Колькі каштуе бяспека

Нумары РАНС інфармуе

З пяці планава правераных сельгаспрадпрыемстваў раёна не знайшлося ніводнага, дзе не было б парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі.

Пры праверцы ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ўстаноўлена, што малочнатаварныя фермы не маюць нарматыўнай колькасці пярвічных сродкаў пажаратушэння, праходы ў памяшканнях загрувашчаны кармамі. Дымаход вадагрэйнага катла на МТФ «Пагарэлае» выкананы з дапамогай металічнай трубы. У работнікаў, якія праводзяць агнявыя работы, адсутнічаюць пасведчанні і дзеючы талон аб праходжанні пажарна-тэхнічнага мінімуму, нарад-допуск да гэтых работ. 

У ААТ «Жацерава» шэраг аб’ектаў (інтэрнат, аўтарамонтныя майстэрні, боксы гаражныя і для сельгастэхнікі) не абсталяваны аўтаматычнай сістэмай пажарнай сігналізацыі. Адсутнічае разлік рызыкі неабходнасці ўстройства маланкааховы будынкаў. У Савонях воданапорныя вежы на тэрыторыі зернескладоў і адкормачніка не прыстасаваны для забору вады пажаранай тэхнікай у выпадку тушэння пажару. 

Кіраўніцтвам ААТ «Каганец» не забяспечваецца на належным узроўні супрацьпажарны рэжым падведамасных аб’ектаў. Так, у ходзе аналізу папярэдніх прадпісанняў устаноўлена наяўнасць большасці недахопаў, хоць фактычна іх ухіленне не патрабуе грашовых затрат. Напрыклад, на палівазаправачным пункце дапускаецца курэнне. У слясарным і такарным памяшканнях рамонтных майстэрань эксплуатуюцца металічныя печы незаводскага вырабу, што стварае пагрозу ўзнікнення пажару. Аналагічныя парушэнні зафіксаваны таксама на аб’ектах ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» дапускаецца курэнне як на тэрыторыі, так і ў памяшканнях. Нідзе не відаць ёмістасцяў з вадою, рыдлёвак і т. п., што сведчыць пра няпоўную ўкамплектаванасць інвентаром пажарных шчытоў. Персанал малочнатаварных фермаў у Слабадзе, Ячным слаба валодае навыкамі карыстання пярвічнымі сродкамі пажаратушэння і інфармацыяй аб нумарах выкліку службаў экстраннага рэагавання.

Кіраўнікі і службовыя асобы названых арганізацый прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях           



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *