Дзеля прыгажосці і здароўя

Медыцына Нумары

СТОМЛЕНЫ ВЫГЛЯД? ДАВЕРЦЕСЯ КАСМЕТОЛАГУ

У цэнтральнай раённай бальніцы атрымаў развіццё новы накірунак медыцыны — касметалогія. Годам раней быў адкрыты касметычны кабінет, у якім праводзіліся працэдуры эстэтычнага накірунку. Цяпер жа адбылося ўрачыстае адкрыццё ўрачэбнага касметалагічнага кабінета, для якога абсталяваны пакоі на трэцім паверсе паліклінікі.

–       Для нас гэта прыемная падзея, – падзялілася сваім настроем на прэзентацыі касметалагічнага кабінета галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. – Чатыры месяцы на кафедры дэрматавенералогіі і касметалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіла навучанне вопытны ўрач-дэрматавенеролаг нашай бальніцы Наталля Бандаровіч. Яна атрымала дыплом перакваліфікацыі ў галіне касметалогіі. Адкрываючы такі спецыялізаваны кабінет, мы паклапаціліся аб яго належным аснашчэнні. Будуць праводзіцца не толькі эстэтычныя працэдуры, але і лячэбныя, у чым маюць патрэбу жанчыны розных узростаў, падлеткі.

Удзельнікі прэзентацыі з цікавасцю зайшлі ў касметалагічны кабінет. Першай наведвальніцы было праведзена шакаладнае абгортванне цела.

–       Мы калі і клапоцімся аб сваёй скуры, то больш надаём увагу твару і рукам, – каменціруе Наталля Бандаровіч. – Не менш патрабуе догляду і наша цела. Зараз мы правядзём шакаладнае абгортванне, гэта цяпер самая распаўсюджаная з новых SPA-працэдура. Яна не толькі вельмі прыемная, але і лячэбная – здымае стрэсавы стан, гэта спосаб пазбавіцца ад цэлюліту, прыдаць скуры аксаміцістасць, амаладзіць яе. У працэсе шакаладнага абгортвання актывізуецца сінтэз калагену і эластыну, што робіць скуру больш пругкай, падцягнутай. Дарэчы, ідзе аздараўленне не толькі скуры, але і ўсяго арганізма: адбываецца ачышчэнне ад таксінаў, а дзякуючы цудоўнаму паху шакаладу нервовая сістэма ўспакойваецца і з’яўляецца пазітыўны настрой.

У сучасны момант новы касметалагічны кабінет у райпаліклініцы праводзіць паслугі механічнай чысткі і догляду скуры. У перспектыве набудзе развіццё і апаратная касметалогія, запланавана набыццё неабходнага для гэтага абсталявання.

Новы касметалагічны кабінет запрашае наведвальнікаў прыходзіць па прыгажосць і здароўе, аб чым марыць кожная жанчына. Такое новаўвядзенне – яшчэ адзін крок цэнтральнай раённай бальніцы ў пашырэнні пластных паслуг насельніцтву.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымкУ: першую пацыентку абслугоўвае ўрач-касметолаг Наталля Бандаровіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЁСЦЬ ПАТРЭБА Ў ПАДТРЫМЦЫ ГРАМАДСТВА

15 мая тысячы людзей па ўсім свеце прымуць удзел у мерапрыемствах, прыўрочаных да 33-га Міжнароднага дня памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу.

Гэты день адзначаецца ў 115 краінах. За апошнія 15 гадоў ад хвароб, звязаных са СНІДам, памерла больш за 25 мільёнаў чалавек. У сучасны момант ВІЧ-інфекцыя – гэта хранічнае захворванне, якое патрабуе да сябе асаблівай увагі. У той жа час у некаторых краінах людзі, якія жывуць з ВІЧ, не маюць доступу да лячэння і штодзённа сутыкаюцца з праблемамі ВІЧ – дыскрымінацыяй і парушэннем правоў чалавека. Людзі баяцца праходзіць тэсціраванне, не звяртаюцца да ўрача, каб не раскрыць свой статус.

У гэтым годзе дзень памяці праходзіць пад дэвізам «Прыцягнуць. Навучыць. Упаўнаважыць». Гэта заклік да грамадства звярнуць увагу на праблемы, звязаныя з ВІЧ/СНІДам, а таксама ўнесці ўклад у тое, каб паслугі па прафілактыцы і лячэнні ВІЧ, доглядзе і падтрымцы былі даступныя ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.

У Беларусі, у тым ліку і ў нашым раёне, да гэтага дня праводзяцца мерапрыемствы з удзелам розных ведамстваў: лекцыі, гутаркі, валанцёрскія акцыі, выступленні спецыялістаў, конкурсы, віктарыны, выставы і т. п.

У Беларусі зарэгістравана больш за 19 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, колькасць ВІЧ-пазітыўных пастаянна расце. У мінулым годзе выяўлена 2305 новых выпадкаў, што на 494 больш, чым у папярэднім годзе. У нашым раёне зарэгістравана 30 ВІЧ-інфіцыраваных.

Пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя праводзіцца нацыянальная кампанія «Датычыць усіх, каго нават не датычыць» па тэсціраванні на ВІЧ. Плануецца, што ў кампаніі ўдзел прымуць вядомыя артысты, спартсмены, грамадскія дзеячы.

Ірына ПЯТРОВІЧ,загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

ТРЫВОГУ ВЫКЛІКАЮЦЬ КЛЯШЧЫ

Пік актыўнасці кляшчоў прыходзіцца на май – чэрвень. Гэта пацвярджаецца і зваротамі людзей у медустановы з-за ўкусаў кляшчоў: у Мінскай вобласці ў бягучым годзе ўжо пацярпела ад гэтых насякомых каля 300 чалавек. Ёсць звароты і ў нашым раёне.

У мінулым годзе ў медустановы раёна па гэтай прычыне звярнуўся па медыцынскую дапамогу 151 чалавек. Зарэгістравана сем выпадкаў клешчавага барэліёзу.

Самая эфектыўная прафілактыка клешчавых інфекцый – недапушчэнне кантакту з кляшчамі, а ў выпадку укусу – хуткае і правільнае яго выдаленне. Пры нападанні гэтыя насякомыя чапляюцца да адзення, а потым лезуць уверх, шукаючы месца для прысмоктвання. Калі адзенне светлае, то іх можна заўважыць і зняць. Адзенне павінна быць шчыльна запраўлена, галава пакрыта галаўным уборам. Праз кожныя дзве-тры гадзіны выкарыстоўвайце рэпеленты.  Перыядычна аглядвайце адзенне і акдрытыя ўчасткі цела. Казінае малако кіпяціце перад ужываннем.

Выдаліць кляшча самастойна можна некалькімі спосабамі: дастаць пінцэтам, спецыяльным выкручвальнікам для кляшчоў, звычайнаю ніткаю. Можна выдаліць яго як стрэмку стэрыльнай іголкай ці выкруціць супраць гадзіннікавай стрэлкі пальцамі. Кляшча пастарайцеся дастаць цэлым і жывым. Калі вы збіраецеся здаць яго на даследаванне, памясіце яго ў шкляную ёмістасць з кавалачкам ваты, змочанай вадой. Пасля выдалення месца прысмоктвання апрацуйце ёдам ці любым растворам, які ўтрымлівае спірт. Абавязкова звярніцеся да ўрача для назначэння прафілактычнага лячэння. Лепш гэта зрабіць у першыя суткі. Звяртацца ў аддзяленне хуткай дапамогі не патрэбна, так як укус не ўяўляе імгненнай пагрозы здароўю. Калі на працягу месяца ў вас паднялася тэмпература ці на месцы ўкусу з’явілася чырвоная пляма, то звярніцеся да ўрача-інфекцыяніста.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *