Першым пайшоў на штурм

Вялікай Перамозе прысвячаецца Дзякуй, салдат! Нумары

Мікалай Мацюнін – акурат з тых ветэранаў Вялікай Айчыннай, якіх у народзе называюць «баявымі», сапраўднымі. Мёрз у акопах, нюхаў порах, праліваў кроў, снарадам прашыты наскрозь… «Вялікіх узнагарод не маю. Ёсць два медалі – «За адвагу», – з хітрынкай усміхаецца ветэран, чым дае адразу зразумець, што хваліцца подзвігамі – не ў яго правілах, і што, безумоўна, кожны ўчынак мае сваю сапраўдную цану і памяць, і што ёсць нешта такое, што вядзе чалавека, дапамагае і аберагае яго… «Цудныя рэчы ў жыцці бываюць», – не раз паўтарыў Мікалай Кузьміч падчас гутаркі.    

Мікалай Кузьміч у свае 90 – з 90-гадовым юбілеем яго віншавалі за некалькі тыдняў да Дня Перамогі – рухава сустракае гасцей і з пачуццём гумару адгукаецца на кожнае віншаванне. А іх было нямала – ад  раённай ветэранскай арганізацыі, ДРБУ № 135, дзе працаваў дырэктарам на працягу 12-ці гадоў, ПМК-233, дзе ўзначальваў базу на працягу 16 гадоў… Багатая працоўная біяграфія ў салдата Перамогі! Па жыцці ён – не ваяр, а будаўнік, стваральнік, сем’янін. На рабоце некалі прападаў суткамі («мне трэба было не «пакіраваць», а паказаць усё самому»), а дамашні тыл залежаў ад жонкі Марыі Фамінічны. Яна паспявала ўсюды, у тым ліку займалася выхаваннем траіх дзяцей, шматлікімі дамашнімі справамі. Мікалай і Марыя Мацюніны жывуць разам у міры і любові амаль 65 гадоў!

Сёння зблытаць іх дом з нейчым немагчыма – члены БРСМ пазначылі яго адметнай шыльдай. «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!». Ветэрану вайны Мікалаю Кузьмічу Мацюніну, ураджэнцу Калужскай вобласці, лёс падарыў тут, на стаўбцоўскай зямлі, і сямейнае шчасце, і другую Радзіму.        

Як везлі на фронт

Яго расказ няспешны, памяркоўна-разважлівы і пачынаецца акурат з самага яркага моманту – з таго, як везлі на фронт.

– Я быў на Урале, у запасным палку. Прызвалі мяне ў 1943-м, а ў чэрвені 1944-га везлі на фронт, – удакладняе Мікалай Мацюнін. – Куды нас вязуць – не ведаў. Аднак за Масквою гляджу – едзем па нашай, знаёмай, дарозе. На першым прыпынку саскочыў і пабег да пошты. Бачу, насустрач ідзе жанчына. Я да яе: «А дзе тут пошта?» Яна гаворыць, што працуе на пошце. А было дзевяць гадзін вечара… Я ёй кажу: «Мне тэлеграму трэба тэрмінова даць, дадому. Маўляў, еду, сустракайце». Спадзяваўся на сустрэчу, таму што паязды праходзілі за 200 метраў ад нашай вёскі. 

Пасля тэлеграмы рушыў да поезда, які ўжо крануўся з месца. Мой вагон «праехаў», але ў тамбур апошняга вагона паспеў ускочыць. Гадзіны ў тры-чатыры дня пад’язджаем да нашай станцыі. Поезд спыніўся. Бачу брыгаду рабочых, сярод якіх і свайго сваяка, і… паштальёна. Ён нясе маю тэлеграму… З нашай вёскі ў поездзе было двое. Нас хутчэй закрылі і не выпускалі. Каб не ўцяклі дадому… Калі ад’ехалі кіламетраў 70, аказалася разбомбленай дарога. Чакалі тры дні. Потым прыехалі на мяжу Украіны і Беларусі, а ў ліпені ў складзе 8-й гвардзейскай арміі пайшлі ў наступ па тэрыторыі Польшчы. На шляху сустрэліся з польскай дывізіяй, якая выступала і супраць немцаў, і супраць рускіх. Наша камандаванне прад’явіла ўльтыматум здацца. Раніцай дывізія здалася, і мы рушылі далей. З баямі падышлі да Познані…

У 1945-м быў такі выпадак на дамбе. Мы заляглі на дамбе, а перад ёю, пад мостам, выставілі сваю гармату. Чуем, насоўваецца нямецкі танк, за ім – немцы. Гэты танк раздавіў нашу гармату і зайшоў у наш тыл. Некалькі разоў выстраліў па будыніне, дзе размясціўся штаб батальёна. Быў забіты камандзір. Мы адступілі, таму што не мелі чым адстрэльвацца. Затое раніцай падцягнулі артылерыю і без бою ўзялі чыгунку.

Каля Познані наткнуліся на дзот-зямлянку, у якой заселі немцы. Гэта было вялікае памяшканне, з яго тырчала труба. Аказалася, штаб палка. Кінулі пару гранат і так выгналі адтуль немцаў. Потым былі баі, баі… 18 лютага ішлі па Познані і на шляху сустрэлі перашкоду – нешта падобнае на склад. Сапёры падпаўзлі да яго вечарам і ўзарвалі сцяну. Пасля пайшлі ў наступ і мы. Я аказаўся першы ў гэтым складзе. Даў дзве чаргі з аўтамата, і ў гэты час куля прайшла наскрозь мяне і выйшла ў спіне.

Камісавалі 8 мая

Так нечакана, амаль у самы апошні момант, вайна «накіравала» Мікалая Мацюніна па шпіталях.

– Пасля цяжкага ранення лячыўся ў Сызрані, – працягвае ён свой аповед. – Прыйшоў дзень, калі ўжо прызначылі на выпіску. На камісіі пажылы мужчына паглядзеў мяне і адправіў у палату да тых, хто выздараўлівае. Нас, 16 чалавек, камісавалі, а дзень выпіскі прызначылі на 8 мая. Але ў гэты дзень мы са шпіталя не паехалі, а пайшлі з таварышам пагуляць па горадзе. Пераскочыўшы праз плот, вечарам вярнуліся ў палату. Спаць леглі на бушлатах – пасцелі ў нас ужо забралі. У пакоі гаварыла радыё. Ноччу аб’яўляюць: у 02.15 будзе перададзена важнае дзяржаўнае паведамленне. І дакладна ў гэты час прагучала: Германія капітуліравала, вайна закончылася. Мы паверылі ў гэта толькі тады, калі пачулі паведамленне на свае вушы. 

Мікалай Мацюнін тады яшчэ не ведаў, што 7 мая 1945 года быў выдадзены загад па 236-м гвардзейскім стралковым Познанскім Чырванасцяжным палку 74-й гвардзейскай стралковай Н-Дняпроўскай ордэна Багдана Хмяльніцкага дывізіі 8-й гвардзейскай арміі аб узнагароджанні яго, стралка 1-й стралковай роты гвардыі радавога, медалём «За адвагу», ужо другім у яго паслужным спісе. Узнагародай адзначана тое, што ён 18.02.1945 першым пайшоў на штурм аднаго з будынкаў горада Познань і ў падвальным памяшканні знішчыў пяць нямецкіх салдатаў, якія аказалі супраціўленне. У гэты дзень ён сам быў цяжка паранены і эвакуіраваны ў шпіталь. А першы медаль «За адвагу» сувязны 1-га стралковага батальёна гвардыі радавы Мікалай Мацюнін атрымаў за тое, што пры адбіцці варожай контратакі 16.08.1944 на левым беразе ракі Вісла ў раёне станцыі Варка завярнуў назад падраздзяленне ворага.

Падрабязнасці здзейсненых подзвігаў знайшлі дзеці і ўнукі Мікалая Кузьміча ў інтэрнэце, на сайце архіўных дакументаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. 

Пасля вайны Мікалай Мацюнін на працягу пяці гадоў заставаўся на воінскай службе. Даслужыўся да звання малодшага лейтэнанта.                                                      

Парадоксы лёсу

У героя вайны і яго жонкі багатая спадчына – трое дзяцей, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў (неўзабаве павінен з’явіцца на свет і шосты). Яны ганарацца сваім дзядулем. Дачка, фіксуючы разам са мною для нашчадкаў успаміны Мікалая Кузьміча, падкрэслівае: «Дзядуля наш трымаецца малайцом! Ён заняты ўвесь дзень. Даглядае курачак. Усіх унукаў забяспечвае дамашнімі яйкамі. Любіць чытаць кнігі, газеты. Раней быў запісаны ў раённую бібліятэку. Перад Новым годам мы абавязкова дорым яму адрыўны каляндар. Ён з ахвотай яго перачытвае і бярэ на ўзбраенне каштоўныя парады. Як толькі выйшаў на пенсію, стаў дапамагаць маме па гаспадарцы (тады мы трымалі карову, свіней). І пачаў, дарэчы, з вывучэння спецыяльнай літаратуры».   

Вялікае жыццё Мікалая Мацюніна багата не толькі на працу, але і на розныя анекдатычныя сітуацыі. Да вайны ён вучыўся ў ФЗО. Збег… На фронт трапіў, калі не было і 18-ці… У дакументах напісана, што прызываўся напрыканцы 1943, а фактычна – у 1944-м (паўгода даваліся на знаходжанне ў «вучэбцы», іх жа накіравалі на фронт праз тры месяцы). Парадоксам можна назваць і тое, што Мікалай Кузьміч, прайшоўшы такі няпросты жыццёвы шлях, завяршае нашу сур’ёзную размову па-свойму аптымістычна – анекдотам. Напэўна, у гэтай парадаксальнасці – сакрэт яго нязломнага характару, жыццялюбства. Верная спадарожніца ветэрана Марыя Фамінічна – з той жа кагорты. На ўчастку ў Стоўбцах, дзе жывуць Мацюніны, у вайну немцы расстралялі яе бацьку… Жанчына не адпускае так – бласлаўляе на дарогу, запрашае не мінаць іх дом: «Чым зможам – дапаможам».

На здымках: Мікалая Мацюніна віншуюць Іосіф Язвінскі, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі, і Вадзім Савіцкі, дырэктар ДРБУ № 135; Мікалай Мацюнін пасля вайны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *