Гісторыя адной карціны

Нумары Соцыум

Малашто ў жыцці дорыць нам такія яркія эмоцыі і ўражанні, як зносіны з мастацтвам, якія адлюстроўваюць час. Такое маляўнічае палатно – працяг гістарычнага летапісу, зафіксаванага і аформленага ў інтэр’еры. Яно – напамін пра мінулае, пра людзей, лёсы, падзеі.

Суровым выпрабаваннем для Беларусі стала Другая сусветная вайна, якая панесла жыцці таленавітых мастакоў і скульптараў. Загінулі многія творы жывапісу, скульптуры, графікі, помнікі культуры і мастацтва. Вываз з акупіраваных тэрыторый матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў быў арганічнай часткай палітыкі германскага нацызму. Нашы старажылы ўспамінаюць даволі шматлікія і грубыя факты марадзёрства. Касцёл, царква, дамы яўрэяў, былых польскіх купцоў былі разрабаваны ў першыя дні акупацыі. 

Не толькі па гэтай, але і па многіх іншых зразумелых прычынах ні адной карціны, датаванай ваеннымі гадамі, у нашых Стоўбцах не было знойдзена. Але ёсць карціна, якую ў доме № 7 па вуліцы Мамантава захоўваюць як памяць пра бацьку, які прывёз яе, як тады казалі, «з вайны». Гэта значных памераў палатно ў масіўнай дубовай раме. На ім намаляваны сярэднявечны замак. Ён, паводле слоў уладальніка карціны Юрыя Станіслававіча Кордана, як цалкам канкрэтны аб’ект архітэктуры існуе дзесьці ў Еўропе, хутчэй за ўсё ў Германіі. Аўтарам яго, са слоў бацькі Станіслава Андрэевіча Кордана, з’яўляецца мастак па прозвішчы Маліноўскі. Мы ўстанавілі, што гэта замак у Чэхіі – Карлштэйн. 

Цікавая гісторыя стварэння палатна. У гады вайны Станіслаў Андрэевіч быў падлеткам. Яго, як і сотні маладых стаўбчан, фашысты вывезлі ў Германію, дзе ён працаваў у шахтах горада Рудзенсдорфа. У адзіны ад працы выхадны дзень нацысты прымушалі больш маладых палонных здаваць кроў, праводзілі над імі нейкія доследы з ужываннем ін’екцый. Станіслаў Андрэевіч пазней распавядаў сыну пра тое, што ўжо тады яго мучылі думкі: калі ўдасца вырвацца з гэтага пекла, то як адаб’юцца на яго жыцці фашысцкія эксперыменты, ці будуць у яго калі-небудзь дзеці? Забягаючы наперад, скажам, што дзеці ўсё хварэлі ў дзіцячым узросце рэдкімі хваробамі (такімі, як сонечная воспа, калі дзіця не магло знаходзіцца на сонцы наогул). 

Тады ж вось падвярнуўся шчаслівы выпадак, і Станіславу Андрэевічу і яго таварышу Маліноўскаму ўдалося збегчы. Доўга яны бадзяліся па Германіі, ішлі ў бок Польшчы толькі па начах.

На адным з хутароў іх наняла на працу немка, дачка якой вучылася жывапісу. Толькі тут Станіслаў Андрэевіч даведаўся, што яго таварыш прафесійны мастак. За тое, што ён будзе даваць урокі жывапісу яе дачцэ, Маліноўскаму было дазволена не хадзіць на працу ў поле, а працаваць памочнікам па хатняй гаспадарцы. Два месяцы знаходжання на хутары скончыліся тым, што Маліноўскі напісаў пейзаж з замкам з падабранай ім дзесьці нямецкай паштоўкі.

Далей яны паспяхова перасякаюць мяжу Германіі з Польшчай, дзе пазней сустракаюць войскі савецкай арміі і ўліваюцца ў іх калоны. Прызначэнне яны атрымліваюць у розныя часці. На развітанне Маліноўскі дорыць сваю карціну з замкам Станіславу Андрэевічу на памяць аб цяжкіх выпрабаваннях, якія ім прыйшлося прайсці разам. Так карціна ў згорнутым стане прайшла з ім яшчэ паўгода вайны на тэрыторыях Венгрыі і Чэхаславакіі і была прывезена пасля яе заканчэння дахаты, на радзіму.

За баявыя дзеянні ў складзе зенітна-танкавага палка Станіслаў Андрэевіч атрымаў некалькі медалёў і ордэн Чырвонай Зоркі.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *