая будзе працягвацца і надалей) і мэтанакіраванай селекцыйнай рабоце. У выніку –  павялічылася выручка ад продажу малака, што дазволіць вырашаць іншыя праблемныя пытанні, своечасова выплачваць заработную плату. Дарэчы, у гаспадарцы летась перазалужана 182 гектары пашы. Зрасходаваны немалыя сродкі, але каровы накормлены пажыўным травастоем, таму затраты неўзабаве акупяцца (малака рэалізавана больш), ды і пашы будуць выкарыстоўвацца на працягу пяці гадоў. Выгада відавочная. На гэтым закцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама.

Госці пабывалі і на перазалужаных пашах некаторых іншых фермаў, дзе  травастой таксама радуе вока. Прыпыніліся ля МТФ «Ператокі», дзе вядзецца маштабная рэканструкцыя памяшканняў і ствараецца комплекс па адкорме бычкоў. Завіталі і на новабудоўлю – «клюшачнік, які ўзводзіцца на МТФ «Залужжа».

На пленарным пасяджэнні падводзілі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за першы квартал. З лічбамі прысутных азнаёміла і назвала ўпушчэнні ў рабоце начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова. Галіна Аляксандраўна засяродзіла ўвагу на якасці рэалізаванага малака. Пакуль што яна жадае быць лепшай. Практычна ўсё малако здаюць першым гатункам  тры сельгаставарыствы – «Рочавічы», «Шашкі» і «Рубяжэвічы». Адна з прычын –  мастыты, якія да канца не вылечваюцца. А таксама бескантрольнасць за работай жывёлаводаў з боку спецыялістаў і загадчыкаў фермаў. Калі на месцах людзі будуць працаваць сумленна, то і якасць малака палепшыцца. А гэта дадатковыя грошы і дастойная заработная плата. Вяртаюць малако перапрацоўшчыкі вытворцам у асноўным па наяўнасці ў прадукцыі антыбіётыкаў і павялічанай колькасці саматычных клетак.  Апаратуру, з дапамогай якой вызначаюцца гэтыя паказчыкі, маюць не ўсе таварыствы. У каго яна ёсць, у таго і якасць малака высокая. Вялася размова пра прагоны для жывёлы, якія патрэбна было зрабіць да 20 красавіка. У гэтым плане падвяргалася рэзкай крытыцы кіраўніцтва ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе да гэтага часу не было выгараджана ніводнага прагону. 

Асаблівая ўвага ўдзялялася ўзнаўленчай рабоце. Увогуле па раёне вынікі  пакуль што невысокія. Лепш за іншых спрацавалі ААТ «Агранёманскі», «Каганец», ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Вялікі Двор» – яны і сёлета будуць з малаком.  Палепшыўся паказчык у ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Горш ідуць справы ў ААТ «Шашкі» і «Рочавічы». Для таго каб мець высокія паказчыкі, неабходна, каб сэрвіс-перыяд у кароў раўняўся 80 дням.

Вялася размова аб забеспячэнні ветспецыялістаў ветэрынарнымі прэпаратамі. З раённага бюджэту на гэтыя мэты сёлета выдзелены адзін мільярд дзвесце мільёнаў рублёў. Аднак і самім кіраўнікам трэба паклапаціцца закупіць лекі.  Нельга дапускаць, каб хваробы  пераходзілі ў хранічныя, бо якаснае малако можна атрымаць толькі ад здаровай каровы. Узнімаліся і іншыя важныя пытанні.

Падзяліліся ўражаннямі ад убачанага, а яны, зразумела, былі станоўчымі, галоўны заатэхнік ААТ «Каганец» Вера Конюх і галоўны ветурач ААТ «Вялікі Двор» Уладзімір Швед. Абодва спецыялісты коратка расказалі і пра накоплены імі вопыт работы па якасці малака і па лячэнні жывёлы.

Напрыканцы семінара слова ўзяў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень. Дзяніс Сяргеевіч падагуліў вышэйсказанае і зазначыў, што кіраўнікі, спецыялісты і радавыя працаўнікі павінны адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. На ўсіх вытворчых аб’ектах неабходна наладзіць дысцыпліну і строгі кантроль. Практыка паказвае, што ў адваротным выпадку дабіцца станоўчых вынікаў проста немагчыма. І ў прыватнасці, у жывёлагадоўчай галіне – самай складанай і працаёмкай. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў варта пераняць  у гэтым плане спецыфіку работы дырэктараў ААТ «Вялікі Двор», «Каганец» і ТАА «СЖК «Налібакі», якія ўдзяляюць жывёлагадоўлі самую пільную і неаслабную ўвагу. Пастаянна наведваюцца на фермы, каб пракантраляваць работу сваіх падначаленых. І справа спорыцца. Не дзіўна, што ў гэтых гаспадарках самыя высокія паказчыкі па вытворчасці малака.

Асноўную ўвагу кіраўнік сельскагаспадарчай галіны ўдзяліў наступнай палявой кампаніі  – «зялёнаму жніву». Летась на сенажацях працавалі спецыяльна створаныя міжгаспадарчыя механізаваныя звенні, што дазволіла вытрымаць тэхналогію і закласці якасныя кармы.  Сёлета такая практыка будзе працягнута. Ужо вызначаны гаспадаркі, якія будуць працаваць разам. Укамплектоўваюцца тэхнікай пяць звенняў. Пад першы ўкос адведзена немалая плошча – 12 963 гектары. Таму неабходна паскорыць рамонт кормаўборачнай тэхнікі. Ужо сёння трэба весці ачыстку і пабелку сянажных траншэй. Нарыхтоўка травяных кармоў для грамадскага статка – вельмі важнае пытанне, і падысці да яго трэба з поўнай адказнасцю.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *