Спорт – гэта жыццё

Нумары Спорт

ПРЫЗАВАЯ СПАРТАКІЯДА

Трэцяе прызавое месца заняў калектыў юных лёгкаатлетаў Стаўбцоўшчыны ў стартах спартакіяды Мінскай вобласці сярод выхаванцаў ДЮСШ і ДЮСШАР 1999-2000 гадоў нараджэння. Па дзве ўзнагароды ў розных відах спаборніцтваў маюць Ксенія Гацура, Арцём Пяткевіч, Яўген Валадзько. Ксенія хутчэй за ўсіх адолела дыстанцыю 400 метраў і была другой у забегу на 800 метраў. Першым на дыстанцыі 800 метраў і трэцім на 400 стаў Яўген, а Арцём паказаў лепшы вынік на паўтаракіламетровай трасе і трэці – на 3 000 метраў. Золата заваяваў Уладзіслаў  Супрун у кіданні кап’я, бронзу – Уладзіслаў Лапко ў скачках у даўжыню.

Дарэчы, Ксенія Гацура з’яўляецца навучэнкай гімназіі № 1 г. Стоўбцы, Арцём Пяткевіч – Коласаўскай СШ. А іншыя, названыя вышэй спартсмены, а таксама Павел Грыгаровіч, Станіслаў Баханкоў, Ілья Звярынскі, Павел Гармаза, Настасся Міланіна, якія таксама прынеслі заліковыя ачкі камандзе, прадстаўляюць СШ № 3 г. Стоўбцы.

Вось такі вясновы ўраджай юных лёгкаатлетаў, які збіраецца дзякуючы творчай працы трэнераў, асабліва Анатоля Турчановіча. Толькі б не гаслі, а разгараліся спартыўныя зорачкі.

 

ПАКУЛЬ – У ПРАСТОІ

Дэбютную гульню першынства Беларусі футбалісты «Нёмана-Агра» правялі акурат перад першамайскімі святамі. А наступная адбудзецца толькі ў бліжэйшую суботу, 21 мая. Стаўбчане на стадыёне «Юнацтва» будуць прымаць каманду «Забудова-Буд». Сапернік з пасёлка Чысць, што на Маладзечаншчыне, добра знаёмы нашым і футбалістам, і балельшчыкам. У чэмпіянаце Мінскай вобласці змагаліся, як гаворыцца, бескампрамісна. Летась нашы адолелі «забудоўшчыкаў» з разгромным лікам 8:0. У пазамінулым годзе было 4:0 на карысць сапернікаў. Пэўна ж, і сёлета не стане сумна. Спадзяёмся, што нашы футбалісты застаюцца ў тонусе, нягледзячы на хібы календара другой лігі. Хоць такія доўгія «канікулы» здарыліся па той прычыне, што вызначаны сапернік стаўбчан – калектыў Гомеля – нечакана зняўся з розыгрышу. Затым – дні для іншага турніру –  кубка Беларусі, у якім пакуль стаўбчане не былі заяўлены. А  далей усё пойдзе строга па раскладзе: гульні па суботах.

Адным словам, аматараў футбола чакае шмат цікавых падзей і навін. Цяпер жа зірнём на турнірную табліцу нацыянальнага першынства ў другой лізе. Нашы пакуль без ачковага здабытку, размясціліся на перадапошнім месцы. Лідзіруюць жа калектывы Пінска, Рагачова і Асіповічаў, у якіх пасля дзвюх праведзеных гульняў па шэсць ачкоў. Чэмпіянат толькі бярэ разгон.

Між тым аматараў футбола цікавіць ход падзей і ў вышэйшай лізе першынства Беларусі. Як стала звыклым ужо на працягу дзясятка гадоў, пазіцыю лідара заняла каманда БАТЭ з Барысава. Важную ролю іграе ў калектыве і шырока вядомы ў футбольным свеце Аляксандр Карніцкі.

Сенсацыйным становіцца выступленне сталічнай каманды «Крумкачы». Клуб, утвораны нядаўна, цяпер займае месца ў пяцёрцы мацнейшых. У асноўным саставе каманды выходзяць на поле стаўбчане Аляксей Рудзянок і Максім Талейка. Валерый Карніцкі заяўлены за брэсцкае «Дынама», Уладзіслаў Жук гуляе за мазырскую «Славію».

Майстравітым хлопцам – дасягнення вяршынь, а ў «Нёмане-Агра» няхай запальваюцца новыя зорачкі.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *