Для чысціні і прыгажосці

Добраўпарадкаванне Нумары

ПАД ПОЛІКАРБАНАТНЫМ «НЕБАМ»

Для клумбаў горада патрабуецца не менш за 20 тысяч штук расады кветак розных відаў. Частку яе камунальнікі высеялі ва ўласнай цяпліцы з полікарбанатным верхам, а большую частку будуць закупляць сёлета ў спецыялізаваных арганізацыях.

– Пералік таго, што намечана купіць, даволі значны, – расказвае ландшафтны дызайнер Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Наталля Грынюк. – У сваю цяпліцу мы высеялі рэшткі таго насення, якое засталося з мінулага года: бархатцы, астру, геліхрызум, васілёк, кляому і інш.

Разам з ландшафтным дызайнерам над расадай кветак працуе вопытны кветкавод Ірына Свірская. Яны даглядаюць і пасадачны матэрыял пад адкрытым небам, які складаецца пераважна са шматгадовых кветак – цюльпанаў, хрызантэмаў, алісуму, лілей. Іх выкарыстоўваюць для падсадкі на клумбах горада.

Масавая высадка расады на клумбы горада пачынаецца ў пачатку мая, каб да Дня Перамогі ўпрыгожыць яго рознакаляровымі сімваламі вясны і міру.        

 

ЭКЗОТЫ З ЛЯСГАСА

З надыходам вясны Стаўбцоўскі лясгас актыўна рэалізуе насельніцтву, суб’ектам гаспадарання раёна дэкаратыўны пасадачны матэрыял.  

Як адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа, з пастаяннага ляснога пітомніка прапануюцца саджанцы дрэў і кустоў – ліпы, рабіны, кізільніку, глогу, акацыі жоўтай, барбарысу. Сярод іх пакупнікоў фігурыруюць такія арганізацыі, як ДЭУ № 62, цэнтральная раённая бальніца, аб’яднанне камунальных службаў. Камунальнікі, да прыкладу, падпісалі з лясгасам дагавор на набыццё 113 штук дрэў і кустоў для азелянення нашага горада.

Акрамя ведамаснага гадавальніка саджанцы рэалізуе і Кляцішчанскае лясніцтва. Тут спецыялізуюцца на вырошчванні пераважна экзатычных відаў – разнастайных туй, вярбы пурпурнай, ядлоўцу казацкага, самшыту, гартэнзіі, фарзіцыі, кіпарысавіку, спірэі. Яны карыстаюцца вялікім попытам у насельніцтва. Ужо прададзена іх 228 штук на суму 12 710 000 рублёў.   

 

ГРЭЙДАР НА ВУЛІЦЫ

На вуліцах сельскіх населеных пунктаў раёна працуюць грэйдары.

Так патлумачыў дырэктар ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі і пры гэтым адзначыў вялікую запатрабаванасць гэтай спецтэхнікі.

На балансе дарожнікаў знаходзіцца 68 км сельскіх вуліц, а таксама 302 км мясцовых дарог у гравійным выкананні. Што датычыць вуліц, то спецтэхніка праходзілася пасля зімы толькі па аварыйных участках (у цэлым гэта склала прыкладна 17 км). Грэйдзіруюцца ў першую чаргу дарогі. У бліжэйшы час гэтыя работы будуць завершаны і дарожнікі прыступяць да масавага грэйдзіравання вуліц.

Канкрэтнай перыядычнасці грэйдзіравання вуліц, як падкрэслівае Вадзім Савіцкі, не ўстаноўлена. Нарматывам прадугледжана, што адбываецца гэта раз у квартал па зменным графіку. Адным словам, дарожнікі прымаюць рашэнне аб неабходнасці грэйдзіравання ў залежнасці ад глыбіні ўтвораных на праезджай частцы ямінаў, што ў многім залежыць ад пагодных умоў, інтэнсіўнасці руху транспарту і т. п. І, безумоўна, ад якасці папярэдняга грэйдзіравання.

Каб правесці якаснае грэйдзіраванне, механізатар павінен у першую чаргу «лавіць» ухілы, а не аўтаматычна «рэзаць» дарогу. Без вопыту работы непасрэдна на грэйдары гэтага дабіцца немагчыма. На даны момант у ДРБУ № 135 працуюць на грэйдарах два механізатары, два месцы пакуль застаюцца вакантнымі. Па гэтай прычыне не ўсе грэйдары на лініі. Іх у дарожнікаў пяць: тры самаходныя адзінкі і дзве – прычапныя.

 

УЛІК НА ЎЗРОЎНІ КУХНІ

Па выніках работы за мінулы год Стаўбцоўскім аб’яднаннем камунальных службаў сабрана больш за 770 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў розных відаў. Гэта сведчыць, што план па зборы карысных адходаў выкананы на 100 працэнтаў.

Найбольш у раёне, каля 470 тон, сабрана адходаў шкла. Амаль 180 тон – паперы і кардону, 90 і 20 тон адпаведна – зношаных шынаў і палімерных адходаў. Калі праводзіць параўнальную з папярэднімі гадамі дынаміку, то, відавочна, што тэмп збору пастаянна расце (158 тон – у 2013 годзе, 564 тоны – у 2014, 770 тон – у 2015) і яго «вал» з’яўляецца значным у агульнаабласным маштабе (9 435 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў сабрана ў Мінскай вобласці ў 2013 годзе, 20 761 тона – у 2014, 23 750 тон – у 2015).

Ужо ў гэтым годзе стаўбцоўскімі камунальнікамі адгружана на перапрацоўку больш за 33 тоны макулатуры, 129 тон шкла, чатыры тоны палімерных адходаў і 80 тон адпрацаваных шын. «Улік вядзецца штодзённа», – падкрэслівае значнасць і актуальнасць задачы па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан.

На Стаўбцоўшчыне збор іх ажыццяўляецца пры дапамозе перасоўнага пункта, які курсіруе па ўсім раёне згодна з графікам, і стацыянарнага пункта, разгорнутага на базе былой воінскай часці, а таксама ў ходзе цэнтралізаванага збору цвёрдых камунальных адходаў ад насельніцтва. Для гэтага ў райцэнтры ўстаноўлена 296 кантэйнераў і 875 –  у сельскіх населеных пунктах раёна, 56 – на прыпыначных пунктах. Сёлета АКС плануе закупіць яшчэ 226 кантэйнераў.      

– На вывазе цвёрдых камунальных адходаў, ачыстцы кантэйнераў задзейнічаны шэсць аўтамабіляў МАЗ з бакавой загрузкай, яшчэ чатыры МАЗы і тры ГАЗы з задняй загрузкай, – расказвае Валерый Бохан аб працэсе збору. Ён называе лепшых вадзіцеляў, якія працуюць на гэтай тэхніцы. Іван Жыцкі, Аляксандр Вайдзілевіч, Дзмітрый Азановіч, Дзяніс Пяткевіч, Мар’ян Бычкоўскі. У Бычкоўскіх – сямейная дынастыя, побач з бацькам працуе на газэлі, прыстасаванай пад перасоўны пункт, сын Дзмітрый. Нарыхтоўшчык на перасоўным пункце – Алена Юзафатава, з прыходам якой справы значна ажывіліся.

Ажыўленне звязана і з тым, што ў АКС было аб’яўлена спаборніцтва па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў сярод падраздзяленняў. Калі падвялі яго вынікі, сталі вядомы імёны самых ашчадных і дысцыплінаваных. У іх ліку – майстар кацельнай гаспадаркі Марыя Карніцкая, майстар па комплекснай уборцы прысядзібных тэрыторый Святлана Бохан і майстар гаспадарчага ўчастка Віталь Хамічонак. Дзякуючы рабочаму па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Анатолю Рабкевічу шмат другасных рэсурсаў паступіла і працягвае паступаць з палігона цвёрдых камунальных адходаў, што ў Новым Свержані. Значна ўзраслі не толькі іх аб’ёмы, але і віды. На бягучы год па прадпрыемстве выдадзены загад: падобнае спаборніцтва арганізаваць і ў 2016 годзе, а для заахвочвання яго ўдзельнікаў прадугледзець аплату за здадзеную сыравіну па тых самых расцэнках, што ўстаноўлены для здатчыкаў.

Пажадана, каб з лёгкай рукі камунальнікаў у гэтую справу ўключыліся ўсе працоўныя калектывы, жыхары раёна. Кожны з нас павінен усведамляць жыццёвую неабходнасць і элементарную лагічнасць сартавання бытавых адходаў на першапачатковым этапе – на ўзроўні сваёй кухні. Калі мы навучымся ўспрымаць іх не як непатрэбшчыну, а як сыравіну, другасныя рэсурсы, багацейшымі будуць нашы сем’і, наша краіна.

Пазваніўшы па тэлефоне 8-029-778-75-92, можна дамовіцца ад здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *