Старт «Нёман-Агра» ў футбольным першынстве рэспублікі

Нумары Спорт

ПА НОВЫМ РЭЧЫШЧЫ

Нарэшце чаканні і спадзяванні прыхільнікаў стаўбцоўскага «Нёмана-Агра» збыліся. Каманда са Стоўбцаў стала ўдзельніцай першынства Беларусі па футболе ў другой лізе. Прыгадваем, што ў рэспубліканскі чэмпіянат нашы футбалісты вярнуліся праз 17 гадоў, апошні іх удзел пазначаны 1999 годам.

Новы статус. Безумоўна,  узровень «на рэспубліцы» ўсё ж вышэйшы, чым прадстаўніцтва ў абласным турніры. Сапернікі мацнейшыя, больш спрактыкаваныя. З гэтага і пачынаем размову з дырэктарам і галоўным трэнерам ФК «Нёман-Агра» Андрэем Мікалаевічам. Сапраўды, разам са стаўбчанамі ў другой лізе беларускага футбола будуць сапернічаць  вопытныя калектывы з Гомеля, Магілёва, Пінска, Мазыра, Калінкавіч, Рагачова, Жыткавіч, Асіповіч. Больш знаёмыя па спаборніцтвах у першынстве Міншчыны каманды Маладзечна, Клецка, Мар’інай Горкі. Да іх і дабірацца недалёка, а да іншых жа — сотні кіламетраў. Але галоўнае, каб не было адставання ў майстэрстве.

Андрэй Мікалаевіч упэўнены ў сваіх рабятах, настрой у іх сур’ёзны. Адзначае, што ўжо не дапаможа ў сувязі з ветэранскім спартыўным узростам былы нязменны капітан каманды Андрэй Шпадарук. Наўрад ці выйдзе ўжо сам на поле, але заўсёды гатовы даць параду маладзейшым Дзмітрый Макарэвіч. А ўвогуле ж надзея і на вопытных ігракоў, і на новае папаўненне калектыву.

«Пройдземся па лініях», – прапануе Андрэй Іванавіч. Пост нумар адзін – варатара каманды – гатовы заняць Дзмітрый Калоша, Вадзім Уставіч, Уладзіслаў Карніцкі. Магчыма, ігравую практыку будзе мець і Павел Нятрэба. У лініі абароны ўбачым Віталія Даўнаровіча, Арцёма Сукалу, Паўла Туміловіча, Аляксея Дзягеля, Ягора Дзмітрачкова. З ФК «Баранавічы» перайшоў у Стаўбцоўскую каманду Аляксандр Буча, з дзяржынскай «Лівадзіі» – браты Віталь і Дзмітрый Стомалі. Папоўнілася новымі кадрамі і паўабарона. Разам з мясцовымі хлопцамі Аляксандрам Палешчуком, Аляксандрам Крамко, Уладзіславам Рубінам у саставе калектыву цяпер Сяргей Маліноўскі з Баранавіч, Віктар Шуста з Нясвіжа, Віктар Кліміхін з Дзяржынска. А Ігар Сталярэнка выступаў за ФК «Рэчыца». У нападзенні – спадзяванні на галоўнага бамбардзіра каманды Дзмітрыя Даўбейку, а таксама на Іраклія Маградзэ з Дзяржынска, Сяргея Катка з Баранавіч. Надзея і на маладых выхаванцаў мясцовага футбола. «Хто будзе больш гатовы, той і выйдзе на поле», – канстатуе галоўны трэнер.

У Андрэя Мікалаевіча, як і ў спартыўнага кіраўніцтва раёна, клопатаў шмат. Да зялёнага штучнага газона футбольнага поля наўрад ці будуць прэтэнзіі. А вось трыбуны для гледачоў трэба неадкладна аднаўляць. Гэта ж ужо рэспубліканскі ўзровень спаборніцтваў!

Ёсць і фінансавы аспект. Па-першае, заявачны ўзнос у футбольную федэрацыю для арганізацыі абслугоўвання матчаў. Ды і ігракі павінны мець, скажам так, пэўныя камандзіровачныя. Спартыўнае выступленне, трэніроўкі – гэта і затрата часу, і некаторая рызыка для здароўя. Падтрымка камандзе будзе аказвацца, бо і яе ўдалыя выступленні – прэстыж для раёна. Абяцана дапамога сельгаставарыстваў, нездарма ж каманда мае назву «Нёман-Агра». Не будуць убаку і прадпрыемствы – Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, птушкафабрыка «Колас», філіял Гарадзейскага цукровага камбіната і іншыя. На гэта вялікая надзея.

А ўсе балельшчыкі спадзяюцца, што нашы нёманцы прадэманструюць і майстэрства, і волю да перамогі. Пацвердзяць, што Стоўбцы – сапраўды футбольны горад. Няхай жа імклівай будзе плынь нашага «Нёмана-Агра» па новым рэчышчы!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАД АКАМПАНЕМЕНТ ДАЖДЖУ

Гэта падзея ў спартыўным жыцці Стаўбцоўшчыны. Футбольная каманда «Нёман-Агра» зноў выходзіць на рэспубліканскую арэну. Навіна, якая не магла не ўсхваляваць адданых заўзятараў. І нягледзячы на дажджлівае надвор’е стадыён «Юнацтва» сабраў многіх аматараў спорту.

Урачыстае адкрыццё футбольнага сезона, капітаны камандаў «Нёман-Агра» і «Асіповічы», якія сталі сапернікамі ў першым туры першынства, уздымаюць сцяг спаборніцтваў. І пачаўся адлік часу чэмпіянату па футболе ў другой лізе.

Адразу ж на полі завязалася ўпартая барацьба. Адчуваецца валявы настрой нашых футбалістаў на перамогу. Яны больш валодаюць мячом, настойліва ідуць у атаку. На пярэднім краі стараецца ўхіліцца ад апекі асіповіцкіх абаронцаў бамбардзір нёманцаў Дзмітрый Даўбейка. Раз-пораз удаюцца прарывы па краі тэхнічнага Аляксандра Палешчука. Самы рэальны момант, каб адкрыць лік, узнік для стаўбчан на 20-й мінуце матча. Падача з фланга, навес галавой замыкае Аляксандр Крамко. І ўздыхае стадыён – перакладзіна.

З момантаў, якія мелі госці, асабліва небяспечным быў выхад сам на сам з варатаром нападаючага каманды Асіповічаў. Але Уладзіслаў Карніцкі паспеў раней завалодаць мячом. Актыўна падтрымлівала нашых футбалістаў група балельшчыкаў. Пад дырыжорствам тамады маладыя людзі гучна скандзіравалі: «Наперад, хлопцы, хай перамогуць Стоўбцы», «Нёман» – чэмпіён!».

Але, нягледзячы на ўсе намаганні, калі каманды пайшлі на перапынак, на табло значыліся нулі. Дарэчы, пра табло. Добра, што яго наладзілі. Толькі ці культурна побач з назвай «Нёман-Агра» змяшчаць абязлічанае «госці»?

Тыя самыя госці пасля перапынку больш асвоіліся на футбольнай арэне. І ўжо яны часцей трывожылі варатара стаўбчан. Відаць, сказалася вымушаная замена з-за траўмы капітана нёманцаў Крамко. Мінут за 10 да канца гульні выпаў шчаслівы шанц камандзе з Асіповічаў. Пасля падачы з фланга мокры мяч адскочыў ад рук варатара стаўбчан, і нападаючы гасцей направіў яго ў сетку. Амаль адразу ж футбалісты Асіповічаў упусцілі рэальную магчымасць падвоіць лік. Нашы змагаліся да апошняга. Ужо ў дабаўлены да асноўнага час выгадны момант не скарысталі гаспадары.

Першы матч футбольнага першынства закончыўся з лікам 1:0 на карысць ФК «Асіповічы», які мае вопыт удзелу ў рэспубліканскіх турнірах. Можна спадзявацца, што далейшы футбольны шлях будзе для нашых футбалістаў больш паспяховым.

 

МОЦНЫЯ КАМАНДАЙ

Трэцяе месца ў агульнакамандным заліку заняла зборная Стаўбцоўскага раёна ў веснавым лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты «Мінская праўда». Вышэй нашага калектыву толькі каманды Маладзечна і Барысава.

Найбольшага поспеху дабілася Аліна Навіцкая, якая ўпэўнена перамагла на кіламетровай дыстанцыі сярод юніёраў 1999-2000 гадоў нараджэння. Такім чынам, Аліна будзе выступаць за зборную Мінскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Наваполацку.

Важна, што і ўсе члены нашай каманды ўнеслі свой уклад, вынікамі выступленняў папоўнілі ачковую скарбонку калектыву. У шасцёркі мацнейшых на дыстанцыях трапілі Аляксей Міронаў, Арцём Пяткевіч, Ксенія Гацура, Дар’я Варывоцкая, Юрый Марцінкевіч. І не названыя тут яшчэ 11 спартсменаў выступілі дастойна.

Падрыхтоўка лёгкаатлетаў на Стаўбцоўшчыне вядзецца на ўзроўні. І ў гэтым заслуга трэнераў А. М. Турчановіча, М. А. Жаўнерчыка, В. В. Кузняцова, Ю. А. Кручка, М. А. Мамайкі. Нагадаем, што і на асеннім кросе на прызы абласной газеты наша каманда заняла прызавое месца.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *