Брава – ветэрану вайны і сцэны

Вялікай Перамозе прысвячаецца Дзякуй, салдат! Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Ветэран вайны Ганна Клімаш названа сярод лепшых выканаўцаў фестывалю народнай творчасці «Не старэюць душой ветэраны».  

Пра ўзрост жанчыны звычайна не гавораць услых, але ў даным выпадку нельга не падкрэсліць, што Ганне Андрэеўне – 92. У юнацтве яна, мінчанка, марыла стаць актрысай, іграць на тэатральнай сцэне, але дзявочыя мары абарвала вайна… Замест вучобы і сцэны – партызанскі атрад, дзе перажыла блакаду, голад, холад, эпідэміі… У атрадзе, праўда, лёс звёў яе з будучым мужам.

Так склалася жыццё, што яе прафесіяй была медыцына, а творчасць спадарожнічала толькі ў вольны час, для душы. Аднак цяга да яе, можна сказаць, аказалася мацнейшай за прафесію: Ганна Андрэеўна–медыцынская сястра ўжо даўно выйшла на пенсію, а тварыць працягвае і сёння. Ды яшчэ як!

Яна нязменная ўдзельніца розных канцэртаў, конкурсаў, фестываляў. Спявае ў хоры ветэранаў, а яшчэ – натхнёна дэкламуе вершы. І менавіта гэтыя, сольна-паэтычныя, нумары і з’яўляюцца самай вялікай адметнасцю Ганны Клімаш. Адна з «фірменных» мініяцюр ветэрана – урывак з паэмы Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Калі яна па-майстэрску чытае яго са сцэны – зала замірае ад хвалявання, а сэрца працінае слодыч любові да сваіх блізкіх і родных.

Не выпадкова, што Ганна Клімаш прадстаўляла ветэранаў Стаўбцоўшчыны  на нядаўнім абласным свяце ветэранаў, якое праходзіла ў Смалявічах. Паводле вынікаў выступлення ў канцэртнай праграме яна была названа ў ліку лепшых выканаўцаў і заваявала права прыняць удзел у заключным этапе рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», які пройдзе ў маі ў Мінску.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *