З водарам майскай квецені

Вялікай Перамозе прысвячаецца Дзякуй, салдат! Нумары

Напярэдадні Дня Перамогі ў Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў адбылася ўрачыстасць з удзелам дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслава Зася. Разам з дзяржсакратаром Савета Бяспекі сацыяльную ўстанову наведалі старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра і старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў.

Такія ўрачыстасці ў доме-інтэрнаце сталі традыцыйнымі – на працягу апошніх шасці гадоў кіраўніцтва і прадстаўнікі Савета Бяспекі прыязджаюць да ветэранаў павіншаваць іх з Днём Перамогі. У гэтым годзе на ўрачыстасць былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы бліжэйшых сельсаветаў.

На дагледжанай і прыгожай па дызайне тэрыторыі сацыяльнай установы была разгорнута выстава вырабаў майстроў народный творчасці Стаўбцоўшчыны, выставы-дэгустацыі прадукцыі ААТ «Агранёманскі», філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната, Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната. Настрой прысутным стваралі і выступленні мастацкіх калектываў. Квітнеючы сад, прыгожыя клумбы, прыветныя ўсмешкі і гасціннасць – усё гэта ў колерах майскага настрою.

Дырэктар Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў Валянціна Атрушкевіч пазнаёміла высокіх гасцей з умовамі пражывання пажылых людзей. На сучасны момант у сацыяльнай установе дзяржаўны догляд ажыццяўляецца над 279-цю чалавекамі з Мінскай вобласці, сярод якіх 11 ветэранаў вайны. 

Станіслаў Зась, Сямён Шапіра, Юрый Горлаў наведалі аддзяленні ўстановы, харчблок, майстэрні. Да паслуг пражываючых – ЛФК, фізіялячэнне, масаж, рэлаксацыя, фітатэрапія і т. п. Арганізавана работа клубных аб’яднанняў, дзе кожны можа заняць сябе той справай, якая яму падабаецца. Вялікая ўвага надаецца духоўнаму акармленню пажылых людзей свяшчэннікам. Валянціна Атрушкевіч адзначыла, што сацыяльная ўстанова працуе па рэспубліканскай інавацыйнай праграме  «Крыніца жыцця», якая дае магчымасць у комплексе будаваць работу па павышэнні ўзроўню якасці жыцця пажылых людзей.

Дзяржсакратар Савета Бяспекі заўважыў, што Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат – у ліку ўстаноў, дзе для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, пажылых людзей створаны дастойныя ўмовы для жыцця, арганізаваны належны догляд, медыцынскае абслугоўванне. Асаблівай увагай яны агорнуты не толькі напярэдадні Для Перамогі, а пастаянна. Грамадзяне Беларусі з увагай адносяцца да гэтых шаноўных людзей, а там, дзе патрэбна, клопат праяўляе дзяржава.

У актавай зале дома-інтэрнага адбылася святочная праграма з удзелам Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Песні ваенных гадоў у выдатным выкананні з прыемнасцю слухалі шаноўныя гледачы, яны ім нагадалі гады маладосці, гады ваенных выпрабаванняў.

Станіслаў Зась сардэчна павіншаваў ветэранаў з набліжэннем усенароднага свята і адзначыў, што перамога ў Вялікай Айчыннай вайне – аснова патрыятызму, фундамент для выхавання новых пакаленняў грамадзян нашай краіны. Быў зроблены акцэнт на тым, што чым далей адыходзяць ад нас ваенныя гады, тым больш намаганняў патрабуецца для абароны гістарычнай праўды. Вельмі важна не дапусціць  паўтарэння трагічных падзей і захаваць мір на нашай зямлі. Створаная ў Беларусі сістэма нацыянальнай бяспекі дазваляе своечасова рэагаваць на выклікі і пагрозы, забяспечыць захаванне канстытуцыйнага строю.

Станіслаў Зась уручыў ветэранам кветкі і памятныя падарункі. З прывітальным словам да шаноўнай публікі звярнуўся старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Ён адзначыў, што Дзень Перамогі асабліва значны для Беларусі. Дзякуючы подзвігу ветэранаў сёння наша краіна мае магчымасць дынамічна развівацца, таму выдзяленне бюджэтных сродкаў для падтрымкі гэтай катэгорыі грамадзян – даніна павагі за іх заслугі перад Айчынай. Сямён Шапіра і Юрый Горлаў уручылі ў падарунак дому-інтэрнату аргтэхніку.

Словы ўдзячнасці  Дзяржсакратарыяту, які ўзяў шэфства над Мікалаеўшчынскім домам-інтэрнатам, выказала Валянціна Атрушкевіч. Яна адзначыла, што наведванні ветэранаў, такія ўвага і клопат, удзячныя словы, прызнанне іх подзвігу ў барацьбе з фашысцкай Германіяй жывяць сілы пажылых людзей, саграваюць любоўю, што так ім неабходна ў іх жыццёвай сітуацыі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Зась уручае кветкі і падарункі ветэранам; старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра і старшыня райвыканкама Юрый Горлаў пасхальным настроем падзяліліся з пражываючымі ў доме-інтэрнаце і абслуговым персаналам; ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з Мікалаеўшчынскага сельсавета Міхаіл Лёсік і Міхаіл Валько; ветэран працы Вішнявецкага сельсавета Ала Новік; маштаб святу надалі творчыя выставы.

Фота аўтара і Нэлі Астрэйка

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *