Жывём. І помнім…

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары У сэрцах пакаленняў

Яркае майскае сонца ўсіх заклікае на свята – свята са слязамі на вачах. 9 Мая. 71-я гадавіна Вялікай Перамогі. Госці і стаўбчане збіраюцца на плошчы Бессмяротнасці. Святочнае шэсцэ ўзначальвае «Бессмяротны полк» – вучні гарадскіх школ з партрэтамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Урачыста адкрываецца мітынг- рэквіем «Памяць сэрца». Да мікрафона запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Юрый Мікалаевіч згадвае трагічныя і гераічныя старонкі вайны, гаворыць аб стваральным шляху Беларусі. «Сёння мы павінны помніць, што за Вялікую Перамогу заплачана мільёнамі жыццяў. Нас перапаўняюць пачуцці асобай удзячнасці воінам-вызваліцелям, працаўнікам тылу, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў жорсткай барацьбе з нацызмам», – зазначыў старшыня райвыканкама і шчыра павіншаваў ветэранаў, усіх жыхароў Стаўбцоўшчыны са святам.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны С. М. Стома гаварыў, успамінаючы ваенныя эпізоды, аб тым, што памяць павінна заўсёды жыць у сэрцах пакаленняў. Вучаніца СШ № 2 г. Стоўбцы Лізавета Лабун эмацыянальна расказала пра добрыя справы моладзі, пра вернасць традыцыям сваіх бацькоў і дзядоў, а намеснік камісара раённага ваеннага камісарыята Аляксандр Кахновіч спыніўся на галоўных аспектах патрыятычнага выхавання моладзі Стаўбцоўшчыны.

Свяшчэннаслужыцелі протаіерэй Аляксандр Марцінчык і ксёндз Адам Врубэль благаславілі стаўбчан, пажадалі міру і супакою ў сэрцах.

Хвіліна маўчання. Ушаноўваецца памяць тых, хто загінуў, удзельнікаў ваенных падзей, якіх сёння ўжо няма з намі. Да манумента і стэлаў мемарыяла вызваліцелям ускладваюцца вянкі і кветкі.

Затым свята прадоўжылася на плошчы Леніна канцэртнай праграмай «Памяць з намі назаўсёды». Прыгожыя сувеніры можна было набыць на выставе-кірмашы майстроў народнай творчасці. Працавалі гандлёвыя рады, дзе прысутныя маглі пачаставацца беларускімі нацыянальнымі стравамі.

Вечарам гасцей горада, стаўбчан, моладзь радавалі канцэртам -віншаваннем «Цябе вітаем, Перамога!» і святочнай дыскатэкай «Майскія зоры».

Нэлі Астрэйка

Фота Васіля Зянько

 

СВЯТА ПАМЯЦІ Ў НОВЫМ СВЕРЖАНІ

Мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, адбыўся і ля помніка загінуўшым землякам у Новым Свержані.

Помнік устаноўлены ў цэнтры вёскі, ля сельвыканкама. Каля яго, як і каля іншых памятных месцаў паселішча, – заўсёды вянкі і кветкі памяці. Аднак пасля Дня Перамогі тут асабліва відавочныя прыкметы людской увагі да герояў мінулай вайны і ўдзячнасці ім. Акурат да свята пры дапамозе старшыні ветэранскай арганізацыі сельсавета Аляксея Палянскага літары на помніку ўрачыста заззялі абноўленай «бронзай».

На мітынг сабраліся з букетамі цюльпанаў вучні Навасвержанскай школы, прадстаўнікі мясцовых прадпрыемстваў. Адкрыў урачыстасць старшыня сельвыканкама Анатоль Богдан. Сярод ганаровых гасцей – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Андрэевіч Дзягіль, Аркадзій Іосіфавіч Хвалей. На ўвесь Новы Свержань іх засталося толькі трое – яшчэ Вольга Мікалаеўна Аўдзеенка, грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая пражывае ў дачкі. Узрост ветэранаў ужо імкнецца ці перасягнуў дзевяць дзясяткаў гадоў, што, адпаведна, уплывае на стан здароўя… Аднак слова ветэранаў, з якім звярнуўся да моладзі Анатоль Андрэевіч Дзягіль, было такім палымяным, глыбокапатрыятычным, мудрым, што не магло не выклікаць хвалявання і захаплення прысутных. «Заклікаю вас любіць сваю Радзіму, быць яе патрыётамі і абаронцамі, якімі было наша пакаленне», – гучаў наказ салдата Перамогі падрастаючаму пакаленню.

Падчас святочнай урачыстасці школьнікаў прымалі ў рады піянерскай арганізацыі і рады БРСМ. Адна з іх важных грамадскіх спраў, з якой яны паспяхова справіліся і сёлета, – навядзенне парадку на ўсіх памятных месцах свайго роднага паселішча. Акрамя помніка ля сельскага Савета, гэта яшчэ яўрэйскія могілкі ў бліжэйшым лясным масіве, дзе ў вайну былі расстраляны мясцовыя яўрэі, камень з крыжам у пачатку могілак у гонар воінаў, загінуўшых пры вызваленні Новага Свержаня. Роўна год таму з’явілася і яшчэ адно адметнае месца –  на ўзвышшы, адкуль у ліпені  44-га пачалося вызваленне Стоўбцаў, была ўстаноўлена дывізіённая гармата з памятным каменем. Пляцоўка гэтая на скрыжаванні дарог асабліва прыцягвае турыстаў – побач з ёю спыняецца шмат машын, каб зрабіць здымкі на памяць. Пра парадак вакол гэтага памятнага месца патурбаваліся школьнікі сумесна з работнікамі ДЭУ № 62.   

Пасля мітынгу ўсе ўдзельнікі былі запрошаны ў Навасвержанскі дом культуры на святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі работнікаў культуры і вучняў школы. Па добрай традыцыі, святочны дэсант з ліку работнікаў культуры, сельвыканкама і Навасвержанскага лесазавода наведаў ветэранаў вайны і былых вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў дома. Другі год перадае падарункі для ветэранаў вайны Новага Свержаня гаспадыня тутэйшай аграсядзібы «Млын» Ала Гальперына.              

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *