Дапаможам Ванечку!

Iм патрэбна ваша дапамога Нумары

image_pdfimage_print

ВанечкаГэты прыгожы хлопчык, такое мілае дзіця, якое вы бачыце на здымку, — інвалід. На трэці дзень у радзільным доме яго маці Марына Валянцінаўна атрымала заключэнне ўрачоў — дзіцячы цэрэбральны параліч. Ці трэба гаварыць, які груз цяжару лёг на сэрца маладой 23-гадовай жанчыны.

Хлопчыка назвалі Іванам. Яму цяпер без некалькіх месяцаў тры годзікі. Жыццё Марыны, увесь яе час прысвечаны хвораму дзіцяці. Іван не ходзіць, не размаўляе, ёсць іншыя парушэнні функцый арганізма. Расце ён у поўным сэнсе слова на руках маці. Для Марыны і яе родных, хто яе падтрымлівае ў гэтай няпростай сітуацыі, дзіця застаецца родным, любімым, дарагім. Калі добра, Іван усміхаецца, калі балюча — плача. Марына і яе родныя робяць усё для таго, каб у жыцці Івана было больш мінут, калі яму добра. Мы былі крануты, з якой цеплынёю гаварыў пра свайго пляменніка Валерый Талстуха, брат Марыны. Гэты малады чалавек, які выклікае сімпатыі, узяўся дапамагаць сястры.

Менавіта ён у інтэрнэце знайшоў адрасы клінік у Расіі і на Украіне, дзе праводзіцца лячэнне і рэабілітацыя дзяцей з такім дыягназам як у іх маленькага Івана. Адзін курс лячэння ва ўкраінскай клініцы каштуе дзве тысячы еўра, у суму патрэбна ўключыць расходы на транспарт і пражыванне на Украіне. Для таго, каб лячэнне прынесла эфект, патрэбна прайці не менш трох курсаў у год. Марына не мае такіх сродкаў, каб пачаць лячэнне. Як і кожны  чалавек у такой сітуацыі, Марына жыве надзеяй і верай, што лячэнне дапаможа Івану, аблегчыць яго стан, а разам з тым і сітуацыю па доглядзе за ім, які патрабуе ад маладой жанчыны вялікіх фізічных і душэўных сіл.

Валерый Талстуха прыйшоў у рэдакцыю з просьбай размясціць дабрачынны рахунак, які адкрыты ў банку для збору сродкаў на лячэнне Івана Крамко. Рэдакцыя спадзяецца, што чытачы пранікнуцца болем Марыны Крамко і яе родных, не застануцца чэрствымі, абыякавымі, не адкладуць газету. Звяртаемся да старшынь прафкамаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна ўзяць на сябе клопат па зборы ў сваіх арганізацыях збор сродкаў для лячэння Івана Крамко. Кожны чалавек, нават з невялікім даходам, мае магчымасць ахвяраваць хоць якую суму для гэтай агульнай дабрачыннай справы. Як паказвае практыка дабрачынных акцый нават — з невялікіх ахвяраванняў збіраецца патрэбная сума. Трэба памятаць аб тым, што кожная справа міласэрнасці адбываецца не толькі чалавечымі сіламі, але і Промыслам Божым. Патрэбна толькі пачаць добрую справу. Валерый Талстуха ўжо пачаў яе. Цяпер патрэбна пачаць усім нам — адклікнуцца.

Нам ніяк нельга прайсці міма гэтай бяды. Размова ідзе пра хлопчыка, які жыве ў нашым горадзе. Трэба памятаць аб тым, што ніхто з нас не застрахаваны ад непрадбачаных абставін. Будзем думаць, што ў кожнага можа здарыцца ў жыцці сітуацыя, калі мы вось так жа, як сёння Марына, будзем чакаць дапамогі ад іншых, будзем жыць надзеяй і верай на чалавечую чуласць, увагу, велікадушнасць, міласць сэрца.

 

Дабрачынны рахунак:

— долары ЗША, транзітны рахунак № 3819382100000 на дабрачынны рахунак  № 000039  у аддзяленні ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк», ЦБУ 624 філіяла 500;

— беларускія рублі, транзітны рахунак № 3819382101009 на дабрачынны рахунак  № 000013 у аддзяленні ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк», ЦБУ 624 філіяла 500, Крамко Марыне Валянцінаўне на лячэнне сына Крамко Івана Сяргеевіча.

Паштовы адрас для грашовых пераводаў: 222666, Мінская вобласть, г. Стоўбцы, вул. Тургенева, дом 6, Крамко Марыне Валянцінаўне на лячэнне сына Крамко Івана Сяргеевіча.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *