Прызыўнікі гатовы маральна і фізічна

Вялікай Перамозе прысвячаецца Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Праз тыдзень-другі гэтыя маладыя людзі пойдуць служыць Радзіме.

Напярэдадні Дня Перамогі прайшоў традыцыйны на Стаўбцоўшчыне Дзень прызыўніка, падчас якога прызыўнікам урачыста ўручаны павесткі на тэрміновую ваенную службу. Маладыя людзі пойдуць служыць у беларускае войска, некаторыя прайшлі адбор у элітныя войскі – пагранічныя, сілы спецыяльных аперацый, спецназ. «Асаблівасці гэтага веснавога прызыву заключаюцца ў тым, што на службу прызваны пераважна выпускнікі каледжаў, ліцэяў і ПТВ, якія напрыканцы мінулага года – у пачатку бягучага года атрымалі дыплом і ўжо паспелі папрацаваць на сваім першым рабочым месцы», – адзначае начальнік групы прызыву райваенкамата Аляксей Луцэвіч.

Пакуль у жыцці гэтых маладых людзей не наступіў новы этап (адпраўкі пройдуць з 16 па 27 мая), пагутарым з некаторымі з іх, даведаемся пра настрой і жыццёвыя планы, адносіны да тых, хто стаў на абарону Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай.

Яўген Пячоный,г. Стоўбцы

3-га мая мне споўнілася 18, а 16-га мая я іду ў армію. Мая воінская часць знаходзіцца ў Віцебску і адносіцца да сіл спецыяльных аперацый. Настрой – выдатны. Тата некалі служыў на Камчатцы, прадзед быў на фінскай вайне. На жаль, не вярнуўся з яе… Павінен адслужыць і я – так мне бацька гаворыць, і я сам так лічу. Мама, зразумела, перажывае – усё-такі яе сын ідзе служыць на паўтара года. Гэта нямала. Потым, магчыма, застануся на кантрактную службу. У мяне ўжо ёсць спецыяльнасць будаўніка. Закончыў ліцэй у Дзяржынску, папрацаваў у ПМК-190. А ў цэлым умею выконваць усе аддзелачныя работы, таму што пачаў працаваць з бацькам, таксама будаўніком, індывідуальным прадпрымальнікам,  фактычна з 14-ці гадоў.

Пажаданні прызыўнікам Стаўбцоўшчыны: нармальна адслужыць, не мець праблем са здароўем. Ветэранам жадаю доўгіх гадоў жыцця, усяго самага лепшага, павагі з боку падрастаючага пакалення.

 

 

 

 

Сяргей Варапай, вёска Кунашы(Літвенскі сельсавет)

Мне падабаецца мая работа. Атрымаў пасля Дзяржынскага ліцэя спецыяльнасць трактарыста-машыніста-вадзіцеля катэгорыі «С», ужо паўгода працую ў ААТ «Рочавічы. Сёлета ў мяне была першая пасяўная. Бацькі мною задаволены, і ў гаспадарцы ставяцца з павагай. Кажуць мне: «Пайшоў па дзеду». Дзед Вікенцій браў мяне, тады яшчэ хлапчука, з сабою ў трактар, усяму навучыў. Люблю тэхніку. З бацькам адрамантавалі машыну, на ёй прыехаў сёння ў ваенкамат. Аднак хочацца і адслужыць. Мне хутка  19. Прапанавалі сілы спецыяльных аперацый (часць знаходзіцца ў Калодзішчах), я згадзіўся. Гэты від войскаў мне найбольш блізкі. Мяркую, што пасля тэрміновай службы застануся на кантрактную. У нас так ідзе ў сям’і. Старэйшы брат служыў у войсках МУС, выбраў пасля арміі міліцэйскую службу. Малодшы брат яшчэ школьнік. Каб не сумаваў, буду пісаць яму пісьмы, з бацькамі абавязкова буду трымаць сувязь.

 

 

 

 

Павел Матусевіч, вёска Куль

У мяне трое сяброў ужо служаць у арміі, і я, як і яны, хачу адслужыць. Яны мяне папярэдзілі: спачатку будзе цяжкавата, а потым прывыкнеш, усё стане на свае месцы. Цяжкасцяў я не баюся. Да работы прывучаны. Бацькам дапамагаю – дома трымаем гаспадарку, ёсць агарод. Са спорту падабаецца футбол. Калі вучыўся ў школе, выступаў за школу. І цяпер, калі ёсць магчымасць, сустракаемся з сябрамі на полі. Закончыў Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж, ужо восем месяцаў працую на Мінскай ТЭЦ-4 машыністам-абходчыкам. У сваёй прафесіі не расчараваўся. Лічу, што пасля службы ў арміі трэба паступаць вучыцца ў профільны ўніверсітэт на завочнае аддзяленне. А пакуль у Мінску ў бліжэйшыя паўтара года буду служыць – у войсках МУС. Раней у мяне дзядзька працаваў у міліцыі.       

Напярэдадні Дня Перамогі жадаю ветэранам жыць доўга і шчасліва, маладым – не баяцца служыць і марыць, увасабляць свае мары.

 

Мікалай Смалякоў, г. Стоўбцы

Мне 20 гадоў. Закончыў Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж і больш за год працую на заводзе «Інтэграл». Служыць іду па ўласным жаданні. Гэта будзе спецназ (Уручча). Там я і марыў служыць. Хачу навучыцца нечаму новаму, атрымаць пэўныя навыкі. Раней захапляўся бегам, цяпер буду больш «качацца». Да майго рашэння станоўча паставіліся ўсе дамашнія. У нашай сям’і служылі тата, усе дзядулі. Праўда, некаторыя сябры мае пыталіся: «Навошта табе гэта трэба?» Служба ў арміі – гэта маё ўнутранае перакананне, хоць я і выглядаю сярод іх «белай варонай». Якія далейшыя планы? Застануся ў арміі, калі спадабаецца і атрымаецца, на кантрактную службу.        

Мае пажаданні шаноўным ветэранам вайны: моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і каб кожны пражыты дзень прыносіў радасць. Маім равеснікам варта сказаць наступнае: лепш не «касіць» ад арміі, а адносіцца да гэтай справы сур’ёзна. Так заўсёды гаварыў мне мой бацька…

 

 

 

 

Вадзім Пальчэўскі, п. Наваколасава

Наваколасава – ваенны гарадок. Бачыце, яшчэ не служу, а хаджу ўжо ў салдацкіх штанах. Хутка буду і ў зялёным бэрэце, таму што прызываюць у Ліду пагранічнікам. Падрыхтаваны да гэтага маральна і фізічна. Пасля заканчэння машынабудаўнічага каледжа працую слесарам на мінскім заводзе шасцярон. Апошнія 11 гадоў займаўся лыжнымі гонкамі, біятлонам. І сёння, калі з’яўляецца магчымасць, іду да свайго трэнера Э. І. Варывоцкага. Спорт – маё асноўнае захапленне. Скажу, што ўсе мае сябры хочуць служыць у арміі, а калі нехта не хоча – то гэта проста не мой сябар. Старэйшыя таварышы расказвалі, што служыць якраз-такі можна, у гэтым няма нічога звышасаблівага. Усе мужчыны праз гэта праходзяць. У маёй сям’і дзед служыў прапаршчыкам у «мясцовай» вайсковай часці, тата праходзіў тэрміновую службу ў Эстоніі. Планую застацца ў арміі на кантрактную службу.

 

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *