Да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту

Нумары Соцыум Спорт

20 КМ НА ВЕЛАСІПЕДАХ

Раённы велапрабег быў  прысвечаны 71-й гадавіне Вялікай Перамогі, а таксама Дню сям’і.  Удзел у гэтым праекце ўзялі добраахвотнікі, якія прыбылі на ўласнай «двухколавай» тэхніцы. Аб’ява аб правядзенні акцыі была змешчана ў сацыяльных сетках, і на яе адгукнулася не толькі мясцовая моладзь, але і людзі старэйшага ўзросту. Асобныя ўдзельнікі «прыкацілі» сем’ямі, да прыкладу, муж і жонка Аляксандр і Алёна Супруны, Мікалай Кухарчык з дачкой Дар’яй, Мікалай Мазур з сынам Аляксеем.

Старт быў дадзены ў цэнтры Новага Свержаня. Пасля рэгістрацыі ўдзельнікі веласіпеднага «картэжа», упрыгожанага Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і сцягам нашага горада, сфатаграфаваліся на памяць каля старажытнага Петрапаўлаўскага касцёла і ўзялі накірунак на Мікалаеўшчыну, радзіму Якуба Коласа. Завяршыўся велапрабег у цэнтры Стоўбцаў, на плошчы Бессмяротнасці. 

Маршрут  20-кіламетровага велапрабегу запомніцца ўдзельнікам адметнымі прыпынкамі ля дывізіённнай гарматы на выездзе з Новага Свержаня і помніка Якубу Коласу ў Мікалаеўшчыне, экскурсіяй па музейнай сядзібе песняра ў Акінчыцах, ускладаннем кветак ля абеліска героям Вялікай Перамогі на плошчы Бессмяротнасці ў Стоўбцах. Знаёмства з усімі гэтымі памятнымі мясцінамі было напоўнена цікавым аповедам настаўніка гісторыі, краязнаўца Міхаіла Міхно і, адначасова, таксама аднаго з удзельнікаў велапрабегу.

Да арганізацыі велапрабегу спрычыніліся аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённы камітэт БРСМ. Нельга ўявіць яго без удзелу экіпажаў ДАІ  і «хуткай» дапамогі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

СПАРТЫЎНЫЯ ДАЛЯГЛЯДЫ СТАЎБЦОЎШЧЫНЫ

У штогадовым Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь  А. Р. Лукашэнка падкрэсліў: » У насельніцтва неабходна сфарміраваць навыкі культуры здароўя, пачынаючы з ладу жыцця». І ў нашым раёне ўдзяляецца значная ўвага ўсталяванню здаровага, актыўнага вольнага часу, будаўніцтву, умацаванню спартыўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўцы спецыялістаў фізкультурна-спартыўнага профілю. З канстатацыі гэтага напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту і пачынаем размову з намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалаем Мазурам.

Спорт  – справа дакладная. Таму Мікалай Мікалаевіч прыводзіць красамоўныя лічбы і факты. Для арганізацыі і правядзення фізкультурна-аздараўленчых і масавых мерапрыемствў у раёне функцыянуюць 79 спартыўных збудаванняў. Гэта 22 спартыўныя залы, 24 прыстасаваныя памяшканні для заняткаў фізічнай культурай, 19 плоскасных спартыўных пляцовак, два стралковыя ціры….

– Мікалай Мікалаевіч, вы не будзеце адмаўляць, што колькасную статыстыку даюць перш за ўсё залы і пляцоўкі школ. А наша спартыўная візітная картка – стадыёны і, безумоўна, ФАК.

– Фізкультурна-аздараўленчы комплекс – выдатны падарунак стаўбчанам. Плавальны басейн, трэнажоры, вялікая спартыўная зала – усё ёсць для ўмацавання здароўя, фізічнай вынослівасці. Вядома, належыць задзейнічаць наш мясцовы «палац спорту» для арганізацыі спаборніцтваў раённага, абласнога і, магчыма, рэспубліканскага ўзроўняў. Задача нумар адзін на стадыёне «Юнацтва» – абнаўленне трыбун для гледачоў. І стадыён «Меліяратар» у Дзераўной не павінен губляць сваёй славы як адзін з лепшых спартыўных комплексаў у сельскай мясцовасці.

– Спартыўнымі збудаваннямі можна любавацца, але галоўнае іх прызначэнне, вобразна кажучы, – і школа здароўя, і кузня рэкордаў.

– Так, неабходна задзейнічаць нашу спартыўную базу на ўсю магутнасць. І дабівацца, каб школьнікі, маладыя людзі бавілі час не толькі за камп’ютарамі, а больш былі ў руху, актыўна займаліся спортам. Цяпер у Стаўбцоўскай ДЮСШ займаюцца 372 чалавекі. З іх на аддзяленні лёгкай атлетыкі – 56, у лыжным спорце – 90, настольным тэнісе – 52, у футбольных секцыях – 174. Плюс яшчэ 180 чалавек у Дзераўнянскай прафсаюзнай ДЮСШ на аддзяленнях футбола, лёгкай атлетыкі, валейбола.

У мінулым годзе праведзена 36 раённых спаборніцтваў з удзелам каля 3,5 тысячы чалавек. Асабліва масавымі сталі лёгкаатлетычны крос на прызы ўдзельніка Алімпійскіх гульняў, майстра спорту міжнароднага класа Аляксандра Гоцкага, спаборніцтвы шматбор’я «Здароўе», спартакіяды дапрызыўнай моладзі. Стала добрай традыцыяй правядзенне раённай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу і турыстычнага злёту сярод моладзі  арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Летась каманды раёна таксама прынялі ўдзел у 42 абласных спаборніцтвах.

Багаты спартыўны каляндар і сёлета. Прыгадаем толькі перамогі камандаў Стаўбцоўшчыны ў абласных фінальных спаборніцтвах па зімовым шматбор’і «Абаронца Айчыны», у абласных, а затым і рэспубліканскіх спаборніцтвах па піянерболе. А таксама прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, лыжным спорце, біятлоне, валейболе, баскетболе, міні-футболе.

– Сапраўды, імёны пераможцаў, прызёраў называюцца ў нашай газеце. Юнакі і дзяўчаты разумеюць, што шлях да вяршынь няпросты. І дасягаецца ён і ўласнай настойлівасцю, і майстэрствам трэнераў.

  – Так, пра тых, хто шліфуе таленты, варта сказаць асобна. Тым больш, што прафесійнае свята менавіта работнікаў фізічнай культуры і спорту. На гэтай ніве творча і вынікова працуюць Э. І. Варывоцкі і В. А. Арлоўская, якія развіваюць зімовыя віды спорту.  А. М. Турчановіч, А. С. Чарняўскі,  Д. І. Варывоцкая рыхтуюць здольных лёгкаатлетаў, В. В. Кузняцоў – каманды баскетбалістаў, Г. Ч. Качановіч, В. Н. Гаптар – валейбалістаў, П. І. Цімкоў – тэнісістаў. Хочацца выказаць удзячнасць усім педагогам, якія займаюцца фізічным выхаваннем маладога пакалення. А  таксама шчыра падзякаваць спонсарам за дапамогу ў арганізацыі спаборніцтваў. І тым  кіраўнікам, старшыням прафкамаў, актывістам прадпрыемстваў, арганізацый, дзе спорт у пашане. Развіццё масавай фізічнай культуры, актыўны адпачынак, усталяванне здаровага ладу жыцця – задачы вельмі важныя. Няхай жа наша Стаўбцоўшчына стане сапраўды спартыўнай!

Гутарку вёўФ. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *