Кветкі Вялікай Перамогі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары У сэрцах пакаленняў

Гэтымі майскімі днямі пад  эгідай БРСМ стартаваў рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі».

Гэты асаблівы праект – нібыта сувязная нітка пакаленняў, сродак фарміравання ў моладзі патрыятычнай, нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці. Адзіным сімвалам яго з’яўляецца бутаньерка, якая складаецца з яблыневых галінак і чырвона-зялёнай стужачкі. Яблыневы цвет сімвалізуе чысціню, свежасць, вясну, адраджэнне і, у той жа час, яблыня ў славянскай традыцыі адлюстроўвае бесперапынную памяць, якая лучыць нас з продкамі. Гэта вобраз урадлівасці, дабрабыту, эканамічнага развіцця, поспеху і працвітання суверэннай незалежнай Беларусі.  

Як расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская, 8 мая дэлегацыя Стаўбцоўшчыны возьме ўдзел у маладзёжным оўпэн-эйры (дакладны пераклад мерапрыемства – «пад адкрытым небам») «Кветкі Вялікай Перамогі», які пройдзе ў Мінску, на Кастрычніцкай плошчы, у рамках аднайменнага рэспубліканскага патрыятычнага праекта. Кожная вобласць нашай рэспублікі прадставіць інтэрактыўную тэматычную экспазіцыю. Стаўбцоўскаму раённаму камітэту БРСМ выдзелена пляцоўка, сумесная з раённымі камітэтамі Капыльскага і Валожынскага раёнаў. Узаемадапаўняючы адзін аднаго, яны рыхтуюць змястоўны, тэатралізаваны  «інтэрактыў».

Першую частку экспазіцыі зойме выстаўка, прысвечаная мірнаму жыццю нашых дзядоў і прадзедаў, і аздобленая майстар-класамі, выступленнем народных умельцаў, здольных зацікавіць маладое пакаленне самабытнасцю культуры даваеннай пары. У другой частцы будзе прадстаўлены ваенны перыяд. З дапамогай акампаніятара народнага вакальнага ансамбля «Коласавы землякі» Міхаіла Міткевіча рыхтуецца рэканструкцыя памяці пра герояў вайны. Артыст апране афіцэрскую форму, возьме ў рукі гармонік і будзе спяваць франтавыя песні. Арамя таго, са Стаўбцоўшчыны прыедзе выстаўка на «чырвоным палатне» – з салдацкіх касак, гільзаў, ваенных плакатаў і розных іншых артэфактаў. Экспазіцыю нельга ўявіць без трэцяй часткі, прысвечанай мірнаму часу. У ёй – адлюстраванне нашай сучаснасці, таго, што мы ўмеем і што збераглі. Наш раён прадставіць выстаўка «Беларускія дзівосы» ад кіраўніка народнай студыі «Сузор’е» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганны Мартыненка. Сярод яе работ будуць вышыўка, шыццё, тканыя нацыянальныя паясы, беларускія лялькі і многе іншае.

У рамках праекта «Кветкі Вялікай Перамогі» непасрэдна ў Стоўбцах, на цэнтральных вуліцах горада, валанцёры БРСМ правядуць у гэтыя святочныя дні флэш-моб на сімвалічную тэму – «Дзякуй!».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *