Свяшчэнная зямля бітваў

Вялікай Перамозе прысвячаецца Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

Стоўбцы наведалі ўдзельнікі міжнароднай экспедыцыі памяці, прыўрочанай да Дня Вялікай Перамогі. Гэтую даследчыцкую дэлегацыю ўзначаліў настаўнік гісторыі па спецыяльнасці, кіраўнік музея баявой славы 242-й стралковай дывізіі школы № 185 паўночнай адміністрацыйнай акругі горада Масквы Канстанцін Цімчанка. Разам з вучнямі яны здзейснілі паездку за мяжу з мэтай наведаць месцы баявой славы. Унікальную магчымасць сустрэцца з даследчыкамі нам прадаставіла сям’я стаўбчан Георгія і Ірыны Грамыкаў, якая прыняла падарожнікаў у сваім доме на начлег, сагрэўшы іх гасціннасцю і любоўю. У інтэрв’ю нашай газеце Канстанцін Цімчанка дзеліцца вопытам ваенна-патрыятычнага выхавання маладога пакалення, расказвае аб праектах, якія ажыццяўляюцца ў гэтай маскоўскай школе па ўвекавечанні памяці абаронцаў Радзімы.

–       Наша аўтаэкскурсія пралягае праз пяць краін. Эстафета была пакладзена на Паклоннай гары ў Маскве, затым мы наведалі Смаленск. У Беларусі пабылі на Плошчы Перамогі з Вечным агнём у Мінску. У Стоўбцах паклонімся загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны на Плошчы Бессмяротнасці. Затым шлях праляжа ў Брэсцкую крэпасць. Наведаем месцы баявой славы ў Польшчы, заедзем у Прагу і  накіруемся ў Берлін. На ўсіх мемарыялах мы бяром з сабою свяшчэнную зямлю баявых змаганняў, фатаграфуем гэтыя мясціны. Зямля будзе засыпана ў спецыяльныя капсулы і размешчана ў новай экспазіцыі нашага школьнага музея разам з фотаздымкамі вучняў на месцах баявой славы краін, якія мы наведалі. У нас у Маскве склалася добрая традыцыя адзначаць у верасні заканчэнне Другой сусветнай вайны. Школьныя дэлегацыі змогуць наведаць новую экспазіцыю нашага музея, яна мае быць кранальнай і змястоўнай.

– Раскажыце, калі ласка, аб вашай даследчыцкай дзейнасці, што стала матывам распачаць такую маштабную работу?

– Калі я атрымаў запрашэнне працаваць у маскоўскай школе № 185, убачыў, што сабраны багаты матэрыял па гісторыі стралковай 242-й дывізіі. З гэтым воінскім падраздзяленнем у мяне звязаны асабістыя перажыванні – у дывізіі ваяваў мой прадзед Хілімонаў Васіль Сяргеевіч, лейтэнант, камандаваў стралковай ротай. Ён загінуў у жніўні 1941 года. Дывізія панесла вялікія страты ў самыя цяжкія першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Мы з вучнямі працуем у архівах. У першую чаргу, гэта Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Расійскі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў. А таксама іншыя архівы, якія ўтрымліваюць дакументы і матэрыялы перыяду гэтай вайны. Летам і вясною мы працуем больш на палях бітваў у Смаленскай вобласці, звязаных з ваеннай гісторыяй дывізіі. Выкарыстоўваючы такую ўнікальную магчымасць работы ў архівах, мы можам дапамагаць нашым сябрам, калегам, аднадумцам з Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі ў вырашэнні задач, звязаных з мемарыяльнай работай па ўвекавечанні памяці загінуўшых абаронцаў Радзімы, вызваліцеляў Еўропы ад фашызму.

– З якім настроем вы накіроўваецеся ў Берлін?

– Мы ўключыліся ў яшчэ адзін праект – акцыю дружбы, прымірэння з Германіяй. У архіве Маскоўскай вобласці мы знайшлі ўнікальную калекцыю – асабістых дакументаў, неадпраўленых дамоў пісем, пісем ад родных, фотаздымкаў, якія былі ўзяты ў загінуўшых нямецкіх салдатаў і афіцэраў знішчальным батальёнам на тэрыторыі Маскоўскай вобласці падчас выканання ім спецзаданняў у тыле ворага. Работнікі архіва дазволілі нам адкапіраваць усе матэрыялы.  Наша мэта – даставіць іх у Германію. Гэтыя копіі ўнікальныя тым, што ўзяты не з федэральнага архіва, да якога быў доступ нямецкім архівістам, а з тэрытарыяльнага. Іх у Германіі мы перададзім кіраўніку міжнароднага пошукавага таварыства «Абеліск» Эдуарду Птухіну, з якім у нас склалася цеснае шматгадовае супрацоўніцтва. Нам важна, каб гэтыя дакументы дайшлі да родных загінуўшых нямецкіх салдатаў. І цяпер многія з нямецкіх салдатаў і афіцэраў лічацца прапаўшымі без вестак. Родныя змогуць даведацца аб лёсе сваіх блізкіх. Гэтая работа накіравана на тое, каб усім нам аб’яднацца супраць фашызму, зрабіць сусветнае грамадства больш гуманным і цярпімым. Няма больш важнай задачы, як захаваць мір і спакой на нашай планеце. І кожны з нас можа ўнесці сваю лепту ў гэтую святую справу.

На здымку: Канстанцін Цімчанка з членам патрыятычнага клуба «Віцязь» Міхаілам Саркісянам.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *