«Віцінаў» парадны марш

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

У гэтыя вясновыя дні квецені прайшоў юбілейны канцэрт народнага духавога аркестра «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Гэта адзін з тых калектываў, якія з’яўляюцца гонарам Стаўбцоўшчыны. Пацвярджэнне таму –  мноства ганаровых узнагарод, удзел аркестра ў святочных мерапрыемствах у нашай краіне і за яе межамі. Калектыў – неаднаразовы ўладальнік прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльнай прэміі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Не адзін раз аркестр удастоены быў іграць за межамі Беларусі з прэзідэнцкімі аркестрамі розных краін. Напрыклад, духавы аркестр са Стоўбцаў быў адзіным прадстаўніком з Беларусі і краін былога Саюза, які іграў разам з прэзідэнцкімі аркестрамі Германіі, Канады, Францыі, ЗША, Расіі на Краснай плошчы ў Маскве на марш-парадзе ў гонар 50-годдзя Вялікай Перамогі. Кіраваў на той час аркестрам Уладзімір Курдун.

Гісторыя мастацкага калектыву пачалася з 1956 года. Хоць пачаткам дзейнасці аркестра з поўным правам можна лічыць 1895 год, ужо тады Стоўбцы мелі адмысловы духавы аркестр, што пацвярджае старадаўні фотаздымак. Калі ж весці гаворку пра «Віціны», то заснавальнікам калектыву стаў таленавіты малады выкладчык школы мастацтваў Іван Клімовіч. З 1965 года калектыў узяў пад свой патранат заслужаны работнік культуры Беларусі Іван Янкоўскі, з імем якога звязаны слаўныя традыцыі ў жыцці аркестра, якія доўжацца і памнажаюцца і цяпер. Дырыжорская палачка была ў руках Аляксандра Рыбалтоўскага, Уладзіміра Татарыцкага, Аляксандра Несцерука, Дзмітрыя Вяршэні. З 2006 года і да цяперашняга часу народным духавым аркестрам «Віціны» кіруе таленавіты майстар, неабыякавы да лёсу аркестра чалавек, выкладчык школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч, які рупіцца аб прыцягненні ў калектыў моладзі, развіцці калектыву. Сам ён іграе ў «Віцінах» больш за 30 гадоў. Сярод тых, хто складае касцяк гэтага знакамітага аркестра, Генадзь Варанко, Антон Клімовіч, Віктар Каспяровіч, Юрый Шыран, Уладзімір Сошка, Уладзімір Татарыцкі, Сяргей Стома, Мікалай Міланін. Усе яны іграюць у духавым аркестры не менш за 30 гадоў, а некаторыя з іх – больш за 40. Аляксандр Нічыпаровіч з задавальненнем адзначае, што ў калектыў улілася маладая хваля  яркіх выканаўцаў. З ліку іх і салісты аркестра Уладзімір Рэцкі, Рыгор Хараненка, Сяргей Лубчонак. Прыгожай адметнасцю стаўбцоўскага аркестра з’яўляецца калектыў мажарэтак «Феерыя». Аркестр «Віціны» першы ў вобласці ўвёў такое наватарства – упрыгожыў аркестр мажарэткамі. Цяпер «Феерыя» – неад’емная частка духавога аркестра, што надае яму арыгінальнасць і дапамагае калектыву выгядаць надзвычай прыгожа. Кожны год народны духавы аркестр «Віціны» пацвярджае сваё майстэрства, прафесіяналізм на міжнародных фестывалях і конкурсах. У мінулым годзе калектыў стаў уладальнікам галоўнага прыза – аўтамабіля – на фестывалі «Напеў зямлі маёй», які арганізуе і праводзіць Мінскі абласны выканаўчы камітэт.

Праграма юбілейнага канцэрта ўключыла прыемныя моманты віншаванняў. Члены аркестра атрымалі граматы і падзякі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама, старшыні раённага выканаўчага камітэта, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Павіншаваць аркестр з прыгожай датай прыехалі ганаровыя госці, сябры калектыву з розных куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы. У ліку іх народны артыст Беларусі, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Міхаіл Берсан, прафесар кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старшыня Беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў Аляксандр Карацееў, дацэнт кафедры духавой музыкі гэтага ж універсітэта, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко, мастацкі кіраўнік і дырыжор Пінскага гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі Міхаіл Агіевіч. Народны духавы аркестр «Віціны» шмат гастралюе, супрацоўнічае з кіраўнікамі аркестраў іншых краін. Павіншаваць калектыў з юбілеем прыбылі прафесар Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў Алег Лебядзінскі, мастацкі кіраўнік духавога аркестра імя Рамана Аляксеюка Істрынскага дома культуры Юрый Здрогаў, галоўны дырыжор Канцэртнага аркестра духавых інструментаў Белгарадскай дзяржаўнай філармоніі Юрый Мяркулаў, заслужаны работнік культуры Польшчы, магістр музыкі, дырэктар і дырыжор духавога аркестра Дома культуры горада Лобеза, кавалер Ганаровага знака асацыяцыі духавых аркестраў Польшчы Ледзіон Дарыуш, прафесар Шчэцінскага ўніверсітэта Богдан Матлаўскі, госці з Латвіі – прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі духавых аркестраў, прафесар Латвійскай музычнай акадэміі, мастацкі кіраўнік і дырыжор духавога аркестра Латвійскага ўніверсітэта Яніс Пурыньш, дырэктар Наўенскай музычнай і мастацкай школы Качанс Сподрыс, дырыжор Ліепайскага гарадскога духавога аркестра Валерый Шэсцілоўскі.

Такое шаноўнае прадстаўніцтва гаворыць аб прызнанні стаўбцоўскага духавога аркестра за мяжою. А ўдзельнікі «Віцін» пастараліся стварыць для ўсіх святочны настрой, сваімі сэрцамі і цёплым дыханнем сагрэць медзь духавых інструментаў, паказаць велічнасць, прыгажосць і сілу духавой музыкі. Цвёрдым крокам праз стагоддзі маршыруй, аркестр!

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *