Справы маладзёжныя

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

ДЛЯ МАЛАДЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

У Мядзельскім раёне, на базе санаторыя «Журавушка», адбыўся VI абласны форум маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Ад нашага раёна на мерапрыемства былі дэлегаваны галоўны аграном ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Павел Кучынскі, юрысконсульт СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Карына Аруцюнян і брыгадзір вытворчага ўчастка ААТ «Агранёманскі» Аляксандр Якімаў. Спачатку прысутных азнаёмілі з праводзімай кадравай палітыкай у аграпрамысловым комплексе, а таксама расказалі пра актуальныя пытанні прававой і сацыяльна-эканамічнай абароны маладых спецыялістаў. На ўсе зададзеныя пытанні ўдзельнікі форуму атрымалі грунтоўныя адказы. Вечарам моладзь запрасілі на дыскатэку.

Праграма двухдзённага мерапрыемства ўпершыню прадугледжвала спартыўную  праграму. У спаборніцтвах па настольным тэнісе Аляксандр Якімаў заняў прызавое трэцяе месца. Напрыканцы работы форуму маладыя спецыялісты наведалі з экскурсіяй касцёл Святой Тройцы, які размяшчаецца ў в. Гервяты Астравецкага раёна.

 

ІДУЦЬ СЛУЖЫЦЬ

З гэтага панядзелка пачалася і расцягнецца да 27 мая адпраўка ў войска прызыўнікоў. Ля  райваенкамата іх праводзяць на тэрміновую ваенную службу бацькі і сябры.

У ліку першых ідуць служыць маладыя людзі, накіраваныя ў сілы спецыяльных аперацый. Настрой у іх – аптымістычны, бадзёры, ёсць і жаданне выконваць свой грамадзянскі доўг. Сярод хлопцаў нямала тых, хто пасля плануе застацца на кантрактную службу.

– Прызыўнікі папоўняць таксама спецназ, пагранічныя, інжынерна-зенітныя і інжынерныя войскі. Прызыўная камісія разгледзела хадайніцтвы, што паступілі з дзяржорганаў, прадпрыемстваў, і, паводле іх, асобным прызыўнікам, больш патрэбным на даны момант у народнай гаспадарцы, дадзена права на службу ў рэзерве, – адзначае начальнік групы прызыву раёна Аляксей Луцэвіч.      

Па традыцыі, на Стаўбцоўшчыне напярэдадні адправак у войска прайшоў раённы дзень прызыўніка на базе музея-сядзібы «Дзяржынава», дзе хлопцам урачыста ўручыў павесткі і даў наказ райваенкам Аляксей Дзядкоў.

Пр

 

ПАДЧАС АПОШНІХ ЗВАНКОЎ – ДНІ ЦВЯРОЗАСЦІ

30 мая, а таксама 11 і 12 чэрвеня ў Мінскай вобласці будзе абмежавана рэалізацыя алкагольных напіткаў ва ўсіх без выключэння аб’ектах рознічнага гандлю. Такое рашэнне па ініцыятыве міліцыі прынята з мэтай недапушчэння надзвычайных здарэнняў пры правядзенні мерапрыемстваў, у якіх прыме ўдзел больш за 20 тысяч школьнікаў. Пад узмоцнены кантроль будуць узяты ў першую чаргу зоны адпачынку, куды выпускнікі плануюць прыбыць са школ пасля ўрачыстых мерапрыемстваў, у тым ліку са сталічных устаноў адукацыі.

У 2015 годзе пры правядзенні аналагічных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі і педагогамі за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў затрымана больш як 20 непаўналетніх, асноўная колькасць з іх – за ўжыванне алкагольных напіткаў, а таксама знаходжанне ў начны час у грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых асоб.

Некалькі нядобрасумленных працаўнікоў прыцягнута да адказнасці за гандаль спіртным падчас прыняцця абмежавальных мер. У сувязі з гэтым варта напомніць, што за парушэнне правілаў гандлю прадаўцам пагражае адказнасць у выглядзе штрафу ў суме ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь.

УУС Мінскага аблвыканкама таксама прапануе грамадскасці неадкладна інфармаваць органы ўнутраных спраў аб фактах продажу алкаголю ва ўказаныя дні.

Андрэй АМБРАЖЭЙ, ч. в. а. начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінскага аблвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *