Не быць раўнадушнымі

Добраўпарадкаванне Нумары Прамая лінія

Падчас правядзення прамой тэлефоннай лініі з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Сарокам паступіў шэраг тэлефонных званкоў, якія сведчаць аб тым, што ёсць шмат нераўнадушных людзей, якія не праходзяць абыякава міма фактаў безгаспадарчасці і парушэння нормаў і правілаў экалагічнага заканадаўства, дзеляцца сваімі парадамі, сваім бачаннем, як можна зрабіць наша жыццё больш камфортным, чыстым, бяспечным.

Антаніна Сімакова з Атцэды падняла вельмі важную праблему. На чыгуначных станцыях здымаюць надворныя туалеты. Гэта прывяло да такой сітуацыі: лясны масіў забруджваецца да агіднасці.

Аляксандр Сарока:

–       Па гэтым пытанні адкрыем адміністрацыйны працэс у адносінах  да службовых асоб Баранавіцкай дыстанцыі ахоўных зялёных насаджэнняў. Прыведзены факт – грубае парушэнне экалагічнага заканадаўства, будуць прыняты строгія меры з далейшым кантролем сітуацыі.

Тэлефанаванне з вёскі Канкаловічы падказала факт парушэння ўстройства каналізацыйнай сістэмы выграбу.

Па гэтым тэлефанаванні супрацоўнікі інспекцыі наведалі адрасата, факт абсталявання каналізацыйнага сцёку з грубым парушэннем санітарных нормаў пацвердзіўся. Прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Жыхары дамоў па вуліцы Энгельса папрасілі размясціць інфармацыйную памятку аб правілах утрымання прысядзібных тэрыторый.

Кіраўніцтву аб’яднання камунальных службаў рэкамендавана забяспечыць жыхароў такой інфармацыяй.

Прыемнае тэлефанаванне было з Мінска. Паступіла ўдзячнасць за тое, што ў вёсцы Засулле абсталявана пляцоўка і ўстаноўлены кантэйнеры для збору смецця.

А з суседняй вёскі Зарэчча быў крытычны тэлефонны званок. Кантэйнеры ўстаноўлены, аднак ніякага парадку з вывазам смецця няма. Скрыні пастаянна перапоўненыя, смецце расцягваюць сабакі і каты, на пляцоўцы бруд і антысанітарыя.

–       Матэрыялы па гэтых фактах будуць накіраваны для прыняцця мер у аб’яднанне камунальных службаў з адпаведным адміністрацыйным пакараннем.

Тэма збору цвёрдых бытавых адходаў была працягнута і ў тэлефанаванні аднаго са стаўбчан. Ён дзяліўся ўражаннямі, як арганізаваны вываз смецця ад могілак на Капыльшчыне, куды яны з сям’ёю пастаянна ездзяць на магілы родных. Яны наведваюць чацвёра сельскіх могілак невялікіх вёсак. На ўсіх могілках устаноўлены па чатыры кантэйнеры для збору смецця. І ніводзін раз яны не бачылі, каб яны былі перапоўненыя, каб быў беспарадак.

–       Паднята вельмі важная тэма. У раёне 99 могілак. Ёсць прыклады вельмі дагледжаных месцаў пахавання. У першую чаргу патрэбна назваць Дзераўную і Налібакі. Сельвыканкамы цесна супрацоўнічаюць з мясцовымі свяшчэннаслужыцелямі, якія ў сваіх пропаведзях падымаюць людзей на святую справу догляду месцаў пахавання. Працуюць усе разам, не перакладваюць гэтую справу на плечы іншых. Гэты прыклад патрэбна пераняць і іншым сельвыканкамам. Актуальна стаіць патрэба раздзельнага складзіравання адходаў. Крыжы трэба складваць асобна, іх нельга кідаць са смеццем. Пластмасавыя вянкі, карзіны – таксама збіраць асобна, іх нельга падпальваць, ядавіты дым ад іх небяспечны для здароўя чалавека і навакольнага асяроддзя. Абрэзаныя кусты, галіны раім складзіраваць асобна. Старшыням сельвыканкамаў рэкамендавана падрыхтаваць і ўстанавіць на могілках інфармацыйныя шыльды: «Месца для складзіравання раслінных адходаў», «Месца для складзіравання адходаў ад пахавання» (кветкі, вянкі, помнікі). Заклікаем і жыхароў раёна праявіць сумленне і дысцыплінаванасць для такога патрабавання. Што датычыць устаноўкі кантэйнераў каля сельскіх могілак, безумоўна, гэта ідэальны варыянт. Такая работа патрабуе фінансавых укладанняў, таму пытанне гэтае парэбна больш дэталёва разгледзець. Цяпер аб’яднанне камунальных службаў пераглядае схему вывазу камунальных адходаў, інфармацыя жыхарам раёна будзе даведзена праз сродкі масавай інфармацыі і праз размяшчэнне інфармацыйных матэрыялаў на стэндах у сельвыканкамах.

Антаніна Сімакова з Атцэды, якая праявіла найбольшую актыўнасць, падзялілася і такой сваёй прапановай. Людзі абразаюць сад, не ведаюць дзе дзець галлё, загрузіць яго ў машыны для вывазу смецця праблематычна. Многа непатрэбнага галля можна знайсці і ў лясных масівах. Было б рацыянальна, каб у раёне была закуплена спецыяльная машына для перапрацоўкі такога віду адходаў у драніцу.

–       Прапанова вельмі слушная. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна праяўляць актыўнасць у навядзенні парадаку на нашай зямлі. Вы заўсёды можаце патэлефанаваць па нумарах 5-01-12, 5-01-83, 9-029-870-79-20 і паведаміць аб фактах парушэння экалагічнага заканадаўства, выказаць свае прапановы і заўвагі. Будзем добраўпарадкаваць нашы населеныя пункты разам.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *