Электрабяспека для школьнікаў

Нумары Увага - дзецям

Электрычнасць трывала ўвайшла ў наш быт. У дамашнім ужытку ўсё большае прымяненне знаходзяць прыборы, апараты, механізмы, якія значна аблягчаюць працу, ствараюць зручнасці для насельніцтва. Няма такога дома, дзе б ні было бытавых электрапрыбораў: халадзільніка, тэлевізара, камп’ютара, пыласоса, праса і іншых. У кожнай школе ёсць майстэрні,  лабараторыі, вучэбныя кабінеты, у якіх устаноўлена электрычнае абсталяванне, тэхнічныя сродкі навучання. Пры нармальнай рабоце і правільнай эксплуатацыі гэтыя прыборы бяспечныя. Але электрычная энергія тоіць у сабе смяротную небяспеку для жыцця, калі парушаюцца правілы яе выкарыстання. Яна павялічваецца тым, што пры карыстанні электрычным абсталяваннем на пагрозу небяспекі органы пачуццяў не рэагуюць. Калі від  транспарту, які набліжаецца, пах газу, часткі машын, якія круцяцца, звычайна прымушаюць нас прыняць неабходныя меры перасцярогі, то для выяўлення на адлегласці электрычнага току ў чалавека няма спецыяльнага органа пачуццяў – электрычны ток паражае раптоўна. Тут пагроза дае аб сабе знаць толькі пасля таго, калі чалавек аказаўся пад уздзеяннем электрычнага току. Невыкананне правілаў бяспекі пры карыстанні электрычнымі прыборамі, а таксама побач з энергетычнымі аб’ектамі прыводзіць да няшчасных выпадкаў. На жаль, працягваюць адбывацца няшчасныя выпадкі  з дзецьмі, звязаныя з паражэннем электрычным токам.

Так, 12 красавіка 2016 года выхаванец школы-інтэрната горада Петрыкава Гомельскай вобласці, 2002 года нараджэння (14 гадоў), з групай падлеткаў знаходзіўся на беразе затокі, падняўся на металічную мачтавую апору для правядзення фотаздымкі, наблізіўся на недапушчальную адлегласць да правадоў ВЛ і быў смяротна паражоны электрычным токам.

29 красавіка 2016 года падлетак  з н. п. Плотніца Столінскага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіўся разам з сябрам у альтанцы побач з помпавай станцыяй, нягледзячы на  пярэчанні сябра, па стацыянарнай лесвіцы, размешчанай каля МПТ на вышыні больш за два метры ад зямлі, падняўся на пляцоўку абслугоўвання (вышыня 4,5 м ад зямлі), наблізіўся на недапушчальную адлегласць да токавядучых частак 10 кВ і быў паражоны электрычным токам. У выніку атрымаў апёкі трэцяй і чацвёртай ступеняў абедзвюх рук і ступні левай нагі.

Каб засцерагчы сябе і іншых ад няшчасных выпадкаў, трэба добра запомніць, што КАТЭГАРЫЧНА ЗАБАРАНЯЕЦЦА:

–       гуляць паблізу паветраных ліній электраперадачы і падстанцый;

–       рабіць накіды на правады паветраных ліній, запускаць паблізу іх паветранага змея;

–       залазіць на апоры паветраных ліній і мачтавых падстанцый;

–       пранікаць за агароджы і ўнутр падстанцый;

–       адкрываць дзверцы электрычных шчытоў;

–       залазіць на дахі дамоў, дрэвы, калі паблізу праходзяць лініі электраперадачы;

–       падыходзіць да абарваных правадоў, датыкацца да іх.

Для папярэджання людзей на вонкавых частках электраўстановак прымацоўваюцца (ці наносяцца фарбай) засцерагальныя плакаты: «Высокае напружанне – небяспека для жыцця», «Пад напружаннем – небяспечна для жыцця». Усе гэтыя плакаты папярэджваюць аб рэальнай пагрозе для жыцця. Запомніце, што не на ўсіх апорах і электраўстаноўках ёсць плакаты, аднак іх адсутнасць не азначае, што электраўстаноўкі без напружання.

НЕАБХОДНА ВЕДАЦЬ, што смяротна небяспечна не толькі датыкацца, але і падыходіць бліжэй чым на 8 метраў да абарванага провада электраперадачы, які ляжыць на зямлі. Нельга штосьці вешаць на электраправодку, зафарбоўваць і забельваць, заклейваць паперай, шпалерамі, замацоўваць правады цвікамі – гэта можа прывесці да парушэння ізаляцыі.

ЗАБАРАНЯЕЦЦА карыстацца прыборамі з пашкоджанай ізаляцыяй, выключальнікамі, штэпсельнымі разеткамі, вілкамі з пашкоджанымі карпусамі. Недапушчальна пакідаць без нагляду ўключаныя электранагравальныя прыборы, устанаўліваць іх паблізу лёгказагаральных прадметаў. Асобую небяспеку прадстаўляе датыканне да асвятляльнай арматуры мокрымі рукамі.

Будзьце ўважлівымі пры карыстанні электрычнай энергіяй і строга выконвайце правілы электрабяспекі, дзе б вы ні знаходзіліся. Не падвяргайце небяспецы сваё жыццё і патрабуйце выканання мер перасцярогі ад усіх акружаючых.

ПАМЯТАЙЦЕ! Толькі пры правільным карыстанні электрычны ток бяспечны.

Паважаныя бацькі, у сувязі з наступленнем цёплых дзён і набліжэннем летніх канікулаў Стаўбцоўскае МРА «Энерганагляд» і Стаўбцоўскі РЭС просяць павысіць кантроль за дзецьмі.

Таццяна Герасімовіч,інспектар Стаўбцоўскага МРА  «Энерганагляд»; Віктар Пракаповіч,галоўны інжынер Стаўбцоўскага  РЭС 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *