Забяспечвае чалавечы фактар

Добраўпарадкаванне Нумары Сельская гаспадарка

За чатыры месяцы бягучага года сельгаспрадпрыемствамі раёна адгружана на малочныя заводы 26254,4 тоны малака ў заліковай вазе. Гатункам «экстра» перапрацоўшчыкамі залічана 17,2 працэнта (па вобласці гэты паказчык складае 49 працэнтаў), вышэйшым – 59,1 працэнта. Найбольш першым гатункам здалі прадукцыі ААТ «Шашкі», «Дзераўное», «Рубяжэвічы» і «Рочавічы». Кожная з гэтых гаспадарак з-за нізкай якасці малака страціла ад 300 да 400 мільёнаў рублёў – амаль палову фонду сваёй месячнай заработнай платы. Такім чынам, увогуле па раёне на розніцы цаны першага і вышэйшага гатункаў недаатрымана мільярд семсот мільёнаў рублёў. І,  у той жа час, калі б па раёне палова рэалізаванага перапрацоўшчыкам малака залічвалася гатункам «экстра», то выручка склала б сем мільярдаў васемсот мільёнаў рублёў. Адсюль вынікае, што з пачатку года гаспадаркамі недаатрымана каля дзесяці мільярдаў рублёў. І гэта пры тым, што фінансавы стан пераважнай большасці гаспадарак  жадае быць лепшым. Павелічэнне якасці малака – адзін з рэзерваў папаўнення рахунку кожнага сельгаспрадпрыемства.

– Неабходна вырабляць і прадаваць якаснае малако, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень, – бо калі расійскія вытворцы выйдуць на запланаваныя аб’ёмы, рэалізоўваць сваю прадукцыю на рынку будзе больш складана. І калі кіраўнікі тых сельгаспрадпрыемстваў, дзе аб якасці малака не турбуюцца, гэтага не зразумеюць, не наладзяць на жывёлагадоўчых фермах належнага кантролю, то ўжо ў бліжэйшым будучым  іх чакае поўнае фіяска.

Асноўная праблема нізкай гатунковасці малака – перавышэнне ў ім нормы саматычных клетак. Прычына вядомая – мастыт. Гэта сведчанне таго, што ў некаторых гаспадарках перад запускам жывёлы не праводзіцца прафілактычны агляд. Часта карова пераводзіцца ў сухастойную з хранічным захворваннем вымені. І выходзіць, што пасля расцёлу ад навацельнай каровы не толькі вялікага малака не атрымаць, а і якасць яго будзе адпаведна нізкая.

Дзяніс Сяргеевіч мае рацыю, бо сам пастаянна наведваецца на фермы. І лічыць, што ўсё ў гэтай справе залежыць непасрэдна ад кіраўніка. У гаспадарцы, дзе дырэктар зацікаўлены атрымліваць якасную прадукцыю, і вынік адпаведны. Прыкладам таму служыць ААТ «Каганец». Работнікі і спецыялісты гэтага таварыства кожны на сваім месцы дакладна выконваюць пастаўленую задачу. Гатункам «экстра» пастаўляецца з фермаў на заводы звыш 80 працэнтаў малака. І заработная плата ў людзей дастойная, бо звязана непасрэдна  з якасцю. У жывёлагадоўчых памяшканнях заўсёды пачышчана, падсыпана апілкамі. Каровы стаяць чыстыя. Аператары машыннага даення выконваюць усе неабходныя аперацыі для таго, каб атрымаць высокагатунковае малако. Прыкладаюць старанні адказныя за якасць малака заатэхнічная і ветэрынарная службы, якія ўзначальваюць Валерый Матуліс і Вера Конюх. На нарадах рознага ўзроўню, якія праходзяць у раёне, дырэктара Пятра Малахава кіраўніцтва ставіць у прыклад за яго ўменне арганізаваць работу.

– А вось у ААТ «Шашкі» якасць малака пушчана на самацёк. Сітуацыя тут самая трывожная. Антысанітарыя ў жывёлагадоўчых памяшканнях і на тэрыторыях фермаў. Лабараторыі не аснашчаны прыборамі для вызначэння ў малацэ саматычных клетак і антыбіётыкаў.  Не на ўзроўні працуе ў гэтым накірунку ветэрынарная служба гаспадаркі. Аслаблены кантроль не толькі на месцах, а  і з боку спецыялістаў райветстанцыі, – адзначае Дзяніс Сяргеевіч. – Калі ў ААТ «Рубяжэвічы» санітарны парадак на фермах  наведзены, то «заваліла»  якасць малака менавіта ветслужба таварыства, якая не працуе належным чынам з хворымі каровамі. Падобная сітуацыя і ў ААТ «Дзераўное», дзе таварыству спрабуе аказаць пасільную дапамогу раённае звяно. Аднак праблема і ў рубяжоўцаў, і ў дзераўнянцаў  вырашыцца станоўча толькі тады, калі работа будзе весціся пастаянна і мэтанакіравана. Кіраўнікі абодвух таварыстваў прыкладаюць намаганні, таму ёсць спадзяванне, што сітуацыя неўзабаве выправіцца. Назначаны новы кіраўнік у ААТ «Рочавічы».  Ёсць надзея, што справы ў таварыстве таксама палепшацца.

Трэба адзначыць праведзеную немалую работу па якасці малака ў ААТ «Вішнявецкі-агра». Дырэктар паставіў перад жывёлаводамі задачу здаваць як мага больш прадукцыі найвышэйшым гатункам, забяспечыў іх неабходным дзеля гэтага інвентаром, прэпаратамі, і справы пачалі папраўляцца. За красавік амаль палова рэалізаванага малака залічана гатункам «экстра». Галоўнае – гэта жаданне, тады і вынік будзе адпаведны. 

Для таго каб прадукцыя адпавядала стандарту, кожная гаспадарка павінна наладзіць цеснае супрацоўніцтва са спецыялістамі малочных заводаў. І пастаянна падтрымліваць гэтую сувязь: як мінімум два разы на тыдзень выязджаць да перапрацоўшчыкаў, каб разам праводзіць аналізы малака.

– Якасць малака вызначае ў першую чаргу чалавечы фактар. Калі людзі працуюць сумленна, з адказнасцю ставяцца да сваіх абавязкаў, тады і прадукцыя імі выпускаецца канкурэнтаздольная, – зазначыў Дзяніс Колясень. – У будучым даенне кароў стане прэрагатывай робатаў, якія будуць рабіць сваю справу ў адпаведнасці з зададзенай праграмай. Але кіраваць імі будзе чалавек. Таму чалавечы фактар ніхто не адмяняў. Ён быў, ёсць і застанецца самым важным у любой справе.

На здымках: 1-2 – так выглядаюць тэрыторыя і малочны блок МТФ «Старына» ААТ «Шашкі»; 3 – даільныя апараты ў разабраным выглядзе ляжаць на падлозе ў малочнай МТФ «Ніўнае» ААТ «Дзераўное»; 4-5 –  у ААТ «Каганец»: на МТФ «Зарэчча» – парадак у малочным блоку, на МТФ «Ячонка» каровы ўтрымліваюцца ў належных умовах;  6-7 – на МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра» аснашчана ўсім неабходным лабараторыя  для вызначэння якасных паказчыкаў малака, аператары машыннага даення гэтай фермы маюць поўны набор сродкаў для прытрымлівання тэхналогіі даення.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *