Электраманцёр шукае рашэнне

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Электраманцёр Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Сяргей Нектавенка абслугоўвае заяўкі, што паступаюць у дыспетчарскую прадпрыемства ад жыхароў Стоўбцаў.

– Жыльцы без электрычнасці не будуць, таму прыходзіцца і ноччу, і ў выхадныя і святочныя дні выходзіць на працу, – гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. 

У кватэрах жыльцоў, між іншым, нярэдка здараюцца аварыйныя сітуацыі, якія патрабуюць ад электраманцёра не проста граматнага падыходу, а і нестандартнага рашэння.

Сяргей Нектавенка, хоць прыйшоў у АКС адносна нядаўна, мае багаты вопыт работы па спецыяльнасці ў іншых арганізацыях раёна. Пасля развалу Савецкага Саюза лёс яго, ураджэнца Сімферопаля, склаўся так, што прыйшлося пераехаць з сям’ёю ў Беларусь. У Стоўбцах яны ўжо 22 гады. І мясцовасць, і людзі – усё, як падкрэслівае Сяргей Уладзіміравіч, падабаецца. 15 гадоў таму, ужо ў Стоўбцах, у Нектавенкаў нарадзілася дачушка, трэцяе дзіця ў сям’і. Дачка ўжо вырасла, сёлета збіраецца паступаць. А ў Крым, да сваякоў, яны ездзяць летам на адпачынак… 

Сяргея Нектавенку ў камунальнай службе сустрэлі з прыязнасцю. Калегі, якія працуюць на прадпрыемстве не адзін год (сярод іх – Айвар Жукоўскі, Леанід Макарэвіч, Віктар Аляшкевіч, Анатоль Рамашка), з ахвотай падказваюць яму, дапамагаюць асвоіцца на новых аб’ектах. Добрыя водгукі пра яго выказаў галоўны энергетык АКС Леанід Хіневіч.

Акрамя абслугоўвання заявак з жылога фонду, у электраманцёраў АКС шмат іншай работы. У першую чаргу, яна звязана з воданапорнымі свідравінамі, кацельнямі і іншымі жыццёва важнымі аб’ектамі, ад бесперабойнай дзейнасці якіх залежыць нармальнае функцыянаванне цеплавой і іншых гаспадарак.

– Калектыў падабраўся дружны. На чале яго стаіць малады талковы майстар Дзмітрый Шабуня, – задаволены і сам Сяргей Нектавенка.             

Справа ладзіцца там, дзе ёсць узаемаразуменне.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *