Згуртаванасць на карысць

Нумары Сельская гаспадарка

 ДАЯРКАМ – КАМФОРТНА, ЖЫВЁЛЕ – ПРЫВОЛЬНА

Малочнатаварны комплекс «Вішнявец» ААТ «Вішнявецкі-агра» з’яўляецца самай маладой новабудоўляй падобнага тыпу ў раёне. Функцыянуе вытворчае падраздзяленне тры гады. Увесь гэты час яго ўзначальвае  брыгадзір Марыя Талако. Марыя Антонаўна працуе ў таварыстве шэсць гадоў. Спачатку рупілася брыгадзірам цэха адкорму на свінатаварным комплексе, а затым была падменным брыгадзірам на малочнатаварных фермах – давала магчымасць пайсці ў водпуск сваім калегам. 

– Зразумела, ні з адной фермай гаспадаркі комплекс не параўнаць, – расказвае Марыя Антонаўна. – Жывёлаводам тут створаны выдатныя ўмовы для работы.

У даільнай зале, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, даяркам і сапраўды камфортна. Бытавыя памяшканні аснашчаны ўсім неабходным, ёсць халадзільнік, мікрахвалевая печ, электрачайнік. Функцыянуюць душавая, цёплы туалет. Жывёле, якая стаіць беспрывязна, – прывольна. Дойны статак на комплексе налічвае 600 галоў.

– Людзі стараюцца, калектыў у нас дружны, згуртаваны, дысцыпліну ніхто не парушае, – дадае брыгадзір. – За мінулы год атрымалі ад каровы па 5431 кілаграму малака. Ёсць жаданне і рэзервы павялічыць вынік – дасягнуць шасцітысячнага рубяжу.

Разам з брыгадзірам на комплексе працуюць васямнаццаць чалавек. На работу і з работы людзей дастаўляе аўтобус. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі аператары машыннага даення Галіна Шашко, Святлана Дзявойна і Марыя Шыла (на верхнім здымку злева направа). Галіна Мікалаеўна вопытны жывёлавод, яе працоўны стаж налічвае звыш дваццаці гадоў.

– Кампетэнтная, валодае ўсімі пытаннямі ў сваёй справе, – гаворыць Марыя Антонаўна. – Кожную карову ведае, як гаворыцца, у твар. Шкадуе жывёлу. У чэрвені афармляе льготную пенсію, але абяцала яшчэ папрацаваць. Марыя Аркадзьеўна і Святлана Віктараўна таксама ўмелыя працаўніцы – работа ў іх руках ідзе спорна.

Селекцыйную работу на комплексе выконвае тэхнік па племянной справе Алена Ясенка (на сярэднім здымку справа разам з брыгадзірам). У распараджэнні Алены Уладзіміраўны камп’ютар. Яна вядзе дзве базы – адну племстанцыі, другую – комплекс, МТФ «Вішнявец» і «Мархачоўшчына». Біяграфія кожнай жывёліны празрыстая – зазірнуў у камп’ютар, знайшоў патрэбны радок – і  лічбы, як на далоні.

– Ведаем, калі нарадзілася цялё, асемянілася цялушка, пайшла ў запуск,  колькі мае ацёлаў, які надой і іншую неабходную інфармацыю, – гаворыць Алена Уладзіміраўна. –   Гэта аблягчае працу і дае магчымасць адбіраць кароў з лепшай радаслоўнай.

На комплексе ўтрымліваюцца толькі каровы і цяляты. Дойны статак не пасвіцца, а вольна ходзіць у жывёлагадоўчым памяшканні і корміцца мабільна. У кожнай групе налічваецца па 80 кароў. Для рагуляў прадугледжаны прагулкі. Тэрыторыя комплексу асфальтавана і агароджана, вакол памяшканняў падтрымліваецца парадак.

 

АБМЯНЯЛІСЯ ВОПЫТАМ

На базе ДУ «Стаўбцоўская райветстанцыя» прайшоў абласны семінар з удзелам галоўных ветурачоў раёнаў і іх намеснікаў па лабараторнай дыягностыцы з 22 раёнаў. Яго тэма: «Меры барацьбы па недапушчэнні распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў жывёлы на тэрыторыі Мінскай вобласці».Удзельнікі семінара падвялі вынікі работы за першы квартал бягучага года і красавік, абмяняліся вопытам работы. Падкрэслівалася, што эпізаатычная сітуацыя ў рэспубліцы, вобласці і бліжэйшым замежжы добранадзейная. У рабоце семінара прынялі ўдзел начальнік упраўлення ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Алег Карповіч і дырэктар Мінскай абласной ветлабараторыі Віктар Малашкевіч.

 

НА ВЫСОКІХ ПАЗІЦЫЯХ

Падведзены вынікі работы жывёлагадоўчай галіны краіны за першы квартал бягучага года. Сярод 118 раёнаў Стаўбцоўскі па вытворчасці малака займае ў рэйтынгавай табліцы 24-е месца з вынікам 1302 кілаграмы малака ад каровы. Па рэспубліцы гэтая лічба складае 1138 кілаграмаў. У вобласці нашы жывёлаводы ў сямёрцы лепшых. Лідарам па надоях малака з’яўляецца Нясвіжскі раён (Мінская вобласць), дзе надоена ад каровы па 1831 кілаграму, у аўтсайдарах – Чэрыкаўскі раён (Магілёўская вобласць) – 546 кілаграмаў. Па таварнасці малака, якая склала 90,4 працэнта, мы дзелім у вобласці пятае-шостае месцы і ў рэспубліцы 24–25 месцы з суседзямі – Дзяржынскім раёнам. Самая высокая таварнасць малака ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці – 92,5 працэнта.

Сярод комплексаў па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 24-й пазіцыі комплекс ААТ «Вялікі Двор», дзе прырост жывой масы на адну сярэднюю галаву склаў 74,22 кілаграма, а  комплекс ААТ «Дзераўное» на 69-м месцы з  паказчыкам 43,58 кілаграма. Першую прыступку займае ААТ «Старыца-Агра» (Капыльскі раён) – 97,27 кілаграмаў, апошнюю – СВК «К-з імя А. Неўскага» (Бабруйскі раён) – 5,87 кілаграма.

 

ПРАЯВІЛІ ІНІЦЫЯТЫВУ

На МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» завяршылася будаўніцтва «клюшачніка», у якім будуць утрымлівацца сухастойныя каровы і цялушкі ўзнаўлення. На аб’екце працавалі работнікі ПМК-233, якія паставілі «клюшкі» і выканалі бетонныя работы, астатняе зроблена сіламі мясцовай будаўнічай брыгады. Па ініцыятыве дырэктара памяшканне пабудавалі даўжэйшым за раней запраектаванае на 12 метраў, а значыць, дабавілася пастановачных месцаў. І яшчэ адна адметнасць: для таго каб спецыялістам было зручней выконваць свае абавязкі, зроблены станкі для асемянення цялушак, прафілактычнага агляду і лячэння жывёлы. За кароўнікам пад нахілам заліта бетанаваная пляцоўка для выдалення гною. У планах кіраўніцтва пабудаваць побач яшчэ адно жывёлагадоўчае памяшканне такога ж тыпу для ўтрымання  дойнага статка, з устаноўкай даільнай залы.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *