Вылучаны дэлегаты ад нашай Стаўбцоўшчыны

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

У аўторак у раённым Цэнтры культуры прайшоў раённы сход упаўнаважаных па вылучэнні дэлегатаў на высокі дзяржаўны форум – V Усебеларускі народны сход, які пройдзе ў Мінску напрыканцы чэрвеня.

У зале сабраліся 230 прадстаўнікоў працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый раёна, на абмеркаванне якіх былі вынесены прапановы па кандыдатурах удзельнікаў форуму. Былі створаны рабочыя органы раённага сходу, і ён пачаў сваю працу ў дзелавой, канструктыўнай абстаноўцы.  

Згодна з артыкулам 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 3 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», удзельнікамі Усебеларускага народнага сходу маюць права быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў, пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь на адпаведнай тэрыторыі. Такое ганаровае права на V Усебеларускім народным сходзе будзе прадастаўлена 2500 дэлегатам, у тым ліку 350 – ад Мінскай вобласці. Квота, вызначаная на наш раён Мінскім абласным арганізацыйным камітэтам у адпаведнасці з прынцыпам прапарцыянальнай прадстаўнічасці, складае 12 чалавек.  

– Раённым арганізацыйным камітэтам былі ўважліва вывучаны ўсе прапановы, што паступілі ад групы ўпаўнаважаных, якія прадстаўляюць калектывы працоўных і грамадскія аб’яднанні, праведзена работа па іх абагульненні, – зазначыў старшыня аргкамітэта і кіраўнік раёна Юрый Горлаў.

Пасля абмеркавання і галасавання ўпаўнаважаных усе прапанаваныя кандыдатуры ўдзельнікаў V Усебеларускага народнага сходу былі адобраны. Калі характарызаваць іх у цэлым, то гэта людзі, якія працуюць у розных сферах народнай гаспадаркі, карыстаюцца бясспрэчным аўтарытэтам у грамадстве і добра знаёмыя з праблемамі, якія хвалююць жыхароў раёна. Вылучэннем на форум ім аказаны высокі грамадскі давер, які неабходна апраўдаць.

На гэта звярнулі ўвагу ў сваіх выступленнях удзельнікі мінулага, IV Усебеларускага народнага сходу, Жанна Лысая, дырэктар сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы, старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», і Рамуальда Бурдукевіч, дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Школа і перапрацоўчае прадпрыемства, якія яны прадстаўляюць, – гэта ўзоры развіцця на аснове сучасных тэхналогій і падыходаў, лепшыя ў сваіх сферах, якія займелі адметны твар як на ўзроўні раёна, так і ў Мінскай вобласці і рэспубліцы. Іх дасягненні сталі магчымымі ў тым ліку дзякуючы падтрымцы дзяржавы, мясцовых органаў улады.

–  Наша краіна за пяць апошніх гадоў засведчыла сваю сілу і магутнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, – з гордасцю за сваю краіну гаварыла Рамуальда Бурдукевіч.  

На раённым сходзе выступілі і трое кандыдатаў на вылучэнне ўдзельнікамі V Усебеларускага народнага сходу. Гэта старшыня Мінскага абласнога савета ветэранаў Рыгор Рылькоў, старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Мечыслаў Лысы і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка (Мечыслаў Лысы і Мікалай Іванчанка ўжо не раз былі сярод удзельнікаў аналагічных форумаў). Кожны з іх з улікам свайго жыццёвага і прафесійнага вопыту думае па-дзяржаўнаму, глыбока разумее сутнасць тых працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, і сваю адказнасць за яе лёс (іх выступленні мы апублікуем у газеце ў новай рубрыцы – «Слова – дэлегату V Усебеларускага народнага сходу»).        

Завяршыўся раённы сход канцэртам, падрыхтаваным работнікамі раённага Цэнтра культуры.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ДЭЛЕГАТЫ V УСЕБЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА СХОДУ АД СТАЎБЦОЎСКАГА РАЁНА:

Юрый ГОРЛАЎ, старшыня раённага выканаўчага камітэта;

Алеся ДУБІЦКАЯ, аператар машыннага даення ТАА «СЖК «Налібакі»;

Інеса ДУДАРЭВІЧ, урач-тэрапеўт участковы паліклінікі УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ»;

Павел ЯРАХАВЕЦ, начальнік вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы;

Уладзімір ЖУКАЎ, дырэктар ААТ «Агранёманскі»;

Мікалай ІВАНЧАНКА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

Аркадзь КАЗЯКОЎСКІ, старшыня раённага Савета дэпутатаў, дэпутат Заямнаўскага сельскага і Стаўбцоўскага раённага Саветаў дэпутатаў;

Анастасія КАЛОДЗІНСКАЯ, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ», член КПБ, РГА «Белая Русь» і ГА «БРСМ»;

Вольга ЛУЦЫК, дырэктар ААТ «Вялікі Двор», дэпутат Старасвержанскага сельскага Савета дэпутатаў;

Мечыслаў ЛЫСЫ, старшыня ГА «Саюз палякаў на Беларусі»;

Уладзімір РАДЗЕВІЧ, старшыня сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула»;

Рыгор РЫЛЬКОЎ, старшыня Мінскага абласнога Савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *