Рыхтуй сані летам, ці Падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона 2016–2017 гадоў

Нумары У райвыканкаме

На чарговым пасяджэнні выканаўчага камітэта разгледжаны вынікі работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна ў ацяпляльны перыяд 2015–2016 гадоў і пастаўлены задачы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду 2016–2017 гадоў.

З інфармацыяй па гэтым пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. Ён паведаміў, што прадпрыемствы і арганізацыі раёна ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» прымалі меры па эканомным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў, забяспечвалі палівам цеплакрыніцы, у належным стане падтрымлівалі вулічна-дарожную сетку. Функцыянаванне асноўных аб’ектаў народнай гаспадаркі раёна характарызуецца ў цэлым здавальняюча.

Арганізацыям раёна выдадзена 84 пашпарты гатоўнасці цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона 2015–2016 гг., у т. л. па трох – з улікам гарантыйных абавязкаў. Не атрымала пашпарт гатоўнасці ААТ «Агранёманскі». УП «Стаўбцоўскае АКС» атрымала на кацельні спецыяльны дазвол (ліцэнзію) з правам  дзейнасці ў галіне прамысловай бяспекі пад забеспячэнне гарантыйных абавязацельстваў.

У працэсе падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду 2015–2016 гадоў УП «Стаўбцоўскае АКС» праведзена выпрабаванне 92,4 км цеплавых сетак у аднатрубным вылічэнні і 48 адзінак абсталявання кацельняў. Зроблены прафілактычны рамонт абсталявання 48 кацельняў і трох бойлераў. Заменена 5,53 км цеплавых сетак, прыведзена да нарматыўных характарыстык 500 м ізаляцыі цеплавых сетак. Ва УП «Стаўбцоўскае АКС» таксама рэалізаваны мерапрыемствы па праграме энергазберажэння. Для захавання цяпла ў жылых дамах і надання дамам эстэтычнага выгляду за гэты перыяд праведзены бягучы і капітальны рамонт жылфонду на суму 5,609 млн руб.

У сезоне 2016–2017 гадоў, як зазначыў Аляксандр Мікалаевіч, запланавана зрабіць капітальны і бягучы рамонты жылфонду на суму 5,3 млрд руб. За сродкі бюджэту прадугледжана 3,6 млрд руб., за сродкі насельніцтва – 1,7 млрд руб. На 19.04.2016 на балансе УП «Стаўбцоўскае АКС» было 54 кацельні, на 38 цеплакрыніц неабходна атрымаць пашпарты гатоўнасці. Патрэбна правесці іспыты 92,72 км цеплавых сетак і 48 кацельняў.

У мінулым ацяпляльным сезоне кацельні УП «Стаўбцоўскае АКС» працавалі без збояў. Гарачая вада падавалася ў жылыя дамы па зацверджаным графіку.

Арганізацыям і ўстановам усіх формаў уласнасці, размешчаным на тэрыторыі раёна, да 1 кастрычніка 2016 года неабходна закончыць падрыхтоўчыя работы да ацяпляльнага сезона 2016–2017 гадоў і забяспечыць афармленне пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2016–2017 гадоў у адпаведнасці з графікам, распрацаваным Стаўбцоўскім МРЭА «Энерганагляд».

У рабоце пасяджэння райвыканкама бралі ўдзел: член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Святлана Сарока, намеснік начальніка Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд» Анатоль Герасімовіч, в. а. дырэктара РУП «Стаўбцоўскае АКС» Алег Кухарчык, дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў.

Падрыхтавала Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *