Памяць сэрцаў

Нумары У сэрцах пакаленняў

Напярэдадні Дня Перамогі святочнае мерапрыемства адбылося ў тэрытарыяльным цэнтры, дзе сабраліся члены клуба «Гады – не бяда» і літаратурна-музычнай гасцёўні «Ліра».

Адметнасць у тым, што да ўдзелу былі запрошаны шаноўныя госці з Мінска  – вакальны калектыў з ліку былых вязняў «Памяць сэрца». Да іх жывога і хвалюючага голасу далучыўся голас хору «Родны кут» з ліку наведвальнікаў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Усе яны – дзеці вайны, якіх вайна пазбавіла дзяцінства, шчаслівых мараў і надзей. Сёння яны пераасэнсоўваюць той горкі час вельмі далікатна, з творчым настроем, які не дае права думаць пра дрэннае.

Вакальны калектыў і хор, падхопліваючы адзін ад аднаго песенную эстафету, выканалі, здаецца, увесь ваенны рэпертуар. І не толькі. Ва ўнісон гучалі песні пра каханне, дружбу, чалавечнасць… На працягу дзвюх гадзін зала не шкадавала апладысментаў і падхоплівала літаральна кожную песню. Цудоўная атмасфера вітала тут нават тады, калі музыка скончылася… 

Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, вядучы сустрэчы Сяргей Есіс уручыў кіраўніку вакальнага калектыву «Памяць сэрца» Ірыне Паўлавай віншавальны адрас, а кожнаму з артыстаў, былых вязняў, – віншавальныя паштоўкі, з любоўю вырабленыя рукамі валанцёраў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці Людмілы Няверавай і Таццяны Шаўчук. Дарэчы быў торт, спечаны даўнім спонсарам тэрытарыяльнага цэнтра – прадпрыемствам «Гном-сэрвіс». Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната арганізаваў дэгустацыю сваёй прадукцыі, што дало магчымасць сабрацца разам за святочным сталом. 

– Нашаму супрацоўніцтву з калектывам «Памяць сэрца» – тры гады, – адзначае Сяргей Есіс. – Нягледзячы на адносна кароткі час, яно вельмі плённае і служыць усім нам дабром, напамінкам берагчы адзін аднаго і мір на зямлі. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *